Пошук


Лагодны позірк і светлыя, шэра-блакітныя вочы. Некаторыя прыкмячаюць у аўтапартрэце Адольфа Хылы падабенства яго вачэй да вачэй Езуса Міласэрнага на абразе, які выйшаў з-пад яго пэндзля і зараз знаходзіцца ў капліцы Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Кракаў).

Гэты абраз хутка стаў вядомы дзякуючы сваёй цудадзейнасці, а яго копіі і рэпрадукцыі разышліся па ўсім свеце. На сёння гэта найбольш распаўсюджаная і шануемая выява Езуса Міласэрнага.

У 2014-м годзе спаўняецца 70 гадоў абраза Езуса Міласэрнага.

Мастак цудадзейнага абраза

Адольф Хыла нарадзіўся ў 1897 г. у Бялэй (сёння Бельска-Бяла, Польшча). Ён быў самым старэйшым з дзевяці дзяцей Саламеі і Юзафа Хылаў. Скончыў калегіум езуітаў у Старэй Усі, дзе з рук біскупа Юзафа Пельчара Пшэмыскага прыняў першыя манаскія шлюбы і танзуру. 

Пазней вучыўся ў прыватнай гімназіі езуітаў у Банкавіцах пад Хыравам (на тэрыторыі сённяшняй Украіны), дзе ў 1917 годзе здаў экзамен. Ён вывучаў філасофію ў філасофскім калегіуме езуітаў у Новым Сончу, аднак спыніў вучобу і пакінуў ордэн. У 1919-1920-х служыў у польскім войску, таксама працаваў у аддзеле малявання фабрыкі па вырабе дываноў Прамысловага саюза ў Кракаве.

Там яго талент ацаніў Леанард Мерашэўскі, які знайшоў яму мецэната і накіраваў яго на прыватную практыку ў майстэрню Яцэка Мальчэўскага, дзе Адольф Хыла развіў свае мастацкія здольнасці. На працягу 20 гадоў Адольф Хыла навучаў малюнку ў Бэндзіне, а пазней у кракаўскіх ліцэях і гімназіях. У 1929 годзе мастак ажаніўся з Марыяй Заліпскай, банкаўскай служачай. Сужэнства было бяздзетным.

Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны сям’я Адольфа Хылы была выселена акупантамі з кватэры ў Кракаве і пераехала ў Лагеўнікі (сёння – вул. Уроча, 36), недалёка ад кляштара сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Адольф Хыла быў вельмі рэлігійным чалавекам. Як воту за тое, што Бог збярог сям’ю падчас вайны, мастак, папярэдне параіўшыся з а. Юзафам Андрашам SJ, былым кракаўскім спаведніком Фаўстыны Кавальскай, намаляваў абраз Езуса Міласэрнага.

«Нябесны лекар»

Гэты абраз павінен быў прадстаўляць Езуса як «нябеснага лекара», які ідзе па свеце, несучы людзям аздараўленне і Божую міласэрнасць. Паводле той выявы на абразе, які быў прызначаны для кляштару ў Лагеўніках, на фоне бачныя мясцовыя палі, кустоўе і дрэвы — пазней мастак змясціў на фоне абраза краявіды тых месцаў, на якіх павінна была быць выява. Пасля пасвячэння абраза 7 сакавіка 1943 г. а. Юзаф Андраш SJ распачаў урачыстыя набажэнствы на ўшанаванне Божай Міласэрнасці. На сёння гэты абраз знаходзіцца ў капліцы кангрэгацыі ва Уроцлаве.



Другі абраз Езуса Міласэрнага, ва Уроцлаве зроблены пад памер нішы алтара, у мастака Адольфа Хылы замовіла настаяцельніца кляштара — маці Ірэна Кшыжаноўска. Ён прадстаўляе Езуса Міласэрнага як «нябеснага лекара». Гэты абраз а. Андраш асвяціў 70 гадоў таму, у першую нядзелю пасля Вялікадня (зараз гэта ўрачыстасць Божай Міласэрнасці), 16 красавіка 1944 года.

Аўтапартрэт Адольфа Хылы (недатаваны)

Пасля вайны кс. Міхал Сапоцька, віленскі спавяднік с. Фаўстыны Кавальскай, востра раскрытыкаваў абраз, створаны Адольфам Хылам, як неевангельскі і нелітургічны. Ён звяртаў увагу на тое, што абраз павінен прадстаўляць Езуса, які пасля свайго ўваскрасення аб’яўляецца апосталам у Вячэрніку, а Яго погляд павінен быць такім, як з крыжа, або скіраваны ўніз. Пад моцным ціскам мастак выправіў свой абраз. Той, які мы можам бачыць у кляштарнай капліцы ў кракаўскіх Лагеўніках, паўстаў у 1954 годзе: мастак замаляваў фон і дамаляваў падлогу (на інтэрнэт-старонцы супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці www.faustyna.pl можна ўбачыць абраз Езуса Міласэрнага рукі Адольфа Хылы, які выкананы па гігапіксельнай тэхналогіі Пятром Тумідайскім, кракаўскім архітэктарам і фотаграфікам.

На ўвесь свет

1940-я і 1950-я гады мінулага стагоддзя для Адольфа Хылы — перыяд напружанай працы. Са шматлікіх польскіх і замежных касцёлаў прыходзілі замовы на абразы Езуса Міласэрнага, а таксама на іншую рэлігійную тэматыку. Абразы заказвалі святары, якія выязджалі на місіі. Незвычайнае развіццё культу Божай Міласэрнасці у формах, якія перадала с. Фаўстына Кавальская, перарвалася праз паведамленне святога афіцыума ад 6 сакавіка 1959 года.

Адольф Хыла не дачакаўся сканчэння беатыфікацыйнага працэсу с. Фаўстыны і адмены паведамлення святога афіцыума. Ён памёр у Кракаве 25 снежня на ўрачыстасць Божага Нараджэння ва ўзросце 68 гадоў.

230 абразоў Езуса


Тэматыка больш чым 700 абразоў Адольфа Хылы разнастайная. Гэта пераважна працы рэлігійнага зместу (абразы Езуса, Божай Маці, святых і благаслаўлёных, людзей Касцёла).

Таксама ён рабіў копіі абразоў вялікіх майстроў. Маляваў партрэты знакамітых палякаў, сваіх родных і сяброў, пейзажы. Сярод прац Адольфа Хылы — 230 абразоў Езуса Міласэрнага. Яны знаходзяцца ў касцёлах і кляштарах па ўсёй Польшчы, а таксама ў Англіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Угандзе, Замбіі і Інданэзіі.

Праз шмат гадоў Адольф Хыла быў мастаком амаль цалкам забытым. Ён застаўся, аднак, у памяці сям’і і супольнасці сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Там захоўваліся некаторыя яго абразы і дакументы. Прабел у ведах пра асобу і творчасць Адольфа Хылы запоўнілі навуковыя даследаванні і кнігі кс. Анджэя Вітко і кс. Пятра Шведа — знакамітых даследчыкаў культу Божай Міласэрнасці, культу св. Фаўстыны і спадчыны мастака з кракаўскіх Лагеўнікаў, а таксама асабістыя працы с. М. Эльжбеты Сепак ZMBM пра св. Фаўстыну і Божую Міласэрнасць.

Увагі заслугоўваюць таксама ўспаміны прафесара Эльжбеты Шчэпанец-Ценьцяк, пляменніцы і хрэсніцы Адольфа Хылы.

З 13 снежня 2013 г. імя Адольфа Хылы носіць адна з вуліц, якая вядзе да Лагеўніцкага санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Паводле Агнешкі Конік-Корн (часопіс Niedziela, № 41)
Пераклад з польскай Аксаны Ючкавіч

Абноўлена 30.11.2017 14:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа