Дзеці з заплечнікамі, бацькі з торбамі — розныя людзі сярод штодзённай мітусні заходзяць у касцёл для ўдзелу ў раратніх Імшах. Гэта прыгожае сведчанне таго, што заўсёды можна знайсці час для Бога.
Адвэнт — асаблівы час для Касцёла, час чакання і падрыхтоўкі да перажывання Божага Нараджэння. Хрыстус, які нарадзіўся, прыходзіць да нас як Сонца, усход якога ратуе чалавека ад цемры граху.
«Дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 78-79).
Таму мы раніцай прыходзім у касцёл, каб, трымаючы ў руцэ лампадку, рабіцца сведкамі святла Хрыста, якое носім у сэрцы. Аднак часам з душпастырскіх меркаванняў раратнія Імшы праводзяцца ў другой палове дня, перш за ўсё для тых, хто пачынае вучыцца ці працаваць яшчэ раней.
Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы.
Падчас раратняй Імшы раскрываецца старажытная традыцыя сімволікі святла ў хрысціянстве. Удзельнікі Раратаў запальваюць свечкі ці лампадкі, якія сімвалізуюць няспыннае чуванне Марыі. Значэнне гэтага святла моцна звязана з евангельскай прыпавесцю пра разумных і неразумных дзяўчат, якія чакалі жаніха (Мц 25, 1-13).
Больш падрабязна пра сімволіку і гісторыю раратніх Імшаў — гл. артыкул «Рараты — падзяка Панне Марыі за Яе "так"»
Раратнія Імшы адбываюцца ў буднія дні, таму на іх рэдка збіраецца шмат людзей, аднак варта паспрабаваць наведаць іх хоць аднойчы. Нават вельмі занятыя людзі знаходзілі час на іх — напрыклад, нашыя старажытныя валадары Вялікія князі Літоўскія. Гэтак штодзённа ўдзельнічалі ў Раратах Жыгімонт І Стары, ягоная жонка Бона Сфорца, Жыгімонт ІІ Аўгуст, жонка Стэфана Баторыя Ганна Ягелонка.
Калі князі, якія кіравалі адной з найвялікшых дзяржаў Еўропы, мелі час на Рараты, то што казаць пра нас?
Каб з карысцю для душы пражыць час Адвэнту і ўдзельнічаць у Раратах, трэба разумець дзве ісціны: прысутнасць Хрыста тут і цяпер, а таксама тое, што Ён вядзе нас да вечнага жыцця.
У нядоўгі перыяд Адвэнту варта трошкі спыніцца і задумацца, каб не забыцца ў завірусе клопатаў перад Калядамі, інакш вашыя святы могуць застацца без Святога Духа.
Раратняе чуванне дае цудоўныя духоўныя дары і выпрацоўвае добрыя рысы характару: гатоўнасць працаваць над сабой, гатоўнасць сустрэць Пана чыстым сэрцам. Таму варта пражыць Адвент з Раратамі, наведваць іх з дзецьмі ўсёй сям'ёй, прыступаць да сакрамэнту пакаяння і ўдзельнічаць у парафіяльных рэкалекцыях.
Аляксандр Гелагаеў паводле Deon.pl