У кожнага ў жыцці настае момант расстання з блізкім, любімым чалавекам. Разважаннямі пра тое, як па-хрысціянску перажыць цяжкія хвіліны жалобы, дзеляцца аўтаркі кнігі «Час расстання. Хрысціянскае перажыванне жалобы» Анна Чайкоўская WDC і Ірэна Златкоўская WDC. Сёння мы публікуем урыўкі з гэтай кнігі.
Сэнс цярпення
Любоў Бога Айца да кожнага чалавека, праяўленая ў тым, што Ён выдаў на цярпенне і смерць свайго Сына, пралівае шмат святла на сутнасць нашага цярпення. Яна сведчыць, што цяжкасці і выпрабаванні маюць сэнс толькі ў збаўчай перспектыве. Без веры і любові яны з’яўляюцца дэструктыўнаю сілаю, бо цярпенне, якое перажываецца без Хрыста, можа быць толькі пракляццем.
Таму можна сказаць, што наш спосаб перажывання цярпення перш за ўсё гаворыць нам самім пра тое, кім мы з’яўляемся: вучнямі Хрыста і дзецьмі Бога ці язычнікамі?
Кардынал Ёзаф Ратцынгер, вядомы сучасны тэолаг, папа Бэнэдыкт XVI на пенсіі, у кнізе «Смерць і вечнае жыццё» напісаў: «Чалавечнасць чалавека распазнаецца па яго адносінах да цярпення. Тут чалавек апынаецца ў непасрэднай канфрантацыі з тым фактам, што ён не сам распараджаецца сваім жыццём, што яго жыццё не з’яўляецца ягонаю ўласнасцю. Рэакцыя чалавека можа быць дваякаю. Ён можа супраціўляцца, спрабаваць, нягледзячы ні на што, аўтаномна кантраляваць сваё жыццё, а гэта значыць упасці ў роспачны, гнеўны бунт. Але можна ўскласці надзею на іншую Сілу, даверліва паддацца яе кіраўніцтву і не імкнуцца са страхам узяць усё ў свае рукі». <…>
Пры гэтым трэба памятаць, што слёзы, словы горычы, смутак, якія часта з’яўляюцца падчас цярпення, не азначаюць, што хтосьці церпіць не па-хрысціянску, бо і сам Хрыстус, калі вісеў на крыжы, усклікаў:
«Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мк 15, 34b).
Гэтыя знешнія праявы болю з-за нейкага цяжкага досведу з’яўляюцца нармальнаю чалавечаю рэакцыяй. Аднак важна, каб мы не затрымаліся на гэтым стане і зрабілі яшчэ адзін крок — крок веры, гэта значыць, даверылі Пану Богу саміх сябе і гэтую балесную рэчаіснасць (пар. Лк 23, 46а). <…>
Плён цярпення
Своеасаблівае memento.
Часта чалавек, які штодня жыве ў ціску цывілізацыйнай гонкі і ў клопатах пра зямныя даброты, не мае часу на роздум аб прыярытэтах чалавечага жыцця. Толькі якое-небудзь няшчасце змушае яго спыніцца, запаволіць тэмпы і адначасова стымулюе яго шукаць адказу на базавыя экзістэнцыйныя пытанні пра мэту і сэнс такога жыцця. <…>
Пакаянне ў грахах.
Наступствы граху часам пранікаюць у самую глыбіню нашых адносінаў з Богам і з людзьмі і балюча калечаць іх. Таму неабходна зрабіць усё магчымае, каб выпраўляць іх. Адною з формаў кампенсацыі з’яўляецца дабравольнае прыняцце цярпенняў, галоўным чынам — цярплівая згода на крыж, які мы мусім несці кожны дзень. <…>
Дар для іншых.
Гэтак жа, як Хрыстус цярпеў за нас, адкрываючы нам брамы Божага Валадарства, так і мы, наследуючы Яго любоў, можам зрабіць свае цярпенні дарам для людзей, якіх любім.
Смерць — цярпенне расстання
Адэкватнае перажыванне цяжкіх сітуацый — гэта шанц на сустрэчу з паўнатою ўцелаўлёнай Божай любові... Тады страта і смерць не будуць толькі ценем і попелам, якім пакрываецца кожная хвіліна нашага жыцця. <…>
Прымаючы ўдзел у пахаванні, у цырымоніі апускання цела ў зямлю, памятайма, што нашыя памерлыя блізкія знаходзяцца не ў магілах. Іх там няма, і нас таксама там не будзе. У магілах спачываюць толькі зямныя парэшткі чалавека, якія мы атуляем належнаю пашанаю. Гэта месца, куды мы можам прыйсці з кветкамі ці са знічам, дзе нам, мажліва, лягчэй маліцца за памерлых, але не тут знаходзіцца мэта нашага зямнога пілігрымавання. Для тых, хто верыць у Хрыста, могілкі з’яўляюцца таксама «зямлёю ўспаміну» пра абяцанне, якое нам даў Езус:
«У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я» (Ян 14, 2–3).
Трымаймася за гэтыя словы, як за выратавальны круг, каб пасля страты кагосьці любімага не патануць у бяздонні болю.
Малітвы расстання
Малітва слёз.
Давайце не будзем саромецца слёз расстання. Гэта праява не нашай слабой веры, а сапраўднай любові, бо Езус таксама, хоць і быў Сынам Божым, заплакаў каля магілы Лазара. Таму мы маем права на слёзы з прычыны страты. Нам даў іх сам Хрыстус. Аднак не ўсе могуць плакаць тады, калі трэба заняцца шматлікімі справамі, звязанымі са смерцю і пахаваннем. Часам трэба крыху пачакаць, перш чым мы зможам распачаць малітву слёз. Важна, каб яна адбылася, каб мы далі сабе такую магчымасць і ўрэшце заплакалі над памерлым чалавекам і над сваёю жалобаю.
Аднак, калі слёзы становяцца празмернымі, плач перастае быць малітваю.
Ён ужо не прыносіць суцяшэння, а ўсё больш уводзіць у стан прыгнечанасці нас саміх і тых людзей, якія знаходзяцца побач з намі. <…>
Малітва бунту.
Гэтай малітве нас вучыць Святое Пісанне, галоўным чынам псальмы. Калі мы зазірнем у гэтую кнігу, хутка заўважым там радкі, у якіх ёсць шмат болю, горычы і пачуцця пакінутасці. Але адначасова яны напісаныя рукою натхнёнага аўтара і дадзеныя нам як прыклад малітвы, якую Бог жадае чуць: «Як доўга яшчэ, Пане, будзеш вечна забываць пра мяне? Як доўга яшчэ будзеш адварочваць ад мяне сваё аблічча? Як доўга мне яшчэ насіць змаганні ў душы сваёй? Смутак у сэрцы сваім дзень за днём? <…> Паглядзі, адкажы мне, Пане Божа мой, асвятлі мае вочы, каб не заснуў я сном смяротным» (Пс 13 [12], 2–3а. 5). <…>
Заўважым, што псальміст, наракаючы, абвінавачваючы ў адпрэчванні, асуджаючы за недахоп любові ці зацікаўленасці чалавечымі лёсамі, увесь час звяртаецца да Бога, а значыць моліцца!
Для Пана Бога важна, каб мы станавіліся на малітву ва ўсёй праўдзе свайго сэрца. Калі ў дадзены момант жыцця я адчуваю пранізлівы боль і пакінутасць, то было б проста фарысействам рабіць выгляд, што гэта не так. Бог і так ведае праўду пра нас, таму хоча, каб на малітве мы былі праўдзівымі — і перад Ім, і перад самімі сабою.
Малітва супольнасці Касцёла.
Вялікаю мудрасцю Касцёла з’яўляюцца пахавальныя цырымоніі.
Гэта адзін з найважнейшых спосабаў разважання над расстаннем з памерлым, такога, каб у сэрцы было пасеяна чаканне сустрэчы, якая адбудзецца ўжо ў паўнаце радасці ў Доме Айца. У нашым краі практыкуецца звычай збірацца каля труны з целам памерлага, каб маліцца ў супольнасці людзей, якіх у рознай ступені закрануў боль расстання. <…>
Малітва спадарожнічае памерламу таксама ў дарозе да касцёла і потым — да могілак. А яе кульмінацыйным момантам з’яўляецца Эўхарыстыя, цэлебраваная ў інтэнцыі памерлага.
Святая Імша — гэта самы каштоўны дар для любімага чалавека, з якім мы развітваемся, а таксама для тых, хто застаецца ў жалобе.
У ёй Хрыстус аддае самога сябе ў ахвяру, перамагае смерць і адорвае вечным жыццём.
Цярплівасць у малітве.
Трэба вытрываць у пастанове маліцца для таго, каб жалоба, асабліва перажытая няправільна, не знішчыла нас і нашых адносінаў з людзьмі. Вытрываць хаця б у такой простай і кароткай малітве, як адзін уздых сэрца:
«Божа, дадай мне сілаў», «Пане, змілуйся над намі», «Стань каля мяне, Пане, бо я прыгнечаны».
Для пачатку гэтага хопіць. Потым трэба дазволіць сабе хвіліны задумення, разважання, услухоўвання ў тое, што Пан Бог хоча мне сказаць. Хвіліна чытання Божага слова, спалучаная з кароткаю рэфлексіяй, можа, і не адразу рассее змрок цярпення, можа, не палепшыць самаадчування, але паволі падрыхтуе нас да таго, каб з нашых вачэй спала заслона і дазволіла нам выйсці насустрач таму, чаго жадае Пан Бог. Дзякуючы гэтай малітве мы ўрэшце зможам паглядзець на ўсё вачыма веры і ў яе святле адкрыемся на далейшыя жыццёвыя выклікі.