Пошук

27.11.2014 11:55  

Гледзячы на абраз святога, часта можна бачыць на ім нейкія рэчы ці нават жывёл. Што яны азначаюць? Чаму менавіта гэтыя атрыбуты намаляваны на абразе таго ці іншага святога?

Як малявалі евангелістаў?

У хрысціянскім мастацтве найперш з’явіліся абразы чатырох евангелістаў. Дзеля адрознення ад іншых вучняў Хрыста іх зазвычай малявалі з кнігамі або скруткамі папірусу. Пачынаючы з IV ст., на іх абразах з’явіліся сімвалічныя фігуры (чалавека, вала, ільва, арла). Абраз святога Мацвея меў, напрыклад, выяву яшчэ чалавечага паходжання Езуса Хрыста.

На абразе святога Марка можна было ўбачыць ільва, які павінен быў нагадваць голас, што гукае ў пустыні. Святому Луку спадарожнічаў вол, ахвярная жывёла, бо гэты евангеліст распачынаў сваё Евангелле з ахвяры Захарыі. Святому Яну на абразах малявалі арла, бо святы, распавядаючы аб Езусе, нібы арол, узносіўся ў паднябессе.

Пяро, яблык, меч і кій

Скрутак пергаменту, пяро, кніга паказваюць на тое, што святы быў пісьменнікам Касцёла (святы Аўгустын, святы Тамаш з Аквіну, святы Геранім). Сямі- або пяціканцовая карона, якая стаіць каля ног святога, сведчыць аб яго паходжанні са знатнага роду (святы Казімір, святы Уладзіслаў). Яблык або зямны шар з крыжам — знак караля або цара (святы Генрык, святы Людвік).

Калі святы трымае ў руках маленькі касцёл, то гэта азначае, што ён быў фундатарам нейкага храма або кляштара (благаслаўлёная Кінга — заснавальніца кляштара, святая Ядвіга (на здымку злева) — фундатарка кляштара). Мітра і пастарал азначаюць біскупскую годнасць (святы Войцех, святы Станіслаў).

Патройны крыж заўсёды азначае, што святы быў Папам Рымскім.

Кій пілігрыма і скураны мех на вадзе кажуць нам, што гэты святы — місіянер, які абвяшчаў Евангелле ў далёкіх краях (святы Францішак Ксаверый).

Святую Агнешку зазвычай малююць з мячом, якім яе забілі, калі яна нязломна берагла сваю веру. Святую Кацярыну — з колам, на якім відаць вострыя нажы; на гэтым коле яе мучылі, каб адраклася ад Хрыста. Святую Барбару — з келіхам у руцэ на фоне скалаў вежы, дзе яе трымаў у вязніцы бацька. Гостыя і келіх нагадваюць нам, што яна з’яўляецца апякункай добрай смерці, якой папярэднічае прыняцце святых сакрамэнтаў.

«Карабель служыць вобразам Касцёла»

Сімвалам надзеі, якую кожны хрысціянін павінен мець праз усё жыццё, са старажытных часоў быў якар. Карабель служыў вобразам Касцёла, які плыве сярод безданяў і бураў свету, ягнё або рыба служылі вобразамі Хрыста. Яны, дарэчы, былі знакамі, паводле якіх распазнавалі хрысціянаў, асабліва ў часы, калі Хрыстова вера цярпела пераслед, а яе вызнаванне пагражала смерцю.

Калі ж хрысціяне атрымалі магчымасць прынародна вызнаваць сваю веру, пачалі паўставаць святыні, а ў іх — абразы і разьбяныя фігуры, збоч ад іх часам размяшчаліся прадметы, што таксама гаварылі аб жыцці або смерці святога. Найчасцей на абразах святых можна сустрэць такі атрыбут, як арэол (светлае кола вакол галавы або вакол усяго цела).

Два ключы і рыба — знак святога Бянона, біскупа Місьні. Выязджаючы ў Рым, ён загадаў вернікам, каб у час небяспекі яны ўкінулі ключы ад катэдральнай скарбонкі ў раку. Вярнуўшыся, ён атрымаў ад рыбакоў рыбу, у сярэдзіне якой былі гэтыя ключы.

Святая Гэлена, Маці Канстанціна Вялікага, у абедзвюх руках трымае крыж Хрыста. Дзякуючы ёй цудоўным чынам знойдзены сапраўдны крыж Збаўцы, які быў закапаны паблізу Галгофы. Рыцар з дзідай, які забівае цмока, — святы Юрый (цмок сімвалізуе спакусы і небяспекі, што пагражаюць усім, асабліва маладым людзям).

Святога Марціна найчасцей можна ўбачыць на абразах як рыцара на белым кані, што дорыць жабракам палову свайго плашча. Некаторыя мастакі малююць яго яшчэ і з гусём: калі святы хацеў ухіліцца ад прыняцця біскупскай годнасці і схаваўся, гусі сваім крыкам выдалі месца ягонае схованкі.

Выпадковых прадметаў на абразах няма

Два вялікія апосталы — святы Пётр і святы Павел — малююцца на абразах зазвычай так: першы — з ключамі ў руках, бо Хрыстус даў яму ўладу ў Касцёле на зямлі і зрабіў яго сваім намеснікам; другі ж — з мячом, бо ім ён быў забіты ў Рыме. Святы, які трымае перад сабой касы крыж у форме літары Х — апостал Андрэй (ён памёр менавіта на такім крыжы). Крыж з галубкай — атрыбут святой Рэгіны, якой у час знаходжання ў вязніцы з’явіўся Хрыстус з крыжам і галубкай, надаючы ёй адвагі дзеля трываласці ў мучэннях.

Святога Роха мы заўсёды бачым з сабакам, які ў зубах трымае бохан хлеба, бо хвораму святому ў ягоную самотную пячору сабака прыносіў ежу. Святыя дзевы на абразах зазвычай трымаюць у руках лілію — сімвал чысціні (святая Тэрэза, святая Марыя Гарэцці і г.д.).

Святую Апалонію часам малююць з абцугамі і зубам, бо мучыцелі вырывалі ў яе зубы. Ля ног святога Гераніма на абразах ляжыць леў. Як кажа легенда, звер, з лапы якога святы выцягнуў цярніну, пасябраваў з ім.

Cвяты Патрык, апостал і апякун Ірландыі, часам адлюстраваны з трыліснікам фінікавай пальмы. Традыцыя кажа, што калі ягоныя слухачы не маглі зразумець таямніцы Святой Тройцы, Патрык сарваў ліст фінікавай пальмы і на гэтым прыкладзе растлумачыў таямніцу веры.

Міланскага біскупа, святога Амброзія, можна ўбачыць на абразах з вуллем і пчоламі. Калі ён быў малы, на ягоныя вусны ў сне сеў рой пчол і ніводная не ўкусіла дзіцяці. Апякунку касцёльнай музыкі святую Цэцылію мастакі часта малююць з арфай або арганам.

Апекуна пажарнікаў святога Фларыяна можна бачыць з посудам, напоўненым вадой, якая выліваецца на палаючы дом. Святую Клару мы бачым з манстранцыяй у руках: калі захопнікі намагаліся ўварвацца ў кляштар у Асізі, яна выйшла насустрач ім з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і тым самым выратавала горад.

Святы Лука часта прадстаўлены на абразах у момант, калі ён малюе абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён з’яўляецца апекуном мастакоў. Святы Мікола-цудатворца зазвычай малюецца ў біскупскай шатах і часам... з булкамі, якімі ён адорваў бедных людзей.

Як бачым, на абразах не бывае выпадковых прадметаў. Кожная рэч штосьці гаворыць аб жыцці святога, яго характары, занятках, абставінах смерці. Прадметы на абразах — гэта сімвал жыцця людзей, якіх Касцёл вынес на алтар, каб яны былі для нас узорам, як трэба жыць, каб падабацца Богу.

Паводле матэрыялаў часопіса «Mały apostoł», 1987
Пераклад І. Студзеньскай, «Ave Maria», 1997

Абноўлена 23.06.2017 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа