Дзіўна, што ў новазапаветным аповедзе, які датычыць Вялікадня і тых падзей, якія адбыліся пасля яго, апісваецца вялікая збянтэжанасць. У кананічных Евангеллях ранні Касцёл адкрыта прызнаў, што мінуў пэўны час перад тым, як першыя хрысціяне зразумелі, чым на самай справе было ўваскрасенне і як гэтае здарэнне ўсё змяніла.
Дык што ж змянілася пасля Вялікадня?
Змянілася разуменне вучнямі гісторыі. Першая супольнасць хрысціянаў жыла ў чаканні «апошніх дзён» нават тады, калі Езус знаходзіўся сярод яе членаў падчас сваёй публічнай дзейнасці. Аднак вучні меркавалі, што гэтыя «апошнія дні» азначаюць нейкі катаклізм. Пасля ўваскрасення яны паступова пачалі разумець, што «апошнія дні» распачаліся ў момант уваскрасення, хоць гісторыя працягваецца далей. «Апошнія дні» пачаліся і сталі развівацца ў часе, і праз гэта змянілася ўся структура гэтага часу.
Змянілася разуменне вучнямі ўваскрасення. Уваскрасенне Хрыста не было такім самым, як уваскрасенне Лазара. Яно не было звязана з раскладаннем цела Езуса — укрыжаванага, памерлага і пахаванага. Уваскрослы Пан меў цела, але змененае, магіла ж назаўсёды засталася пустая.
Змянілася разуменне вучнямі таго, якім чынам Уваскрослы «прысутнічаў» сярод сваіх братоў. Праз пэўны час Езус аб’яўляўся ім у гэтым змененым целе: у садзе, у Вячэрніку, па дарозе ў Эмаўс і на Галілейскім возеры. Але пасля таго, як гэты перыяд скончыўся Унебаўшэсцем, уваскрослы Пан стаў «прысутны» сярод сваіх братоў сакрамэнтальна: у хросце, які яны павінны былі несці ўсяму свету, у цэлебраванай Эўхарыстыі, у здзяйсненні ўчынкаў братэрскай любові.
Змянілася тое, як вучні разумелі свае абавязкі і заданні на будучыню. Нечаканае ўваскрасенне Езуса, якое выклікала выбух чаканняў, выявіла таксама іх уласнае прызначэнне. Досвед сустрэчы з уваскрослым Панам перамяніў іх жыццё і схіліў першых вучняў да місійнай дзейнасці. Пасля спаслання Духа Святога яны атрымалі ўменне адпаведным чынам сведчыць пра тое, што бачылі і чулі. Ведаючы, што падзеі, якія адбыліся падчас уваскрасення Езуса, таксама з’яўляюцца іх прызначэннем, яны пазней змаглі прыняць мучаніцтва, сведчачы пра тое, што Бог учыніў у Хрысце для збаўлення свету.
Змянілася іх разуменне культу і часу. Вучні Езуса былі пабожнымі габрэямі, для якіх шабат быў прынцыповаю праўдаю іх рэлігійнай свядомасці. Нягледзячы на гэта, ранні Касцёл хутка ўстанавіў нядзелю, а не суботу «днём Пана», бо менавіта ў нядзелю, «на трэці дзень», Езус уваскрос з памерлых. Бэнэдыкт XVI напісаў у другім томе кнігі «Езус з Назарэта»: «Толькі тая падзея, якая пакінула глыбокі след у душах, магла выклікаць такую моцную мадыфікацыю рэлігійнай культуры тыдня. <…> Святкаванне дня Пана, якое было ўласціва хрысціянскай супольнасці з самага пачатку, з’яўляецца адным з самых пераканальных доказаў таго, што ў гэты дзень адбылося штосьці незвычайнае — вучні адкрылі пустую магілу і сустрэлі ўваскрослага Пана».
Паколькі мы жывём у часе, вельмі аддаленым ад падзей Вялікадня, нам цяжка зразумець, наколькі глыбокае ўзрушэнне выклікаў першы Вялікдзень у тых, хто яго перажываў. Таму мы павінны быць удзячныя аўтарам Евангелля, а таксама Касцёлу за тое, што ён прыняў і пацвердзіў іх сведчанне, уключыўшы ў Новы Запавет інфармацыю пра занепакоенасць першых вучняў тагачаснымі падзеямі. Бачачы іх дэзарыентацыю, мы ўсведамляем, што Хрыстус, які паўстаў з мёртвых, змяняе ўсё: час, гісторыю, прароцтвы, надзею, сучаснасць, адказнасць за нашае пакліканне і сапраўднае ўшанаванне Бога. Усё гэта становіцца больш зразумелым дзякуючы сустрэчы з уваскрослым Панам. Становіцца відавочным тоеснасць Бога, які аб’явіўся Ізраэлю ў гісторыі, з Богам, які аб’явіўся ў сваім Сыне.
Нараджаецца Касцёл — сведка праўды пра ўваскрасенне.