Пошук

26.07.2018 08:00   Падрыхтаваў: Кс. Кірыл Бардонаў / Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

З 21 па 29 ліпеня ў «Музычнай майстэрні» пры францішканскім кляштары ў Івянцы на працягу дзевяці дзён больш за паўтары сотні маладых хрысціянскіх музыкаў з усёй Беларусі спасцігалі таямніцы літургічнага спеву і музычнага праслаўлення Бога.

У гэтым ім дапамагалі прафесійныя выканаўцы — Хуберт Кавальскі, вядомая асоба ў польскай хрысціянскай музыцы, а таксама Ян Паспяшальскі, нязменны кіраўнік праекта «Музычнай майстэрні». Дырэктар партала Сatholic.by кс. Кірыл Бардонаў паразмаўляў у вольную хвіліну майстэрні з Хубертам Кавальскім.

— Вы прыязджаеце ў Івянец на музычную майстэрню ўжо трэці раз. Якім бачыце сваё заданне тут і чаму ўвогуле служыць майстэрня?

— Задача арганізатараў майстэрні ахоплівае два аспекты. Першы аспект — чыста музычны. Мы спрабуем паказаць удзельнікам, што для таго, каб займацца музыкай, неабходна мець адкрытае сэрца, волю, здольнасць успрымаць і жаданне дзейнічаць. Неабходны хтосьці з адпаведным вопытам, хто зможа павесці, пакіраваць моладдзю, каб яны ведалі, як могуць ужыць свае здольнасці. Таксама мы паказваем, якое гэта прыносіць задавальненне — рабіць разам штосьці добрае, напрыклад, навучыцца выконваць музычныя творы.

Другі аспект — духоўны. У большасці выпадкаў мы маем справу з рэлігійнымі творамі. Першая група — творы, якія прызначаны для літургіі, асабліва для святой Імшы, а таксама для іншых малітоўных сходаў. Другая група твораў — гэта тыя, якія выкарыстоўваюцца ў евангелізацыйнай дзейнасці, але прызначаныя для выканання па-за касцёльнымі будынкамі: у канцэртнай зале, на сустрэчах моладзі…

Слухаючы творы такога кшталту, адчуваеш, што чагосьці не хапае, калі людзі, якія іх выконваюць, не прайшлі праз асабістую сустрэчу са Словам, якое яны спяваюць.

Мы схіляем іх згадзіцца на такую сустрэчу; сустрэцца са словам, якое яны спяваюць, вельмі асабіста. Калі выразіць у музыцы тое, як Божае слова дзейнічае ў жыцці чалавека, то яна становіцца асабістай малітвай. Такое вызнанне веры можа служыць дабру выканаўцы і супольнасці, у якой ён нясе служэнне.

— У чым асаблівасць літургічнай музыкі ў лацінскім абрадзе?

— Літургічная музыка — гэта штосьці вельмі выключнае. Найчасцей мы думаем пра яе ў кантэксце святой вяршыні дзейнасці Касцёла: Эўхарыстыі. Калі Эўхарыстыя — гэта вяршыня і крыніца жыцця хрысціяніна, то спеў з’яўляецца інтэгральнай часткай літургіі, прычым часткай выключнай.

Функцыя музыкі ў літургіі вельмі ўзнёслая, таму мы павінны імкнуцца, каб яна была як мага больш прыгожай.

У касцёл могуць прыходзіць людзі, якія не маюць глыбокага вопыту веры. У такім выпадку з’яўляецца добрая магчымасць літургічнай музыкай змякчыць чалавечыя сэрцы. Здольнасць успрымаць прыгожае дапамагае адкрыцца для Слова, якое прамаўляецца ў літургіі.

— Некаторыя абвінавачваюць сучасныя літургічныя творы ў тым, што яны становяцца больш свецкімі. Ці вы згодныя з такім меркаваннем?

— У розных дакументах Касцёл акрэслівае ці арыентуе, што ўласціва літургіі. Гэта датычыцца таксама літургічнай музыкі і спеву. Папа Францішак у адным са сваіх выказванняў падкрэсліў, што літургічныя традыцыі прыгожыя, добрыя самі па сабе, аднак часам людзі могуць перастаць адчуваць, што тая ці іншая традыцыя выражае. Тады можа адбыцца дзіўная сітуацыя, калі сама музыка не будзе пераносіць людзей у прастору веры.

Група людзей, якая з верай падыходзіць да сваёй літургічнай паслугі, выкарыстае традыцыйны літургічны спеў зусім інакш, чым калі б яго выбралі з-за абыякавасці або толькі таму, што так кажуць прадпісанні.

Калі хтосьці лічыць, што літургія целебруецца добра толькі таму, што выкананы ўсе прадпісанні, то ў такім выпадку літургія становіцца мёртвай. Калі па-за касцёлам людзі жывуць верай, то яны ўдзельнічаюць у жывой літургіі. Літургія не можа стаць архаічным тэатрам.

У літургію праніклі некаторыя музычныя тэндэнцыі, якія Касцёлам успрымаюцца як сумніўныя. Гэта датычыцца репертуару і музычных інструментаў. Некаторыя супольнасці адчуваюць, што ім так добра, і таму выбіраюць такія спевы і музыку, не звяртаючы ўвагі на тое, што Касцёл кажа пра літургію. Гэтыя людзі хоць і кіруюцца верай, але не маюць сувязі з традыцыяй і павагі да яе.

Я ўпэўнены, што тут неабходна шукаць кампраміс. Прыхільнікаў абодвух крайнасцяў неабходна пераконваць, што самае важнае — гэта дух, іх вера. Калі людзі праз тое, што робяць, адкрываюць Бога, жывуць з Богам штодня, то паступова Ён сам выхоўвае іх.

Прывяду прыклад. Адна харызматычная супольнасць, якая выконвала сучасныя спевы, што не вельмі пасавалі да літургіі, з цягам часу стала выбіраць і традыцыйныя творы. І наадварот, людзі, якія спявалі толькі традыцыйныя спевы, грыгарыянскі харал, паступова выбіралі таксама і спеў на галасы, сучасныя творы.

Адказваючы тым, хто крытыкуе розныя злоўжыванні ў літургіі, я кажу: «А што ты зрабіў, каб пазнаёміцца з гэтымі людзьмі, зразумець, чаму яны так робяць, і дапамагчы ім у развіцці?»

Мы мала размаўляем пра літургію, не паказваем яе глыбіню.

Фінальны канцэрт сёлетняй «Музычнай Майстэрні» адбудзецца ў Івянцы ў суботу 28 ліпеня. Пачатак — у 20.30.

Абноўлена 26.07.2018 14:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа