Пошук

11.05.2020 17:38   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота: gosc.p

Набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, і біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу нагадвае пра тое, што казаў маладым хрысціянам гэты вялікі сябра моладзі.

Словы святога Яна Паўла ІІ

Не бойцеся ступіць на шлях вашага паклікання, не бойцеся шукаць праўду пра сябе і пра свет вакол вас.

Мне б так хацелася, каб ва ўсіх вас дома была атмасфера сапраўднай любові. Бог даў вам бацькоў, і за гэты дар вы павінны Пану Бога часта дзякаваць. Паважайце і любіце вашых бацькоў. Яны вас нарадзілі і выхоўваюць. Яны для вас — увасабленне Бога Стварыцеля і Айца. Яны таксама з’яўляюцца, павінны быць найбліжэйшымі сябрамі, у якіх вы можаце шукаць дапамогу ў вашых праблемах. У гэтую хвіліну я з болем і вялікім клопатам думаю пры тых вашых аднагодкаў, якія не маюць бацькоўскага дома і пазбаўлены любові і цяпла бацькоў. Скажыце ім, што Папа памятае пра іх у сваіх малітвах.

Ваш узрост — гэта жыццёвая пара, найбольш карысная для пасеву і падрыхтоўкі глебы для будучага ўраджаю.

З чым большым стараннем вы будзеце выконваць свае абавязкі, тым лепш і больш плённа зможаце выконваць вашае пасланніцтва ў будучыні. Старайцеся вучыцца з вялікім запалам. Вучыцеся пазнаваць усё больш новага. Веды адкрываюць гарызонты і спрыяюць духоўнаму развіццю чалавека. Сапраўды вялікі той чалавек, які хоча чамусьці навучыцца.

Маладосць шукае ўзоры і прыклады. Вам на дапамогу прыходзіць Езус Хрыстус, які ўсё сваё жыццё прысвяціў дабру іншых людзей. На яго скіроўвайце ваш позірк. Няхай Ён прысутнічае ў вашых думках, падчас гульняў і ў размовах. Вы павінны заўсёды жыць з Ім у асаблівым сяброўстве. Езус хоча дапамагаць вам. Ён хоча быць для вас апорай і ўмацоўваць у юнацкай барацьбе за набыццё цнотаў, такіх як вера, любоў, сумленнасць, высакароднасць, чысціня, шчодрасць.

Калі вам будзе цяжка, калі ў жыцці вам давядзецца перажыць няўдачы ці расчараванні, няхай вашыя думкі ўзносяцца да Хрыста, які любіць вас, які з’яўляецца верным спадарожнікам і дапамагае перажыць усе цяжкасці.

Ведайце, што вы не самотныя. Вас суправаджае Той, хто ніколі не падводзіць.

Хрыстус разумее самыя пакрыёмыя жаданні вашага сэрца. Ён чакае вашай любові і вашага сведчання.

З казання падчас святой Імшы перад касцёлам Добрага Пастыра. Ловіч (Польшча), 14 чэрвеня 1999 г.

Абноўлена 11.05.2020 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.