Пошук

21.05.2015 00:00  

Многія з нас думаюць, што адзінае месца, дзе можна знайсці Бога, — гэта касцёл. І многія трапляюць у такую хітрую пастку. Але калі мы не стараемся шукаць Бога ва ўсім і ўсюды, то можам упусціць вялікія магчымасці для дапамогі, выратавання, аздараўлення і духоўнага росту. Вось пяць месцаў, дзе вас чакае Бог.

rНа працы
Адносіны, якія ў вас ёсць, вынікі, якіх вы дасягнулі, якасць вашай працы і стараннасць, з якою вы яе выконваеце, — усё гэта можа быць асноваю для святасці. Акрамя таго, грошы, якія вы зарабляеце, каб утрымліваць сваю сям’ю, і павага, якою вы карыстаецеся, могуць альбо служыць Нябеснаму Валадарству, альбо быць перашкодаю для яго. Кожны дзень на працы мы атрымліваем магчымасці, каб даведацца больш пра сябе і дзякуючы сваім талентам прынесці карысць людзям і навакольнаму свету.

У складаных узаемаадносінах
Вельмі лёгка любіць іншых людзей, калі ўсё ідзе добра. Але калі ёсць крыўды, недавер або супярэчлівыя жаданні, то здаецца, што гэтыя адносіны не сыходзяць ад Бога. Тым не менш, праз іх мы можам назіраць дзеянне Бога ў нашым жыцці, якое вядзе нас да выпраўлення, узаемадаверу з іншымі і плённага супрацоўніцтва. Такія сітуацыі даюць магчымасць перамагчы недахопы свайго характару і практыкаваць цноты.

У нашых слабасцях
Мы ўсе любім быць героямі. Але кожны з нас можа пацярпець няўдачу. Тым не менш, калі мы перажываем адчай, знаходзімся ў цяжкім становішчы і нават калі мы зграшылі, мы можам звярнуцца да Бога з просьбаю прыняць нас, быць да нас міласэрным і даць нам сілы, каб мы маглі стаць лепшымі і больш не грашылі. Калі мы адкрываемся на Божую ласку і прабачэнне, мы перамяняемся.

 

У адзіноце
Нашыя сэрцы неспакойныя, пакуль не спачнуць у Табе, о Божа. Замест таго, каб запоўніць пустату бессэнсоўнымі забавамі або патураць нейкім жаданням, сядзьце спакойна і пашукайце Бога ў гэтай пустыні. Для гэтага неабходна цярплівасць, мужнасць і пакора, але вы пачуеце «ціхі голас» Бога нават у глыбіні вашай пустэчы — голас любові, які адкажа на вашу адзіноту і турботы, голас любові, якая цалкам задавольвае.

У задавальненнях
Многія людзі думаюць, што ўсё вясёлае (прынамсі, часткова) — нешта няправільнае. Тым не менш, Бог падарыў нам гэты свет, каб жыць у ім і атрымліваць задавальненне. Па словах святога Ірэнэя, «хвалою Бога ёсць чалавек, які жыве ў паўнаце». Такім чынам, задавальненне — гэта час сустрэчы з Богам: ці то задавальненне ад сузірання прыроды, ад гульні, ці то радасць ад любові, ад прыгажосці або ад выпадковага неадольнага пераканання, што Бог нас любіць.

Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://www.loyolapress.com

ave-maria.by

Абноўлена 23.06.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа