Пошук

31.07.2018 15:45   Ілья Лапато / Catholic.by

Пра Беларусь ён гаворыць проста: «Яе або любіш, або не. Я — люблю». Усмешлівы і прамалінейны — Міхаэль Дэмен — кіраўнік замежнага аддзела Мальтыйскай службы дапамогі з нямецкага гарадка Фехта.

У гутарцы з Catholic.by мужчына распавядае пра дабрачынныя праекты мальтыйцаў у Беларусі і на сваім прыкладзе пацвярджае, што памагаць людзям зусім нескладана.

«Беларусь я параўноўваю са Злучанымі Штатамі...»

— Упершыню Беларусь я наведаў у 2005-ым годзе. Мы прыязджалі з гуманітарным транспартам — прадуктовымі наборамі і адзеннем — у Гродзенскую дыяцэзію. Наведвалі Гродна, а таксама іншыя гарады і мястэчкі: Слонім, Бярозаўку, Воранава, Іўе і г.д. 

Пазней мы проста збіралі ахвяраванні, каб набываць прадукты на месцы, бо не кожны разумее нямецкую мову, каб расчытваць надпісы на ўпакоўках.

Паступова мы пачалі збіраць ахвяраванні на рэалізацыю мясцовых праектаў. Такім чынам прывоз адзення на старым аўтамабілі стаў ужо неактуальным.

Адкрыццё кухні ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Маладзечна, 3 кастрычніка 2017 г

Як правіла, мальтыйцы працуюць толькі з тымі краінамі, дзе ёсць прадстаўніцтвы Мальтыйскай супольнасці. У Беларусі такога прадстаўніцтва няма, таму мы працуем праз дабрачыннае таварыства «Карытас».

У Слоніме пры нашай падтрымцы працуе сталярня, а ў ваколіцах горада — вучэбная кухня для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Я больш не суправаджаю грузы, а вяду перамовы з партнёрамі пра магчымыя праекты. У апошнія гады Беларусь наведваю рэгулярна чатыры–шэсць разоў на год. Вашу краіну я параўноўваю са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Для немцаў гэта нейкая далячынь. Невядомая, але цікавая, як і людзі адтуль.

— Якія змены ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі заўважылі за гэты час?

— Кожны раз гэта можа быць дробязь, але яна кідаецца ў вочы і ты разумееш, што Касцёл у Беларусі не стаіць на месцы. Нават калі ўзяць простую шыльду «Карытас» на ўваходзе ў іх цэнтры ў Ляскоўцы. Новая і добра бачная — ужо крок наперад (усміхаецца — заўв. рэд.).

Цешыць прысутнасць у сацыяльных сетках грамадскіх і касцёльных устаноў. Гэтая прысутнасць вельмі важная. Можна быць у курсе апошніх навін і такім чынам сачыць за дзейнасцю арганізацыі. Гэта вялікі плюс. У некаторых рэчах, што датычацца развіцця, мы можам у вас нават павучыцца.

— У чым заключаецца ваша праца як прадстаўніка Мальтыйскай службы дапамогі?

— Я працую ў гарадку Фехта рэферэнтам замежнага аддзела мальтыйцаў у зямлі Ольдэнбург. У той жа час на дзяржаўным узроўні ў Германіі прадстаўляю інтарэсы Мальтыйскай службы дапамогі як кіраўнік офіса па Берарусі.

Гальштук у жоўта-сінюю палоску — колеры Мальтыйскай службы дапамогі

Мальтыйцы і замежны аддзел іх службы працуе сёння толькі з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Акрамя Фехта мальтыйцы маюць офісы ў Падэборне і Штутгарце. Розніца толькі ў тым, што бюро ў гэтых месцах больш засяроджана на праектах, а не на гуманітарных транспартах.

У Фехта мы працуем з трымя краінамі — Польшча, Беларусь і Літва. Я размаўляю з партнёрамі ў гэтых краінах і высвятляю, якім чынам мы можам дапамагчы.

З прадстаўніцтвам у Падэборне мы былі ў мінулым годзе ў Маладзечне, дзе наведалі дзіцячы карэкцыйны садок. Тады было вырашана дапамагчы ў праекце рамонту кухні.

— Хто фінансуе Мальтыйскую службу дапамогі?

— Самі мальтыйцы бедныя (усміхаецца — заўв. рэд.), у нашай арганізацыі зусім няшмат грошай. Але мы спрабуем знайсці партнёраў, якія маглі б падтрымаць той ці іншы праект.

Такім чынам мы становімся пасрэднікамі паміж мясцовым «Карытас» і ахвярадаўцамі ў Германіі. Грошы наўпрост ад саміх мальтыйцаў ніколі не паступаюць.

— А як збіралі гуманітарную дапамогу раней? Гэта таксама былі ахвяраванні людзей?

— Так, у Фехта мы працавалі з мясцовай прэсай, з дзіцячымі садкамі і школамі. Збіралі пусты картон, а пасля ў гэтых школах і садках пакавалі прадуктовыя наборы і адзенне ў пакеты. Пазней пераносілі ў грузавыя аўтамабілі і ехалі сюды — на усход.

Падчас адкрыцця кухні ў маладзечанскім Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі

Калі нам штосьці трэба — заўсёды адгукаюцца валанцёры, якія робяць усё. Таксама ў нас добра наладжана лагістыка. Я толькі кірую працэсам.

— Якія праекты ажыццяўляюцца сёння ў Беларусі дзякуючы мальтыйцам?

— Як я ўжо згадаў, мы пачыналі працаваць са Слонімам і Воранавам. Пазней гэта была кухня ў Маладзечне, а таксама шэраг праектаў падобнага кшталту. У Воранаве быў праект па падтрымцы людзей з псіханеўралагічнага інтэрнату, магчымасць іх далейшай працы ў галіне сельскай гаспадаркі.  Намі быў пасаджаны пладовы сад.

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мы падтрымалі праекты ў Багданаве, Маладзечне, Любані. Гэта не азначае, што мы дапамагалі грашова: часам гэта была падтрымка гуманітарным транспартам.

— Калі хтосьці ў Беларусі захоча звярнуцца ў Мальтыйскую службу дапамогі, што яму рабіць?

— Усё проста. Калі хтосьці хацеў бы ажыццявіць сацыяльны праект, яму трэба звярнуцца ў мясцовы «Карытас».

Разам з бр. Андрэем Жылевічам OFM Cap, дырэктарам «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Ці «Карытас» звернецца да нас, гэта ўжо іншае пытанне. Мы — не адзіныя іх партнёры.Таксама важна разумець, што мы не інвестуем у будынкі. Як правіла, мы памагаем пажылым людзям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Cтараемся стварыць базу для дапамогі, але не працуем з праектамі, звязанымі з будаўніцтвам сакральных будынкаў або якіх-небудзь іншых дамоў.

— Як даўно дзейнічае ў Еўропе Мальтыйская служба дапамогі?

— Важна размяжоўваць Мальтыйскі ордэн і Мальтыйскую службу дапамогі. Служба дапамогі была заснавана пасля Другой сусветнай вайны ў пачатку 1950-х.

Гэта была ініцыятыва нямецкага ўраду, каб дапамагаць найбольш збяднелым раёнам Германіі. З таго часу ў такім рэчышчы мы і развіваемся. У Еўропе амаль паўсюль ёсць прадстаўніцтвы Мальтыйскай службы дапамогі.

Напрыклад, у Францыі бюро Мальтыйскай службы дапамогі працуе з былымі французскімі калоніямі.

У нямецкім бюро ў Фехта я працую адзін. Усе астатнія — валанцёры, якія працуюць на грамадскіх пачатках. Ды й сам я аформлены толькі на 12 гадзін, увесь астатні час працую дабравольна.

— У чым сакрэт пры пошуку валанцёраў?

— Пра валанцёрства трэба расказваць, папулярызаваць яго. Поспех валанцёрства як з’явы — у заахвочванні да такой працы маладога пакалення. Трэба сустракацца з моладдзю, прапаноўваць ім супрацоўніцтва.

У Касцёле ў Беларусі ёсць добрыя прыклады працы з валанцёрамі. Тут многія працуюць бясплатна, толькі не ўсе ведаюць пра гэтую працу.

— Распавядзіце пра свой вопыт валанцёрства акрамя Мальтыйскай службы дапамогі.

— Да 2016 года я быў валанцёрам у лагеры для бежанцаў. Адказваў за будаўніцтва часовых прытулкаў на 500–600 чалавек.

Праз нейкі час мы з жонкай вырашылі ўзяць да сябе з лагера 15-гадовага сірыйца, які трапіў у Германію без бацькоў. Пазней удалося перавезці ў Германію і ўсю іх сям’ю: тату, маму, пяць братоў і сясцёр. Мы прытулілі ўсіх.

Сёння, калі расказваем камусьці пра гэтую сірыйскую сям’ю, ці калі яны гавораць пра нас, ужываем слова «сям’я». І гэта шчыра. Я стаў ім практычна дзядулем, а жонка — бабуляй.

Сёння я на пенсіі. Раней працаваў у войску — 33 гады быў салдатам. Я дасягнуў усяго, чаго хацеў. У мяне ёсць жонка і трое дарослых дзяцей. Я здаровы і маю шчасце займацца тым, чым хачу і што прыносіць задавальненне.

Абноўлена 31.07.2018 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.