Пошук


Даволі распаўсюджаным і модным накірункам у музыцы сёння з’яўляецца тэхна. У свеце, таксама і ў Беларусі, праводзяцца нават адмысловыя фестывалі такой музыкі, якія збіраюць тысячы ўдзельнікаў. Аднак ці з’яўляецца тэхна бяспечнай музыкай? Сваю гісторыю знаёмства з гэтай музыкай распавядае Лех Докавіч з Польшчы.

...Мне 44 гады. У мяне цудоўная жонка і пяцёра дзяцей. Гісторыя, якую я хачу вам расказаць, пачалася, калі мне было каля 13-14 гадоў. Тады мяне прывялі да чалавека, якога звалі Харыс. Ён гастраляваў па Польшчы як лекар, ускладаючы рукі на людзей. Пасля двух візітаў да яго пачаўся марудны працэс майго адыходу ад Касцёла.

З кожным годам я ўсё больш і больш аддаляўся ад алтара, пакуль аднойчы не знайшоў сябе поўнасцю па-за Касцёлам. Калі мне споўнілася 18 гадоў, у мяне з’явілася магчымасць выехаць за мяжу, якую я і cкарыстаў. Так я аказаўся ў Германіі. За ўвесь час майго прабывання там з кожным разам я ўсё больш і больш ставіў сябе ў цэнтры, часцей і сур’ёзней парушаючы Божыя запаведзі.

У пачатку 90-х гадоў у Еўропе пачалося штосьці, што зараз мае назву «культуры тэхна». Маладыя людзі сталі збірацца для правядзення вялікіх мерапрыемстваў, узнікла новая музыка, народжаная камп’ютарамі; новыя наркотыкі, новая мова, новы погляд на чалавека. Усё гэта было вельмі прыцягальным.

Мае карані таксама былі закладзены ў электроннай музыцы. Так вельмі хутка, з радасцю, я пагрузіўся ў гэты новы свет. З мэтай стварэння новай акустычнай прылады я пазнаёміўся з людзьмі, якія належалі да аднаго з цэнтраў дадзенага руху. Там я сустрэў Пятра — аднаго з ідэолагаў гэтага руху.


Калі я ўпершыню сеў насупраць яго, я хутка зразумеў, што яшчэ ніколі не размаўляў з такім чалавекам. Ён быў прафесарам адной з амерыканскіх кінашкол і валодаў шырокімі ведамі. Атрымаў адукацыю праз шматгадовую працу мозгу, праводзіў эксперыменты са святлом у начным клубе, а на той момант яго асноўным заняткам было кіраванне ідэалогіяй руху, або стварэнне фільмаў, якія ўплываюць на падсвядомасць і паказваюцца падчас маштабных імпрэз.

Пасля інтэрв’ю ён запрасіў мяне супрацоўнічаць з ім і даведацца пра яго справы. Праз некаторы час я даведаўся ад яго, што ў круіз па Міжземным моры адпраўляецца судна, на якім будуць 350 чалавек з усяго свету — вядучыя стваральнікі руху. Ведаючы, што я кінааператар, ён запрасіў мяне паехаць з ім, каб я зняў для яго відэа.

Убачыўшы відэа, прапанаваў мне павучыцца ў яго, таму што шукаў кагосьці накшталт мяне на працягу 14 гадоў. Паступова стала зразумела, што ён хацеў, каб я працягнуў працу яго жыцця, таму што ён быў ужо пажылым чалавекам. Так пачаліся мае вялікія прыгоды.

Мая асоба стала змяняцца ўсё больш і больш, і знешне: я пафарбаваў валасы і пачаў апранацца па-іншаму. Усё больш і больш працы атрымоўваў ад унутранай сцэны і цалкам прымаў тое, што там адбывалася.

Летам 1995 года высветлілася, што мая дзяўчына, а сёння ўжо жонка, цяжарная. Пётр сказаў, што тое, што ў бліжэйшыя гады будзе адбывацца ў свеце, патрабуе ўсёй нашай канцэнтрацыі і ўвагі. Дзіця — гэта не праблема, проста патрэбна пайсці да ўрача і ўсё выправіць. А праз некалькі гадоў, калі мы захочам, зможам мець дзяцей. Слава Богу, што мы не згадзіліся на аборт.

Увесь гэты час я вучыўся ў Пятра. Я атрымліваў зманціраваныя спецыяльна для мяне відэазапісы, з архіва Пятра браў і чытаў кнігі. Мы сустракаліся і абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Асновай духоўнага руху быў будызм і дзэн.  Я назіраў за ўсім, што адбывалася на сцэне, пазнаёміўся з мета-мовай, з дапамогай якой там усё было звязана.

Ужо тады я атрымаў мноства знакаў

 

Зімою 1996 года штосьці змянілася. Да гэтага часу музыка была вельмі пазітыўнай. Прадстаўлены вобраз свету часоў хіпі абвяшчаў такія лозунгі, як «Дом мой ёсць дом ваш», «Мы адна сям’я»… Але зараз гукі станавіліся цёмнымі, было больш удараў у хвіліну, была агрэсія. Людзі, якія з’яўляліся найбольш важнымі носьбітамі інфармацыі, былі апранутыя ў саколкі з надпісам «Тэрор ва ўсім свеце». Ваеннае адзенне, сімвалы смерці, зброі, гармат. Я спытаўся ў Пятра, што адбываецца. Ён адказаў, што гэта толькі кароткачасовыя змены, запэўніваў, што ўсё гэта калісьці будзе накіравана ў іншы бок.

Вясной 1996 года мы чакалі нараджэння нашага дзіцяці — роды планаваліся на Вялікі тыдзень. Першы раз мы былі ў бальніцы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу. У дзень Вялікадня ў нас нарадзіўся сын — Роберт. Пётр прыляцеў з Амстэрдама і папрасіў панасіць дзіця на руках і застацца з ім сам-насам. Мы дамовіліся з ім, таму што ён быў нашым сябрам.

Пасля вяртання ў Польшчу за ноч ці дзве мы заўважылі, што дзіця пачынае весці сябе дзіўна. Сын выдаваў непрыемныя для вуха гукі. Але гэта адбывалася ноччу і працягвалася, як правіла, каля гадзіны, а ў астатні час усё было добра, таму мы стараліся пра гэта не думаць. За гэты час адбылося некалькі іншых рэчаў, якія крыху парушылі наш спакой. Ужо тады я атрымаў мноства знакаў, якія, як пазлы, пачалі складвацца ў адну карцінку.

Я вырашыў, што калі прыеду ў Дортмунд, спытаю Пятра, што адбываецца, і сур’ёзна паразмаўляю з ім. 30 красавіка прыбыў туды для найбуйнейшай падзеі ў свеце, якая называецца Першамай. Гэта ноч з 30 на 1 мая, калі па вераваннях старая германская багіня кахання злучаецца з богам вайны: у выніку злучэння сексу і насілля ўзнікае вычварэнства.

«Арханёл Міхал задаў мне тры пытанні..»

У тую ноч 20 тысяч маладых людзей танцавалі ў самым вялікім клубе ў Дортмундзе. Там таксама працавалі людзі, якія павінны былі кіраваць мерапрыемствам самым лепшым спосабам. Пётр сказаў мне, што гэтай ноччу я павінен быць асабліва ўважлівым, бо тое, што будзе паказана на экранах, таксама інфармацыя і для мяне – надышоў час распавесці, хто яны, што яны робяць і чаму. У гадзіну ночы змяніўся склад вядучых; на лазерах, святле, відэа, музыцы засядаў так званы «першы касцюм».

Распачалася рэальная праца, і, калі ўключылі тэлевізары, выключылі святло, Пётр пачаў уключаць фотаздымкі. Яны былі жахлівыя, адлюстроўвалі вайну ў свеце, якая магла прывесці да ядзернай вайны і масавага знішчэння. Паказаны былі таксама людзі з культуры тэхна, якія атрымоўвалі ўладу над тымі, хто не належыць да гэтых структур. Гэтыя фотаздымкі былі нечытальнымі для знешніх вачэй, але я разумеў іх, таму што глядзеў на знаёмую сімволіку.

Кожны раз, калі я разумеў карціну, я глядзеў на Пятра і ківаў галавой, паказваючы, каб ён паказваў наступнае фота. Публіка бушавала, тысячы ват закачвалі ў зале пры дапамозе электронікі, насценных гіганцкіх гучнаказальнікаў і агнёў. Над самым цэнтрам вісела канструкцыя крыжападобнай формы з агнямі, якія маглі мяняць колер. Канструкцыя вісела на ланцугах, якія можна было перамяшчаць так, што крыж мог хістацца над галовамі танцораў, а на яго лазерамі былі накіраваны розныя графічныя фігуры.

У пэўны момант сімвалы сталі чытальнымі і я зразумеў, што адбываецца і з кім я маю справы. Я не зразумеў, што гэтыя людзі з’яўляюцца сатаністамі, якія кіруюць моладдзю ўсяго свету да знішчэння, што я адзін з іх, і зараз шляху назад для мяне няма.

Розныя думкі прыходзілі мне ў галаву. Я думаў, што зараз усе дзверы перада мной адкрытыя, што магу рабіць, што захачу, працаваць над любым праектам, выбіраць людзей, з якімі я хачу працаваць, а грошы не іграюць істотнай ролі.

Тады я думаў, што, каб ажыццявіць усё гэта, я павінен пакінуць жонку з дзіцём, таму што туды, куды я іду, яны не могуць пайсці са мной.

Пазней я перажыў тое, што зараз называецца апераджальная ласка, якую Бог мне даў. Выразна ўсвядоміў, што ў канцы жыцця мяне чакае вечнае пракляцце. Я адчуў падзенне душы ў цемру, моцнае, безнадзейнае пачуццё жудаснага ў палёце.

Тады, у асноўным не ведаючы, што раблю, як чалавек з пісталетам каля віска, тонучы ў хвалі падманлівай музыкі і святла, дзе ўсё было на вышэйшым энергетычным уздыме, упаў на калені і пачаў усклікаць «Ойча наш…». Калі я казаў першыя словы малітвы, я ўбачыў белую фігуру Арханёла Міхала з мячом у руцэ. Ён задаў мне тры пытанні: Ці верыш у Бога? Ці выракаешся сатаны? Ці хочаш з ім змагацца? На ўсё адказаў «так». Тады ён сказаў мне ўстаць і ісці ў бок святла.

Духоўная бяспека

Цудам я выйшаў адтуль. Бог зрабіў усё неабходнае для мяне, каб я змог пакінуць тое месца бяспечна. Я ішоў на ўсход, у бок узыходзячага сонца. Я хацеў ехаць да Берліна і Польшчы, таму што мне стала зразумела, у чым я ўдзельнічаў. Я ішоў ад касцёла да касцёла, шукаючы сховішча, але ўсюды дзверы былі зачыненыя. Акрамя гэтага, я не сустрэў ніводнага святара, нідзе мне не адчынялі.


Вораг напаў непасрэдна на мяне, а аднойчы мне нават паказаўся. У той момант да мяне прыйшло моцнае перакананне — я веру ў Бога, і ён не можа мне нічога зрабіць. З такой думкай я ішоў далей.

Ноччу я прыехаў у Берлін, дзе мяне чакаў цягнік у Польшчу. Я сеў на яго, і праз гадзіну язды адчуў вялікі спакой. Тады я зразумеў, што перасёк мяжу.

Духоўна я адчуў вялікую бяспеку і зразумеў, што гэта эфект малітвы тысяч людзей усіх пакаленняў, якія актыўна ўдзельнічаюць у духоўнай вайне, прасіў Бога аб міласці. Калі я прыехаў дадому, я расказаў бацькам і жонцы, што адбылося. Я адчуваў, што вораг мае доступ да мяне праз ўсе мае грахі і мінулае жыццё. Я ведаў, што мне патрэбна на споведзь, мне патрэбен святар, які не будзе смяяцца з мяне. Маці падказала мне двух, якія б маглі мне дапамагчы.

Прыйшоў у адзін з касцёлаў і шукаў святара. Аказалася, што ён праводзіць будаўнічыя працы перад касцёлам. Шукаючы яго, я выйшаў на плошчу. Нейкая жанчына папрасіла ў мяне дапамогі. У той час па Усходняй Еўропе пілігрымавала фігура Маці Божай Фацімскай. Праз тры дні павінна была быць у маім горадзе. Я павінен быў дапамагчы несці крыж да месца сустрэчы з фігурай Маці Божай.

Упершыню ў сваім жыцці я добраахвотна пайшоў у касцёл, на споведзь, каб атрымаць сакрамэнт ачышчэння грахоў, абарону ад сатаны, і тут жа атрымаў заданне несці настолькі цяжкі крыж, што ён уразаўся мне ў плячо і я не мог яго падняць. Ішоў каля трэцяй гадзіны дня па вуліцы святога Яна ў парафіі, прысвечанай Марыі, несучы крыж. Потым я пачуў вельмі ясныя словы: «Калі хочаш ісці за Мною, вазьмі крыж свой і ідзі за Мной». Я плакаў, як дзіця. Людзі ішлі з працы, у крамы, але, магчыма, ніхто не звярнуў на гэта ніякай увагі.

Ісці за Езусам

Прыкладна праз два тыдні я вырашыў пайсці з мамай на Ясную Гару, таму што мы адкрылі, што ва ўсіх важных момантах у маім жыцці была Маці Божая. Як малы хлопчык, зноў прысвяціў ёй сябе і сваю сям’ю.

Так у сераду дзякаваў у Чэнстахове Марыі за выратаванне, а ў чацвер мы паехалі на тэлебачанне Непакалянаў, каб сустрэцца з людзьмі Касцёла, якія здольны перадаваць інфармацыю і папярэджваць іншых аб тым, што адбываецца. Я ведаў, што тэхна-музыка будзе з вялікай моцай укараняцца ў Польшчы. Бог паставіў на маім шляху законную сястру Кангрэгацыі Сакрэ-Кер, якая, выслухаўшы ўсю гісторыю, сказала, што мне патрэбна духоўнае кіраўніцтва. На наступны дзень я прыйшоў да езуітаў. Яны запрасілі мяне на першы тыдзень ігнацыянскіх рэкалекцый.

Так пачаўся мой шлях перамянення і ачышчэння...

Я не ўяўляў, кім я з’яўляюся ў вачах Бога і кім Ён ёсць. Я павінен быў нагнаць шмат гадоў згубленага часу, навучыцца чытаць Святое Пісанне, пазнаваць шляхі Бога, хадзіць за Ім. Зараз, з сябрамі, якіх Бог паставіў на маім шляху, стараюся праз сродкі масавай інфармацыі адкрываць шляхі новай евангелізацыі. Стараемся знайсці мову, на якой будзем прамаўляць да людзей, паказваць найвялікшыя скарбы Касцёла, каб выратаваць тых, хто тоне.

Я ўпэўнены, што надыходзіць час супрацьстаяння. Святы Ігнацый казаў пра два сцягі — сцяг Хрыста, пад якім выступае адна армія, і сцяг сатаны. Падчас працы над фільмамі мы заўважылі, што ёсць згубленыя людзі — іх выбар ісці за Езусам ці супраць Яго — а ёсць натоўп, які кажа: «Так, але…, залежыць ад пытання: Кім для вас з’яўляецца Езус Хрыстус?» 

У сувязі з гэтым няма для нас найважнейшага задання, чым евангелізацыя, што Бог міласэрны і чакае ўсіх, хто хоча ратаваць, аднаўляць, благаслаўляць, каб навяртанне стала справай многіх. Я перакананы, што той, хто вырашае пайсці за Ім, з’яўляецца кветкай у вясне Касцёла, аб якой казаў Святы Айцец.

Гэта мы, хто шукае Хрыста, з’яўляемся тымі кветкамі, асветленымі сонцам Бога, якія нясуць святло для прынясення пладоў дапамогі братам і сёстрам, якія жывуць у цемры. Жыццё кароткае, і што некаторыя згублены для вечнасці - мы павінны добра разумець. Кожны з нас пакліканы да ачышчэння, да з’яднання з Богам праз прабачэнне, да таго, каб стаць перад Ім і прасіць аб дарах Духа, неабходных, каб рухацца наперад. Польшча з’яўляецца краінай, якую абараняе мантыя Божай Маці і ў якой закладзена шмат скарбаў.

Тут людзі гатовыя змагацца за міласці, якія вымалілі пакаленні. Зараз патрэбна выйсці. Езус рыхтаваў вучняў тры гады. А некаторыя з нас падрыхтаваныя на працягу дзесяці, пятнаццаці гадоў. Зараз час выхаду, пошуку Яго волі, пытання, чаго Ён ад нас хоча, і евангелістычнага радыкалізму ў шляху за Ім. Жадаю вам усім, каб кожны з вас з адвагай, выпрашанай на малітве, вырушыў у дарогу, згодна з воляй Бога, каб вы сталі паходнямі, якія распаляць гэты свет.

У гэты момант я хацеў бы падзякаваць дзвюм маці. Маёй, якая з’яўляецца прыкладам для тых, чые дзеці знаходзяцца ў цемры. Мая маці малілася за мяне 15 гадоў, і ў той момант, калі думала, што ўжо ўсё згублена, Бог даў мне ласку навяртання. Другой Маці з’яўляецца Марыя, якая сочыць за намі ўсімі. Калі прыбягаем пад Яе плашч, нічога з намі не можа здарыцца. Яна раструшчыць галаву сатаны.

Я таксама хачу падзякаваць Богу — нашаму Стварыцелю, які дае жыццё ўсяму і адпраўляе нас да служэння Езуса Хрыста, які выратаваў нас, і Святога Духа, які адкрывае нам праўду — няхай будзе слава і чэсць!

Лешэк

Паводле fronda.pl
Пераклад з польскай Марыны Валасар

Абноўлена 23.06.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа