Пошук


Многае ў гэтым свеце было створана рукамі працавітых манахаў. У тым ліку і шэраг папулярных ва ўсім свеце алкагольных напоеў. Раскажам пра пяць з іх.

Лікёр «Шартроз»

Гатуюць яго французскія манахі картузіанцы недалёка ад горада Вуарон. Напой названы ў гонар кляштара Гранд-Шартроз, самага старажытнага кляштара гэтага манаскага ордэна, заснаванага святым Бруна.

Паводле легенды, у 1605 годзе французскі маршал Франсуа д’Эстрэ перадаў у картэзіянскі кляштар Гранд-Шартроз манускрыпт з апісаннем «эліксіра даўгалецця». Доўгі час рукапіс ляжаў незапатрабаваным, пакуль не трапіў на вочы аптэкару кляштара Жэрому Мабеку. У 1737 годзе манахі сталі гатаваць гэты эліксір у лячэбных мэтах і прадаваць яго жыхарам мясцовых паселішчаў.

Набыць яго можна і сёння пад назвай Elixir Vegetal de la Grande Chartreuse (Раслінны эліксір Гранд-Шартроз). З часам з’явіліся і іншыя віды Шартрозу: зялёны і жоўты лікёры.

Лікёры гатуюцца з выкарыстаннем сумесі раслін і зёлак, якую нарыхтоўваюць два манахі кляштара Гранд Шартроз.

Дакладны рэцэпт захоўваецца ў таямніцы, што дазваляе захаваць манаполію на выраб напояў за картэзіянскім ордэнам. Дарэчы, гэта адзін з нешматлікіх лікёраў, які працягвае даспяваць у бутэльцы і з часам становіцца толькі лепшым.

Трапісцкае піва

Трапісцкае піва з’яўляецца адным з лепшых у свеце. Вараць яго манахі цыстэрцыянцы, якіх таксама называюць трапістамі. Назва пайшла ад кляштара Ла Трапп у Францыі. Піваварня існавала там ужо з 1685 года.

Манахі-півавары выкарыстоўваюць асаблівыя дрожджы, якія выклікаюць ферментацыю пры высокай тэмпературы. Яшчэ адна адметная рыса прадукта — піва даспявае ў бутэльках.

Існуюць чатыры віды трапісцкага піва:

  • Patersbier («Патэрсбір») — «Піва Айцоў», варыцца для ўжывання манахамі ў манастырскіх мурах. Параўнальнальна нямоцнае і простае.
  • Enkel — «Ардынарнае» піва, традыцыйна гэтая назва ўжывалася да самага лёгкага піва дадзенай піваварні. Яно блізкае да Patersbier.
  • Dubbel — «Двайное» піва. Моцны карычневы эль з гаркатой, высокай шчыльнасцю і солада-арэхавым паслясмакам.
  • Tripel — «Трайное» піва. Самы моцны з трапісцкіх элеў.

Са 170 трапісцкіх кляштараў ва ўсім свеце толькі 10 вараць піва і толькі яны маюць права выкарыстоўваць спецыяльны лагатып з надпісам «Аўтэнтычны трапісцкі прадукт». Каб атрымаць яго, піва павінна быць прыгатавана ў мурах трапісцкага кляштара самімі манахамі або пад іх наглядам.

Прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі піва, выкарыстоўваецца толькі на ўтрыманне кляштара і на дабрачынныя мэты. Напрыклад, некаторы час таму піву La Trappe было забаронена называцца трапісцкім, бо пасля таго, як кампанія Bavaria набыла піваварню, яно перастала адпавядаць неабходным патрабаванням. Аднак праз некаторы час гэтае права ім вярнулі.

Цыстэрцыянскае віно з выспы Сэнт-Анара

У 410 годзе святы Ганорый Арэлацкі заснаваў тут абацтва, якое стала адным з важных духоўных цэнтраў поўдня Францыі на працягу некалькіх стагоддзяў. Кажуць, што менавіта тут у V стагоддзі вучыўся святы Патрык. Дарэчы, менавіта гэтаму Лерынскаму кляштару належала невялікая рыбацкая вёска Каны.

Выспа рэгулярна падвяргалася нападам марскіх разбойнікаў і сарацынаў (у антычных гісторыкаў — качавое племя заходняй і паўднёвай Еўропы; у эпоху сярэдневякоўя — арабы і наогул усе мусульмане), якія разбуралі кляштар. У часы Французскай рэвалюцыі выспа была нацыяналізавана, але ў 1869 годзе на Сэнт-Анара быў нанова заснаваны кляштар, і цыстэрцыянцы, якія пасяліліся тут, пачалі вырошчваць вінаград і вырабляць віно.

Яно мае старажытную і важную для вінаробства традыцыю. Справа ў тым, што пасля падзення Рымскай імперыі вінаробства ў Правансе звялося.

Адрадзілася яно толькі да V стагоддзя. Адным з нешматлікіх месцаў, дзе выраблялася віно, быў кляштар на выспе Сэнт-Анара. Тут на сёння жыве каля 30 манахаў, якія вырабляюць адно з самых лепшых він на свеце. Догляд за вінаграднікамі здзяйсняецца выключна ўручную. А назвы манаскіх він, якія падаюць да сталоў самых знакамітых і забяспечаных людзей, гучаць даволі пабожна: Saint Pierre, Saint Honorat, Saint Sauveur, Saint Salonius, Saint Lambert…

Лікёр «Бэнэдыкцін»

Вынайшаў яго ў 1510 годзе манах кляштара св. Бэнэдыкта ў Фекане (Францыя) айцец Бернарда Вінцэллі. На кожнай бутэльцы можна ўбачыць абрэвіятуру DOM, што азначае Deo Optimo Maximo (Пану. Найлепшаму. Найвялікшаму). Вырабляецца ён з амаль 30 відаў зёлак.

Напачатку бэнэдыктынцы выраблялі лікёр для сваіх патрэб, лячылі хворых і ўжывалі яго для ўмацавання здароўя і прадаўжэння жыцця. Аднак новы напой вельмі спадабаўся каралю Францыі Францішку І. Дзякуючы яму «Бэнэдыкцін» стаў надзвычай папулярным, а кляштар у Фекаме стаў пастаўшчыком каралеўскага двара.

Склад напою трымаецца ў строгім сакрэце і з’яўляецца вытворчай таямніцай. Нібыта толькі тры чалавекі адначасова могуць ведаць усе нюансы яго вытворчасці.

У часы Французскай рэвалюцыі кляштар закрылі. У 1876 годзе гандляр віном Легран, які даведаўся склад лікёру, стварыў кампанію «Бэнэдыкцін», якая і сёння выпускае лікёр. Да таго ж уладальнік атрымаў ад кіраўніка Ордэна святога Бэнэдыкта афіцыйны дазвол на эксклюзіўнае права вырабу лікёру.

Шампанскае «Дом Перыньён»

Названа яно ў гонар вынаходніка тэхналогіі вытворчасці шампанскіх він — святара бэнэдыктынца П’ера Перыньёна, які жыў у XVII стагоддзі. Ён зрабіў вельмі шмат для сучаснага вінаробства.

Віно, якое вынайшаў Перыньён, стала галоўнай славутасцю правінцыі Шампань, у якой і знаходзіўся яго кляштар Авілье. Як гэта водзіцца ў Францыі, віно сталі называць па імені правінцыі — шампанскім. Напачатку, вядома, бэнэдыктынец трымаў свой рэцэпт у таямніцы. Працэс вырабу шампанскага ўключаў у сябе мноства маленькіх хітрасцяў, кожная з якіх была надзвычай важная.

Айцец П’ер Перыньён разліваў шампанскае ў таўстасценныя бутэлькі з «англійскага шкла», што дазваляла ўтрымліваць вуглякіслы газ, які да гэтага ўзрываў бочкі. Святар першым здагадаўся зрабіць корку з кары коркавага дуба і абвязваць коркі вяроўкамі, прамочанымі для трываласці алеем.

Важна было і тое, што для стварэння шампанскага ён выкарыстоўваў сумесь вінаграду розных гатункаў, дзякуючы чаму букет віна атрымоўваўся больш багатым.

Шампанскае прэміум-класа Dom Pérignon вырабляе французская кампанія Moët et Chandon.

Пераклад Валянціны Грамыка
Паводле gaudete.ru

Абноўлена 11.07.2017 15:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа