«Campus Misericordiae» — гэта месца, у якім у наступным годзе моладзь з усяго свету сустрэнецца са Святым Айцом. У Бжэгах, на мяжы Кракава і Вялічкі, працягваецца інтэнсіўная падрыхтоўка да гэтай сустрэчы.
13 жніўня 2015 года Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш і бурмістр Вялічкі Артур Козел падпісалі дамову аб супрацоўніцтве адносна арганізацыі Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе.
Артур Козел з гэтай нагоды даў інтэрв’ю часопісу «Niedziela», пераклад якога мы і змяшчаем.
«Niedziela»:
— Ці былі Вы здзіўлены выбарам месца сустрэчы моладзі ўсяго свету з Папам Францішкам — мястэчкам Бжэгаў на мяжы Кракава і Вялічкі?
Артур Козел:
— Вялікага здзіўлення не было, таму што падрыхтоўка да рашэння, аб якім аб’явіў кардынал Станіслаў Дзівіш у Пальмовую нядзелю, доўжылася ўжо шмат месяцаў, а калі быць шчырым — і некалькі гадоў.
Кракаву даўно была патрэбна большая пляцоўка паблізу горада, якая магла б змясціць некалькі мільёнаў чалавек.
Артур Козел (на фота ўнізе - стаіць справа) падчас абмеркавання праекта пляцоўкі ў Бжэгах
Нашмат раней былі праведзены аналіз і падрыхтоўка. Увесь гэты час мы павінны былі адказваць на пытанні, якія датычылі функцыянальнасці гэтай тэрыторыі; праводзіліся розныя экспертызы, якія дазволілі казаць пра тое, што гэтае месца можна браць пад увагу.
Пасля да нас прыязджалі арганізацыйныя групы з Італіі і іншых краін, а таксама прадстаўнікі Ватыкана, што стала сігналам, што мы ўсё ж будзем рыхтаваць гэтую падзею.
У Пальмовую нядзелю мы былі ўжо падрыхтаваныя. Вядома, было ўлічана і меркаванне жыхароў Вялічкі і ваколіц — бо ў сваёй большасці гэта яны гаспадары гэтых зямель — ці згодныя яны, каб на гэтым месцы праходзіла сустрэча моладзі са Святым Айцом. Выбар Бжэгаў для нас вялікая радасць. Гэта найважнейшая падзея ў гісторыі Вялічкі.
— На якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка гэтага месца да сустрэчы моладзі з Пантыфікам?
— Падрыхтоўка ідзе строга з графікам, складзеным на паўтары гады. Мы, як адміністрацыйная адзінка, працуем на ўзроўні пачатковых мерапрыемстваў і адказваем за пляцоўку, а ўрадавыя і касцёльныя камітэты — рыхтуюць ужо самі ўрачыстасці.
Пасля першага паўгоддзя мы знаходзімся на этапе зямельных прац, падрыхтоўкі пляцоўкі, будаўніцтва базавай інфраструктуры, галоўных і дадатковых дарог. Дзеля гэтага прыватная фірма «7R Logistic», якая з’яўляецца адным з нашых партнёраў у гэтай справе, заканчвае першы этап будоўлі аб’екта, які стане базай для прасторы «zero», або папскага алтара і прабывання Святога Айца ў Бжэгах. Гэта вельмі вялікая справа.
— Месца, дзе пройдзе начное чуванне з Папам Францішкам, было названа «Campus Misericordiae». Сёння яно працуе як зона гаспадарчай актыўнасці, тут аўтаматычна будуць павялічаны новыя месцы працы. Ці могуць гэтыя два месцы паміж сабой узаемадзейнічаць?
— Мне падаецца, што першы раз у гісторыі мы будуем тут такую прастору, якая будзе выкарыстоўвацца і далей. De facto гэта не часовыя дзеянні. Прадпрыемствы, лагістычныя аб’екты, якія паўсталі ў зоне гаспадарчай актыўнасці, будуць аўтаматычна ствараць працоўныя месцы. Сумесна з гарадскім саветам у Вялічцы мы вырашылі, што ў гэтым месцы будзе створана грамадская прастора ў выглядзе месца для пажылых людзей і асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.
Гэта будзе знакам і напамінам пра тую падзею, якая сведчыць пра міласэрнасць вельмі канкрэтным чынам. Сёння выглядае так, што адным патрэбна дапамога ў справе рэабілітацыі, а іншым — дапамога ў працы.
А яшчэ ў Бжэгах знаходзяцца цудоўныя ставы, якія мы хочам уладкаваць такім чынам, каб паказаць прыгажосць нашага рэгіёна падчас урачыстасці. У будучыні яны служылі б месцам для аздараўлення.
Калі хтосьці прыязджае да нас рэдка, то кожны раз яму здаецца, што знаходзіцца ў іншай рэальнасці. Гэта бачна па рэакцыі. Падчас апошняга прабывання дэлегацыі з Ватыкана было вялікім здзіўленнем, што праца тут ужо так прасунулася.
— Колькі чалавек вы плануеце прыняць падчас сустрэчы з Папам у «Campus Misericordiae»?
— Мы рыхтуем месца на 2,5 мільёна чалавек, але спадзяёмся, што людзей можа быць і больш. Таму не ставім нейкіх абмежаванняў ці бар’ераў у колькасці. Памятаем, што жыхароў Кракава ў час СДМ будзе ў тры разы менш за пілігрымаў, якія прыбудуць на сустрэчу з Пантыфікам. Гэта будзе небывалая дагэтуль колькасць людзей! Бжэгі сёння — гэта дакладна мяжа Кракава і Вялічкі.
Гэта сумесная зямля і сумесны праект. Наша роля ў тым праекце ляжыць на тым, каб даць допуск да месца і «разгрузіць» цэнтр Кракава. Нам важна, каб кожны пілігрым мог убачыць усе цікавыя мясціны каралеўскага горада — і Рынак, і Вавель, але таксама і Вялічку. Усе адначасова не змогуць пабачыць стары горад, бо там проста не змесцяцца.
Бжэгі будуць даваць крыху адпачынак Кракаву, каб ён змог добра функцыянаваць, паказваючы прысутным сваю прыгажосць.
— Вялічка — «Campus Misericordiae» — мае нават свой профіль на Фэйсбуку.
— Так, той профіль быў вельмі патрэбны, таму што было вельмі шмат пытанняў пра гэтае месца. У СМІ з’яўляліся розныя назвы — зона гаспадарчай актыўнасці, «Campus Misericordiae», Вялічка, Бжэгі. Тыя месцы не надта адрозніваліся паміж сабой. Таму мы павінны былі ўрэгуляваць гэта, таксама і на картах у інтэрнэце. Профіль служыць перадусім для інфармавання, яго вядуць прафесійныя журналісты, якія супрацоўнічаюць з кіраўніцтвам горада, яны ведаюць, якая інфармацыя неабходна.
— СДМ — не першая нагода да супрацоўніцтва, якую ўлады Вялічкі вядуць з Касцёлам…
— Першая такая вялікая нагода да супрацоўніцтва была два гады таму, калі польскі епіскапат праводзіў тут, у Вялічцы, пасяджэнне. Гэта была важная падзея, якую вельмі добра памятаем. Не хаваем і таго, што жыхары Вялічкі вельмі прывязаныя да асобы св. Яна Паўла ІІ. Калі ён быў жывы, мы часта да яго ездзілі. Святы Айцец прымаў нас на аўдыенцыях, у розныя моманты жыцця. Заўсёды кажу, што, калі хтосьці сустрэўся з Янам Паўлам ІІ, то ўжо не абавязаны сустракацца з іншымі вядомымі асобамі, бо найважнейшага чалавека свету ўжо бачыў.
— Ці ўдзельнічаў спадар бурмістр калі-небудзь у Сусветным дні моладзі?
— Быў на СДМ у Чэнстахове, мы ішлі пешшу з кракаўскай пілігрымкай. Досвед Чэнстаховы даў нам вельмі шмат, а найперш у лагістычным планаванні сустрэчы са Святым Айцом у наступным годзе.
Паводле часопіса «Niedziela». Фота з сайта campusmisericordiae.pl
Пераклад з польскай І. Лапато