Пошук

10.05.2020 18:00   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Святы Ян Павел ІІ з моладдзю. Фота: nk.pl

Набліжаецца 100-годдзе з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, і біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу нагадвае пра тое, што казаў маладым хрысціянам гэты вялікі сябра моладзі.

Любая моладзь ХХІ стагоддзя!

Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос. Аллелюя!

Менавіта так падчас усяго Велікоднага перыяду нашыя продкі віталі адзін аднаго пры сустрэчы. Сёння, на жаль, мы назіраем, як змяняецца час і змяняюцца звычаі і ўпадабанні, таму меншасць павінна прыняць тое, чаго трымаецца большасць, калі не хоча быць выключанай з супольнасці.

Таму мы карыстаемся звычайным свецкім прывітаннем, каб не выдзяляцца і не звяртаць на сябе ўвагу, нават калі верым, што Езус сапраўды ўваскрос!

Гледзячы на тое, як прадстаўнікі розных пакаленняў не разумеюць адно аднаго, Мадам дэ Сталь казала: «У кожнай краіне маладое пакаленне — заўсёды іншаземцы». А расійскі гісторык Мікалай Карамзін заўважыў, што жыццё чалавека дзеліцца на два этапы: першы мы перажываем у будучыні, а другі — у мінулым. Каб гэтага пазбегнуць, не трэба ні забягаць наперад, ані занадта прывязвацца да мінулага: для таго, хто ўмее чакаць, усё прыходзіць своечасова.

Святы Ян Павел ІІ, сябра моладзі, казаў, што «моладзь з’яўляецца сведкам світання». Світання, якое становіцца пачаткам новага дня і заўсёды нясе новую надзею на лепшае.

Мае дарагія маладыя сябры, вы ведаеце, што гэты год у Касцёле ў нашай краіне асаблівым чынам прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ з нагоды стагоддзя з дня яго нараджэння. Гэты святы, які паходзіў з нашага славянскага роду, з якім мы маем супольныя карані, напэўна, шмат у чым думаў і адчуваў гэтаксама, як і мы.

Можа, хтосьці заўважыць, што гэта было ўжо даўно. Так, для маладых — гэта ўжо мінулае, бо ён нарадзіўся 18 мая 1920 года, а вярнуўся ў дом нябеснага Айца 2 красавіка 2005 года. Таму сучасныя падлеткі ведаюць яго толькі з фільмаў і іншай даступнай інфармацыі ў інтэрнэце ці ў кнігах.

Але факт, што маладыя людзі любілі Яна Паўла ІІ, а ён ніколі не быў абыякавым да праблем, якія хвалявалі моладзь. Папа таксама добра ведаў і любіў моладзь, называў маладых хрысціянаў «соллю зямлі».

Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю яго слухалі, бо ён казаў пра тое, што іх сапраўды хвалявала. Маладосці ўласціва рамантыка і радыкалізм, і малады духам Ян Павел ІІ лічыў, што менавіта хрысціянскі радыкалізм дапамагае маладому чалавеку стаць шчаслівым і вялікім.

Ян Павел ІІ заклікаў моладзь да вялікіх спраў і ўзнёслых мар. Таму давайце на працягу гэтага тыдня, які застаецца да яго юбілею, кожны дзень будзем разважаць над яго словамі, якія дапамогуць нам стаць сапраўды вялікімі людзьмі.

Словы святога Яна Паўла ІІ

  • Вы ўжо пазналі Хрыста, які ёсць дарога?

Так, Езус — гэта дарога для нас; адзіная дарога, якая вядзе да Айца. Кожны, хто хоча дасягнуць збаўлення, павінен ісці па гэтай дарозе.

Вы, маладыя людзі, часта стаіце на раздарожжы і не ведаеце, які шлях выбраць, куды пайсці.

Ёсць шмат няправільных шляхоў, шмат простых рашэнняў і шмат незразумелага. У такія моманты не забывайцеся, што толькі Хрыстус, толькі Яго Евангелле, Яго прыклад, Яго запаведзі — верны шлях, які вядзе да поўнага і доўгага шчасця.

  • Вы ўжо пазналі Хрыста, які ёсць праўда?

Праўда — гэта самае глыбокае патрабаванне чалавечага розуму. Перш за ўсё моладзь прагне праўды пра Бога, чалавека, жыццё і свет. У сваёй першай энцыкліцы Redemptor hominis («Адкупіцель чалавека») я пісаў:

«Чалавек, які хоча зразумець сябе да канца — не паводле нейкіх выпадковых, частковых, часам павярхоўных і нават уяўных крытэрыяў і мер уласнай істоты — павінен са сваёй трывогай, няўпэўненасцю, а таксама слабасцю і грэшнасцю наблізіцца да Хрыста са сваім жыццём і смерцю» (RH 10).

Хрыстус — гэта Слова праўды, сказанае самім Богам як адказ на ўсе пытанні чалавечага сэрца. Ён цалкам раскрывае нам таямніцу чалавека і свету.

  • Вы ўжо пазналі Хрыста, які ёсць жыццё?

Кожны з вас хоча паўнавартасна жыць. Вас напаўняюць вялікія надзеі, прыгожыя планы на будучыню. Не забывайцеся, аднак, пра тое, што сапраўдную паўнату жыцця можна знайсці толькі ў Хрысце, які памёр і ўваскрос для нас. Толькі Хрыстус можа задаволіць сэрца чалавека. Толькі Ён дае сілы і радасць жыцця, незалежна ад усялякіх знешніх абмежаванняў і перашкод.

Так, адкрыццё Хрыста — гэта самая прыгожая прыгода вашага жыцця. Але недастаткова, каб адкрыць Яго толькі адзін раз.

Кожнае адкрыццё Яго становіцца стымулам шукаць Яго яшчэ больш і лепш пазнаваць Яго праз малітву, сакрамэнты, разважанне над Яго словам, катэхезу і пазнанне вучэння Касцёла. Гэта наша самая важная задача. Як жа добра разумеў гэта святы Павел, калі пісаў: «Для мяне жыццё — гэта Хрыстус» (Флп 1, 21).

З паслання Святога Айца Яна Паўла II моладзі ва ўсім свеце з нагоды 17-а Сусветнага дня моладзі.

Абноўлена 10.05.2020 21:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця