2 красавіка спаўняецца 15 гадоў з моманту адыходу ў дом Нябеснага Айца Папы Яна Паўла ІІ.
Апошняй нядзеляй у жыцці Папы была Велікодная нядзеля 27 сакавіка 2005 года. У гэты дзень хворы Папа падышоў да вакна сваіх апартаментаў, каб з гэтага месца прывітаць натоўпы вернікаў і турыстаў, сабраных на плошчы Святога Пятра і ўдзяліць традыцыйнае благаслаўленне Urbi et Orbi — «Гораду і свету».
Аднак ён ужо не быў у стане вымавіць ніводнага слова, а толькі благаславіў вернікаў.
Усведамленне ўсё большых фізічных абмежаванняў, несумненна, павялічвала пакуты Папы. Менш як за тыдзень да смерці ён прызнаўся тым, хто быў з ім: «Калі я не магу быць з людзьмі, калі не магу цэлебраваць святую Імшу ў такое вялікае свята, як Вялікдзень, калі не магу прамовіць, то лепш мне адысці».
За дзень да смерці Ян Павел ІІ развітаўся са сваім найбліжэйшым акружэннем, напісаўшы з дапамогаю арцыбіскупа Дзівіша на невялікім лістку:
«Я радасны, і вы таксама будзьце. Памолімся разам з радасцю. Усё даручаю Панне Марыі».
Ян Павел ІІ цудоўна разумеў, што памірае. У свой апошні дзень ён хацеў мець поўны спакой. Папрасіў чытаць яму Евангелле паводле святога Яна, а ўвечары звярнуўся да найбліжэйшых, каб адслужылі каля яго ложка святую Імшу, і прыняў яшчэ некалькі кропель Эўхарыстыі, пасля чаго пачаў паступова траціць свядомасць.
Папа памёр 2 красавіка 2005 года ва ўзросце 84-х гадоў. Смерць наступіла ў 21.37.
Пры ложку Яна Паўла ІІ, які паміраў у папскіх апартаментах, былі яго найбліжэйшыя супрацоўнікі: асабісты сакратар Папы арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш, яго вучань з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз Тадэвуш Стычань, ксёндз Мечыслаў Макшыцкі і сёстры сэрцанкі, якія штодзённа ім апекаваліся. Тут жа была таксама Ванда Пултаўска, якую з ксяндзом Каралем Вайтылам звязвала шматгадовае супрацоўніцтва і сяброўства.
За два дні да смерці Ян Павел ІІ даручыў Касцёл і свет Божай Міласэрнасці. У спецыяльнай тэлеграме ад 31 сакавіка 2005 года на ўрачыстасць Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках ён, між іншым, напісаў:
«Жадаю зноў даручыць гэтай Любові Касцёл і свет, усіх людзей на ўсёй зямлі, а таксама сябе самога ў маёй слабасці». Гэтая тэлеграма была прачытана на наступны дзень пасля смерці Папы ў нядзелю 3 красавіка.
Пантыфікат 264-а наступніка святога Пятра працягваўся 26 гадоў, 5 месяцаў і 16 дзён. Ён стаў трэцім па працягласці ў гісторыі Касцёла пасля святога Пятра і Пія ІХ. У агульных аўдыенцыях з Янам Паўлам ІІ узялі ўдзел каля 18 млн чалавек.
Згодна з традыцыяй пахавання Папаў, у труну з целам Яна Паўла ІІ быў пакладзены запаяны ў спецыяльную металічную капсулу яго кароткі жыццяпіс, напісаны на лаціне, — так званае rogito. Так пачынаецца гэты дакумент:
«У святле Хрыста ўваскрослага, 2 красавіка года Пана 2005, а гадзіне 21.37, калі заканчвалася субота і мы ўжо ўвайшлі ў дзень Пана ў актаве Пасхі і нядзелю Божай міласэрнасці, узлюблены пастыр Касцёла Ян Павел ІІ перайшоў з гэтага свету да Айца.
Яго адыход суправаджаў малітваю ўвесь Касцёл, асабліва моладзь».