Пошук

15.11.2015 16:06  

У разважанні пра крызісы у святарскім жыцці гаворка ідзе не пра тое, якія існуюць праблемы святароў, але пра тое, якое іх паходжанне.

1. Занядбанне адносін з Богам

Асноўная і канчатковая прычына любога святарскага крызісу — аслабленне сувязі з Богам. Прыклад мучанікаў з’яўляецца сведчаннем таго, што дзякуючы жывой сувязі з Хрыстом, нават у найцяжэйшых умовах, можна застацца верным Богу і Евангеллю: «Калі Бог за нас, хто супраць нас?» (Рым 8, 31)

Семінарыйная, а асабліва святарская, фармацыя павінна пакладаць большы націск на клопат аб сувязі з Богам і вернасці Евангеллю. Важна не столькі тое, колькі мы робім, як тое, наколькі мы верныя Пану. Гаворка не аб тым, каб навяртаць іншых, а найперш аб тым, каб застацца верным самому.


2. Негарманічны лад жыцця


Крызіс часта бывае выкліканы неўпарадкаваным ладам жыцця. Семінарыя не рыхтуе прынцыпова да ўмення рабіць выбары ў святарскім жыцці. Святар вучыцца толькі пасля пасвячэння, як размеркаваць заняткі на працягу дня, тыдня і года (малітву, працу, адпачынак).
 
Раней амаль усё было вызначана іншымі. Без змены семінарыйнай фармацыі гэтага нельга выправіць. Неўпарадкаванасць вынікае часта з празмернага аб’ёму працы. Як святары мы часта робім занадта шмат, вынікам чаго становіцца кепскі ўзровень. Гэта не падабаецца ні людзям, ні нам самім, што нараджае ў нас фрустрацыю. Аднак рабіць менш для нас немагчыма, бо такі расклад нашых абавязкаў. Без эластычнасці ў выбары задач, за якія бярэмся, няма шансу ні на якія змены.

З гэтым звязана таксама абмежаванне асабістага развіцця святара. Вымушаныя з сістэмных прычын больш за 20 гадоў быць вікарыямі, святары ў пэўным узросце перастаюць развівацца і найлепшыя гады часта перажываюць як дзеці, залежныя ад сваіх бацькоў.

Узрост, які большасць людзей праводзіць у прыманні вельмі важных рашэнняў (дом, сям’я, працоўнае ўдасканаленне), большасць польскіх святароў праводзіць у паслухмянасці настаяцелям. 40-гадовы мужчына можа стаць прэзідэнтам Польшчы, але не можа стаць пробашчам. Бо ён занадта малады. Без прымання на сябе асабістай і поўнай адказнасці за справы, якія робіць, чалавек не ў стане развівацца. А адсутнасць развіцця — прычына стагнацыі.


3. Сутыкненне з сістэмай


Крызіс можа вынікаць і з сутыкнення з сістэмай. Касцёл — гэта таксама арганізацыя, якая дзейнічае менш ці больш паспяхова. У сувязі з гэтым ёсць некалькі з’яваў для разважання.

Па-першае, усведамленне, што для многіх людзей у Касцёле важна не Евангелле, а ўладкаванне жыцця так, каб ім было добра. Гэта падразае крылы асабліва тым святарам, якія прысвячаюць жыццё Хрысту і не знаходзяць падтрымкі ў сэрцы самога Касцёла. Вельмі цяжка працаваць з іншымі, маючы свядомасць, што мы не ідзем у адным кірунку, што найбольшым праціўнікам Касцёла з’яўляюцца не няверуючыя, а мы адзін для аднаго.

Па-другое, пакуль на пасады будуць прызначацца і там заставацца людзі з увагі не на кампетэнтнасць, а на знаёмства, у гэтай сферы нічога не магчыма будзе змяніць. Калі парафіяй, арганізацыяй ці якойсьці справай будзе кіраваць не той, які б рабіў гэта найлепшым чынам, значыць, найбольш згодна з Евангеллем, то мы не пазбегнем крызісаў.

Без змены сістэмы прызначэння на пасады ў Касцёле мы будзем надалей марнаваць харызмы, якімі Бог адарыў кожнага з нас. Быць можа, трэба таксама перагледзець пытанне тэрміну паўнамоцтваў большасці пасадаў у Касцёле.

Па-трэцяе, сярод святароў няма братэрскай свядомасці. Мы не лічым адзін аднаго роўнымі перад Богам Айцом, братамі, а толькі менш або больш важнымі, у залежнасці ад функцый, якія выконваем, тытулаў і доступу да ўлады. Мы адчуваем сябе не як у сям’і, а ў неякім сэнсе як у карпарацыі, у якой пры пэўных намаганнях, паслухмянасці і цярплівасці можна забяспечыць сябе якоесьці жыццё.

Таму ўзнікаюць падзелы на тых, хто мае ўладу, і тых, хто не мае на іх уплыву, на тых, каго выслухоўваюць, і тых, каму папросту не вераць. Пакуль, напрыклад, у пробашча будзе магчымасць за парафіяльныя грошы арганізоўваць на плябаніі свае імяніны, а вікарыям ён не дазволіць гэтага нават за іх уласныя грошы, нічога не зменіцца.

Пакуль з прычыны пасады будзе лічыцца, што праўда заўсёды на баку пробашча, настаяцеля (бо яго нельга звольніць), нічога не зменіцца. Мы не слухаем адзін аднаго, а калі слухаем, то толькі тады, калі ў гэтым ёсць нейкі інтарэс для нас. Мы не ставімся да іншых з павагай, а калі так і адбываецца, то толькі тады, калі нам за гэта плацяць.

Адсутнасць братэрскай свядомасці вядзе таксама да няшчырасці. Часта мы не кажам праўду іншым, бо навучыліся, што гэта будзе выкарыстана супраць нас. Альбо думаем, што і так гэта ні ў чым не дапаможа, бо іншы бок не зацікаўлены ў дыялогу і не мае жадання дапамогі. Асабліва ў выпадках адхіленняў ад нормы мы, замест падтрымкі, чакаем абвінавачванняў, бо жывем у такой сістэме, у якой святар не павінен мець праблем, а не ў такой, дзе праблемы лічацца нармальнай з'явай і дзе ясна акрэслены крокі, як чалавек можа іх вырашыць.

У гэтым пункце застаецца толькі евангелізацыя, малітва і пост. Бо без асабістага навяртання да супольных ідэалаў мы ніколі не будзем братамі.


4. Прапановы



a) Змена семінарыйнай фармацыі на такую, у якой будзе больш свабоды і адказнасці.

b) Прызначэнне біскупа, які будзе адказны за кантакт са святарамі, штогадовыя размовы з імі і актуалізацыю даных, якія датычаць іх жыцця і праблем. Гэта будзе яго палкім жаданнем, а не адным з дзясяткаў абавязкаў. І ён будзе мець рэальны ўплыў на рашэнні, якія прымаюцца.

c) Прызнанне неабходнасці размовы з кожным святаром перад прыняццем рашэнняў, якія датычаць яго.

d) Утварэнне базы даных, якая будзе ўтрымліваць асноўную інфармацыю на тэму працы святара і яго інтарэсаў.

e) Адрыў святарства ад неабходнасці выкладання катэхізіса ў школе. Разуменне таго, што не кожны падыходзіць да любой працы.

f) Змена спосабу заняцця асобных месцаў рэалізацыі святарскага паклікання – увядзенне магчымасці выбару, так, каб святары бачылі, што можна развівацца, можна змяняцца, можна старацца, а не толькі пасіўна чакаць «волі Божай».

g) Найперш, аднак, належала б сабраць у святароў ананімныя выказванні пра іх праблемы, прычыны цяжкасцяў і прапановы зменаў (як яны ўжо спраўляюцца з існуючымі праблемамі і як можна было б яшчэ дапамагчы ў гэтых цяжкасцях). Гаворка ідзе пра тое, каб мы змагаліся з праблемамі рэальнымі, а не медыйнымі ці тымі, якія гэтыя рэальныя праблемы замяняюць.

Кс. Войцех Венгрыняк, Deon.pl

(AG)

Абноўлена 23.06.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.