У 15-ю гадавіну адыходу святога Яна Паўла ІІ у дом Нябеснага Айца прапануем паразважаць над тэстамэнтам Вялікага Папы, які ён пакінуў наступным пакаленням вернікаў Каталіцкага Касцёла.
Ян Павел ІІ пачаў пісаць свой Тэстамэнт ужо праз паўгады ад пачатку пантыфікату, у сакавіку 1979 года.
«„Не спіце, бо не ведаеце, у якую гадзіну Пан ваш прыйдзе“ (пар. Мц 24, 42) — гэтыя словы нагадваюць мне пра апошні покліч, які прагучыць тады, калі Пан пажадае», — такія першыя словы запісаў у тэстамэнце Ян Павел ІІ, якому тады не было яшчэ і 60-і гадоў.
Пазней ён дапаўняў тэкст сем разоў, прычым заўсёды падчас велікапосных рэкалекцый. Апошні запіс быў зроблены ім у 2000 годзе.
У гэтым незвычайным, вельмі асабістым дакуменце Папа з удзячнасцю ўзгадвае бацькоў, сям’ю, людзей, звязаных з блізкімі яму мясцінамі: Вадавіцамі, дзе ён нарадзіўся, пачатковай школай, гімназіяй, універсітэтам, фабрыкай, парафіяй у Негавіці, касцёлам святога Фларыяна…
«Усім хачу сказаць адно: Няхай Бог Вас узнагародзіць».
Просты і кранальны тэстамэнт Вялікага Папы заканчваецца прыведзенымі на лаціне словамі Хрыста: «У рукі Твае, Пане, аддаю я дух мой».