Пошук

24.04.2015 13:27  

Як мы пераважна спавядаемся? Найчасцей прыгадваем розныя парушэнні Дэкалога, касцёльных запаведзяў, наказаў святароў, звернутых да нашага сумлення... Калі мы ўсё гэта не выконваем, тады адчуваем, што нешта ў нас не ў парадку. Мы лічым, колькі разоў зрабілі штосьці кепскае, а потым называем усё гэта ў час сакрамэнту пакаяння. Безумоўна, і гэткая споведзь нам залічыцца, але не да канца яна добрая. Чаму? Таму, што мы ўспрымаем у ёй Пана Бога як суддзю, а споведзь – як судовы працэс альбо допыт, у час якога мы найдакладней павінны назваць усе нашы грахі. Але Бог і так іх ведае, таму мы не маем ніякага шанцу схаваць іх ад Яго.


Аздараўленне

Было б больш правільна ўспрымаць споведзь як сакрамэнт аздараўлення свайго ўнутранага «я». Добрая споведзь – тая, да якой чалавек прыступае не як злачынца, але як хворы, якому трэба вылечыцца, бо ён пакалечыўся аб учыненае зло, аб грэх. У добрай споведзі шукаюць не справядлівай кары, а лекаў ад усяго таго, што пакалечыла чалавека. Бог – не толькі суддзя, але найперш лекар. Да сакрамэнту пакаяння мы можам аднесці ўсе фрагменты Евангелля, у якіх гаворыцца пра аздараўленне: Езус дакранаецца да паралізаваных, сляпых, глухіх і аздараўляе іх. Гэтаксама Ён дакранаецца да ўсяго, што ў нас хворае і параненае ў выніку зла. Кожны ўчынены грэх скіраваны супраць нас саміх: ён альбо адразу, альбо праз нейкі час выклікае ў нас спустошанасць. Калі мы гатовыя даверыць Богу сваё зло, то Ён у сакрамэнце пакаяння вылечыць гэтую спустошанасць.

Шмат клопату прыносіць нам праблема, з якіх грахоў і правінаў спавядацца. Але гэта не самае важнае. Найперш мы мусім запытаць сябе: «Кім я ёсць у час споведзі? І кім ёсць у гэты час Бог?» Знайсці правільны адказ на гэтыя пытанні да таго, як мы прыступім да сакрамэнту пакаяння, вельмі важна. Калі Бог для мяне Лекар, а я хворы ў выніку граху, то ў час споведзі для мяне важна сказаць Яму пра ўсё, што ўва мне хворае, што пакалечана злом.

У рахунку сумлення нам часта цяжка вызначыць, у чым мы вінаватыя самі, а якое зло ўчынена не з нашае віны. Калі я маю, напрыклад, праблемы з маральнай чысцінёю, то магу, вядома, сказаць, што гэта мая віна, але, з другога боку, магу знайсці і пэўныя акалічнасці, якія лагодзяць мае ўчынкі: скажам, тое, што я абцяжараны нейкай канкрэтнай гісторыяй маіх перажыванняў, што ёсць пэўныя грамадскія ўмовы, нейкія знешнія абставіны і г.д. Але няма сэнсу ўсё гэта тлумачыць, трэба проста аддаць гэта Хрысту: «Пане Божа, я маю грэх нячыстасці, аздараві мяне. Аздараві ўва мне ўсё, што бярэцца з нячыстасці». Калі я спавядаюся з недахопу веры, з таго, што не патраплю даверыцца Пану Богу, то магу задаць сабе пытанне: «Чаму так адбываецца?» Можа, мне здрадзіў хтосьці з блізкіх, мяне пакінула мая жонка (муж), я пачуў штосьці кепскае пра яе (яго), пра кагосьці, вельмі дарагога мне? Але гэта не мая віна. Мая ж віна ў тым, што я не патраплю перажыць гэты досвед у веры. Споведзь – гэта не толькі біццё сябе ў грудзі і прызнанне: «Мая віна!» Найперш гэта просьба дапамогі. Споведзь – просьба ў Пана Бога міласэрнасці, просьба выбавіць з усяго таго, з чым я сам не магу даць рады, бо я слабы і грэшны.


Не любіў сябе семдзесят сем разоў


Не трэба думаць, што ў час споведзі канкрэтныя грахі неістотныя. Аднак не так важна перадусім назваць паасобныя свае правіны, важна знайсці ў сабе «абшар цемры», месца, якое не дазваляе любіць Бога, іншых людзей і самога сябе. Бо найважнейшая запаведзь – гэта запаведзь любові. Як спавядацца ў яе парушэнні? Што не любіў сябе ад апошняй споведзі семдзесят сем разоў? Усе мы маем праблемы з любоўю, з успрыманнем саміх сябе, з тым, каб бачыць у сабе вобраз Бога. Гэта выяўляецца ў розных формах, і з гэтага ж вынікаюць розныя праблемы. Прычына ж у тым, што мы не здольныя любіць саміх сябе. «Пане Божа, мой грэх у тым, што не магу прыняць сябе такога, які я ёсць. Гэта выяўляецца ў тым, што ёсць ува мне зайздрасць, гнеў, што я сваруся з іншымі...»


Лепш аддаць зашмат


Дык з чаго ж нам спавядацца? У пэўны момант жыцця чалавек ужо не ведае, калі ён грашыць. Тады яму ўжо не трэба абапірацца на розныя рахункі сумлення. Рахункі сумлення, што складаюцца з пунктаў, добрыя напачатку, калі мы толькі вучымся спавядацца, калі сталеем у веры. Тады ж, калі яна ў нас ужо ўзмацнее, то досыць погляду ў мінулае і разумення таго, як выглядала наша жыццё ад апошняй споведзі. Дзе былі моманты нявернасці, калі Пан Езус – як я лічу – не быў у захапленні ад маіх учынкаў. Але гаворка ідзе не толькі пра ўчынкі. Магчыма, са мною адбываецца штосьці такое, што я нічога кепскага і не зрабіў, але ўва мне расце страх, бязвер’е альбо нянавісць да кагосьці, нягледзячы на тое, што ад апошняй споведзі я і не бачыў таго чалавека. Гэта не ўчынковыя грахі, хутчэй, гэта «стан сэрца», які таксама трэба даверыць Богу. Чалавек – не шафа з многімі шуфлядкамі, у кожнай з якіх ляжыць штосьці іншае. У нас усё перамяшана. Як адрозніць пачуццё, што не з’яўляецца грахом, ад думак ці ад жадання, якое ўжо ім ёсць? Дзе тут мяжа? «Толькі адчуваў, але зусім не думаў, адчуваў, але зусім не жадаў, каб тое здарылася?» Такія лініі падзелу досыць крохкія. Таму замест таго, каб дзяліць валасіну на чатыры часткі і бясконца аналізаваць сваё ўнутранае «я», лепш проста сказаць пра ўсё на споведзі Пану Богу.

Лепш аддаць Яму зашмат, чымсьці замала. Калі штосьці ёсць «не да канца» грахом, то нічога не станецца, калі мы таксама гэта даверым Пану Богу. Бо навошта пакідаць для сябе штосьці такое, што нішчыць і душыць, што перашкаджае, і ўгаворваць сябе, што я сам дам сабе рады і мне не патрэбная ласка?


Што найважней?

Не трэба да споведзі дзяліць свае грахі на лёгкія і цяжкія. Такі падзел патрэбны толькі тады, калі мы вырашаем, прыступіць нам да Камуніі альбо не. Калі я лічу, што нейкі з маіх грахоў цяжкі, то не прыступаю, але іду да споведзі. Тым часам спавядацца так альбо інакш трэба заўсёды рэгулярна, незалежна ад таго, якія маеш грахі. Дзеля таго, каб запрашаць Бога да сябе і прасіць у Яго лекаў, аздараўлення.

Касцёл кажа, што да сакрамэнту пакаяння трэба прыступаць прынамсі раз на год. Калі хтосьці не спавядаецца часцей, то гэта не азначае, што ён дрэнны хрысціянін. Кожны мусіць сам адказаць на пытанне, як часта ён павінен гэта рабіць. Я асабіста лічу, што спавядацца раз на год – гэта вельмі мала і дастаткова толькі для нейкай рэлігійнай вегетацыі, але не для духоўнага росту.

У сакрамэнце пакаяння мы часта паддаемся пэўным «людскім» спадзяванням. Прыходзім да споведзі і чакаем ад святара суцяшэння альбо ўмацавання, часам проста хочам выкінуць з сябе нейкія праблемы... У гэтым няма нічога кепскага, але заўсёды трэба ўзважыць, ці магчыма гэта зрабіць у дадзенай сітуацыі. Калі перада мною ў чарзе да канфесіяналу стаяла дваццаць чалавек, і кожны з іх спавядаўся па дзве хвіліны, то ці магу я разлічваць на іншае? Аднак жа я заўсёды магу вызнаць свае грахі і атрымаць разграшэнне. У сакрамэнце пакаяння найважней тое, што я кажу, а не тое, што я чую ад святара.

Нельга забываць, што ў час споведзі найважней высветліць, што з’яўляецца ўва мне цемраю, аддаць тое Богу і з вераю прыняць разграшэнне. Тады гэта сакрамэнт, дотык Езуса цудам аздараўлення. Аздараўленне можа часам адбыцца і праз словы святарскага павучання, але дотык Божай моцы адбываецца заўсёды ў словах разграшэння. І гэта не залежыць ад таго, які святар і якім чынам ён прамаўляе тыя словы. Усё залежыць ад маёй веры, ад адкрытасці на ласку, якая ёсць у сакрамэнце, а не ад таго, буду я выслуханы, зразумеюць мяне ці не, мудра павучаць альбо не вельмі...

Размова, словы суцяшэння – толькі дапаможныя элементы, яны вельмі важныя, але не самыя істотныя. Калі ўсё ж мне патрэбна такая размова, святарская парада, патрэбна, каб хтосьці высветліў, што са мною адбываецца, то варта падумаць, ці зможа гэта зрабіць менавіта гэты святар, менавіта сёння, у гэтым вось касцёле. Калі мы не прааналізуем такія моманты да споведзі, то рызыкуем атрымаць вельмі балючае расчараванне.

Найлепш, вядома, мець пастаяннага спаведніка. І ўсё ж пастаянны спавяднік патрэбны чалавеку ў перыяд ягонага духоўнага сталення, у час духоўных пошукаў, калі чалавек сам не можа знайсці адказы на найважнейшыя пытанні, калі ён шукае навобмацак, выкідваючы з сябе ўсё, што яму баліць, што яго засмучае, чаго ён не разумее. Ён пакідае тады ўсё гэта святару, каб той назваў, чым усё гэта з’яўляецца, і спрабаваў дапамагчы ўпарадкаваць тое, чаго чалавек не можа зрабіць самастойна. Але надыходзіць час, калі такая святарская дапамога ўжо не патрэбная.


Недахоп любові

Нармальная споведзь працякае так. Я называю свае грахі, называю тую цемру, што ёсць ува мне, аналізую, адкуль яна бярэцца, якім чынам яна выяўляецца ў маіх думках, учынках, занядбанні, страху і г.д.

Спавядаюся з гэтага і прымаю ласку разграшэння. Усё проста.

Дык як нам спавядацца? У прыпавесці пра марнатраўнага сына (альбо, дакладней, пра міласэрнага бацьку) мы бачым старэйшага і малодшага сыноў. Першы прыходзіць да бацькі, маючы на сумленні розныя грахі – п’янства, нячыстасць, бяздумнасць — і кажа: «Ойча, я зграшыў, я грэшны перад тваёй любоўю. Гэта мой грэх». Ёсць нашы непрыгожыя ўчынкі, але найважней, што мы зграшылі супраць любові, любові Бога, бліжніх, саміх сябе. Старэйшы брат таксама зграшыў недахопам любові. Але ягоная споведзь выглядала б прыкладна так: «Штосьці забыўся зрабіць, дзесьці два разы не быў, штосьці занядбаў...» А той малодшы пастаянна паўтарае: «Ойча, я зграшыў, бо не любіў цябе». І ён найбліжэйшы бацьку.

Яцэк Крыштафовіч ОР
Пераклад Ірыны Жарнасек
Ave Maria №2-3 (105-106) 2004


Абноўлена 23.06.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця