Наконт адзення святароў у Кодэксе кананічнага права мы знаходзім наступныя прадпісанні: «Духоўным асобам варта насіць адпаведнае касцёльнае адзенне згодна з нормамі, выдадзенымі канферэнцыяй біскупаў, а таксама законатворчым мясцовым звычаям» (ККП 284).
Што датычыць кансэкраваных асобаў, то ім варта «насіць адзенне інстытута, вырабленае па нормах уласнага права, у знак свайго прысвячэння і сведчання беднасці» (ККП 669).
Ужо неўзабаве пасля Другога Ватыканскага Cабору Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Італіі ўсталявала правілы, згодна з якімі прэзбітэры павінны былі насіць сутану падчас свайго служэння, у парафіі або супольнасці, падчас гаміліі і навучання, і маглі выкарыстоўваць цёмны касцюм і кашулю з круглым каўняром у паездках і ў тых сітуацыях, якія не адносяцца да іх святарскага служэння.
Сутана: так ці не?
Пасля Сабору Святы Пасад неаднаразова выказваўся на гэтую тэму. У 1976 годзе Кангрэгацыя па справах Біскупаў разаслала ўсім біскупам ліст, у якім адзначалася, што касцёльнае адзенне ні ў якім разе не павінна скасоўвацца.
Многія тлумачаць непапулярнасць сутаны ў святароў тым, што такая форма адзення нязручная для пастырскіх заняткаў. Калі ў былыя часы звычайным «асяродкам прабывання» прэзбітэра былі святыня, сакрыстыя, семінарыя, бібліятэка, то пасля Другога Ватыканскага Сабору яны выйшлі далёка за межы сакрыстыі ў прастору, якую Папа Францішак называе «палявым шпіталем», якім і павінен быць Касцёл.
У той жа час ужо ў 1979 годзе святы Ян Павел ІІ у пасланні «Novo incipiente» адзначаў, што пастырская праца патрабуе набліжэння да людзей, але не трэба забывацца, што гаворка ідзе пра набліжэнне святара.
У 1983 годзе епіскапат Італіі чарговы раз выказаўся па гэтым пытанні, пастанавіўшы, што за межамі набажэнстваў у публічных месцах духавенства павінна насіць сутану або «клерджымен» (цёмны касцюм і кашулю з круглым каўняром). У адзенні гарманічна дапасоўваліся годнасць і простасць, і ў любым выпадку адзенне святароў адрозніваліся ад адзення свецкіх людзей. Тут варта заўважыць, што ўвогуле адрозненні ў стылі адзення святароў і свецкіх людзей пачалі фарміравацца толькі ў V стагоддзі.
Сутана — знак прыналежнасці да Бога
У цэлым ёсць такая тэндэнцыя, што святары ходзяць у адпаведным адзенні, якое выкарыстоўваецца па-за святой Імшой, радзей, чым манахіні. Аднак пры больш уважлівым поглядзе на гэта ў розных краінах аказваецца, што ўсё не так.
У некаторых краінах склалася так, што спецыяльнае адзенне ўжо не носяць ні святары, ні манахіні, а ў іншых месцах усё наадварот: і дыяцэзіяльнае духавенства, і кансэкраваныя асобы працягваюць вылучацца сваім адзеннем. Якое ўвогуле значэнне надаецца і павінна надавацца гэтаму аспекту?
Некалькі гадоў таму да благаслаўлёных Каталіцкага Касцёла быў далучаны малады Раланда Марыё Рыві. Ён коштам свайго жыцця абараняў сваю сутану, спазнаў катаванні і здзекі, быў расстраляны камуністамі-партызанамі ў 1945 годзе, паколькі адмовіўся зняць адзенне семінарыста. Гэтае сведчанне паказвае, што сутана — важны знак прыналежнасці да Бога.
Пазнавальнасць святароў праз паводзіны
Многія хрысціяне хацелі б, каб тыя, хто прысвяціў сябе службе Богу, былі пазнавальныя. Культурны асяродак нашага часу, адзначаны секулярызацыяй, аказвае ўплыў і на прадстаўнікоў Касцёла.
Пра гэта кажа, у прыватнасці, дакумент Кангрэгацыі па справах Духавенства, выдадзены ў 1994 годзе, пад назвай «Кіраўніцтва па стылі жыцця і служэнні прэзбітэраў».
У яго 66-м параграфе сцвярджаецца, што «ў секулярызаваным і пераважна матэрыялістычным грамадстве, дзе знакі, якія адносяць да свяшчэннага і звышнатуральнага, паступова знікаюць, асабліва адчуваецца неабходнасць таго, каб прэзбітэр — чалавек Божы — быў пазнавальны ў вачах парафіі, у тым ліку і праз адзенне як знак яго пасвячэння і яго грамадскага служэння.
Прэзбітэр павінен быць пазнавальны перш за ўсё праз свае паводзіны, але таксама і праз адзенне, — каб кожнаму верніку і кожнаму чалавеку ўвогуле была адразу зразумелая яго ідэнтычнасць і прыналежнасць да Бога і да Касцёла. Таму духоўная асоба заўсёды павінна насіць адпаведнае касцёльнае адзенне, згодна з нормамі епіскапату і законаў мясцовых звычаяў.
Гэта азначае, што яго адзенне, у выпадку, калі гэта не сутана, павінна быць не такая, як у свецкіх людзей, і павінна адпавядаць годнасці і святому характару яго служэння. Як крой, так і колер павінны быць усталяваны Канферэнцыяй Біскупаў і заўсёды ўзгадняцца з агульнымі кананічнымі нормамі».
Прыведзены тэкст сцвярджае важнасць святарскага адзення для духавенства. У той жа час у тлумачэнні Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў удакладняецца, што гэтыя правілы не ахопліваюць сталых дыяканаў.
Кангрэгацыя па справах Духавенства ўмяшалася ў пытанне пра стыль адзення святароў таму, што, па-першае, трэба было нагадаць пра грамадскае значэнне служэння прэзбітэраў, а таксама пра тое, што адзенне — гэта знак прыналежнасці да Бога і Касцёла, які павінен адрозніваць святара ад усіх астатніх.
Аднак у дакуменце ставіўся акцэнт на паводзіны святара, па якіх яго пазнаюць. Паводзіны і стыль жыцця святара павінны быць адбіткам яго місіі служэння народу. Адзенне як знак гэтага служэння выражае таксама і яго крохкасць: любы святар мае патрэбу ў падтрымцы, каб не ўпасці ў супярэчнасць і не стаць спакусай для людзей.
Простасць і сціпласць
У 1996 годзе Кангрэгацыя па справах Духавенства зноў звярнулася да прэзбітэраў з пасланнем, у якім сцвярджалася, што белы круглы каўнер і крыж не з’яўляюцца дастатковымі знакамі, якія адрозніваюць касцёльнае адзенне ад свецкага.
У культурным кантэксце новай евангелізацыі адзенне святара павінна адрознівацца простасцю і сціпласцю. Святы Францішак Асізскі хацеў, каб святы посуд для літургіі заўсёды быў каштоўны, а адзенне братоў — беднае і простае. Простасць і сціпласць святара адлюстроўвае прыгажосць Евангелля, поўнага прысвячэння сябе Хрысту і Добрай Навіне.
Сутана святара і габіт, несумненна, маюць псіхалагічнае значэнне, паступова нагадваючы тым, хто іх носіць, аб прычынах уласнага выбару і звязаных з ім абавязкаў, умацоўваючы пачуццё прыналежнасці да святарства ці манаства.
Таксама гэта і бачны знак самаідэнтыфікацыі, суаднясенне сябе з пэўнай катэгорыяй. Гэта адзенне надзелена і тэалагічным сэнсам, паколькі праз знешнія знакі святар, манах ці манахіня далучаны да асаблівай формы жыцця — прысвечанай Богу.
Гэта — знешні знак унутранага перамянення, пры якім чалавек здымае з сябе старога чалавека і апранаецца ў Хрыста, у новага чалавека. Грамадства, у якім адчуваецца дэфіцыт знакаў звышнатуральнага, як ніколі мае патрэбу ў тым, каб бачыць тых, хто прысвяціў сябе Богу.