Пошук


На сёлетніх урачыстасцях у Будславе і Браславе галоўны арганіст і капельмайстар мінскага архікатэдральнага касцёла Уладзімір Неўдах атрымаў ганаровую грамату за ўклад у станаўленне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Як адраджалася сучасная касцёльная музыка ў Беларусі і чым яна жыве сёння – на гэтыя і іншыя пытанні музыкант адказаў Catholic.by.

— Уладзімір Васільевіч, што Вас прывяло ў Касцёл як арганіста і дырыжора? Можаце ўспомніць гэты момант?

— Гэта адбылося 25 гадоў таму. Усе мае продкі паходзяць з Пінска, і калісьці ў дзяцінстве мне давялося ўбачыць у пінскай катэдры арган. Менавіта тады я зразумеў, што хачу іграць на такім інструменце.

Калі ў дзіцячы садок прыйшлі піяністы і скрыпачы адбіраць дзяцей у музычную школу, то яны нават наконт мяне спрачаліся. Але мне прыйшлося ісці вучыцца на скрыпку, таму што піяніна не было куды ставіць. Да ўсяго мне сказалі: «твае доўгія пальцы больш падыходзяць для скрыпкі».

Вось такім чынам я скончыў курс па скрыпцы, потым, ужо ў старэйшых класах, па фартэпіяна і ўжо далей ішоў з такой марай, што ў мяне з’явіцца магчымасць іграць на аргане. І гэта, дзякуй Богу, адбылося.

— Вы стаялі ля вытокаў касцёльнай музыкі ў Беларусі. Распавядзіце, як гэта ўсё пачыналася?

— Я пачаў іграць у касцёле св. Роха на Залатой Горцы. Тады гэта была камерная зала філармоніі. І там я пачаў выступаць з канцэртамі. Нам дазволілі весці тады службы толькі раніцай: з 8-й па 10-ю. А ў нядзелю больш.

Я памятаю, што наконт першай службы мы яшчэ не да канца дамовіліся, і я іграў на раялі. Там была яшчэ канцэртная зала, у якой, канешне, я таксама іграў.

А вось песень тады ніякіх не было, таму старэйшыя жанчыны з парафіі прыносілі старыя малітоўнікі «Голас душы», выдадзеныя на лацінцы ў 30-я гады ў Вільні, у якіх былі толькі тэксты і не было ніякіх мелодый.

Тады мой першы пробашч кс. Міхал Сапель сказаў: «Я ведаю, куды трэба ехаць». І павёз мяне на Браслаўшчыну, туды, дзе жылі яшчэ нашчадкі старых арганістаў. А тыя людзі памяталі, што быў той час, калі яны яшчэ па-беларуску спявалі.

Таксама некалькі песень назбіраў кс. Уладзіслаў Чарняўскі. І вось такім чынам ужо ў 1992 годзе ўдалося з гэтага сабранага матэрыялу выдаць першы зборнік «Беларуская каталіцкая музыка для змешанага хору».

— Ведаю, што Вы ўдзельнічалі ў праекце «Тыдзень касцёльнай музыкі». Што гэта за праект? І чым ён жыве сёння?

— Так, гэты праект я і заснаваў. У нас адбылося трынаццаць такіх сустрэч. Яны, канешне, будуць і далей працягвацца. Трэба, безумоўна, трошкі перайначыць арганізацыю, больш адпаведную для сучаснага моманту. Гэтым і будзем займацца.

Сёлета мы паспрабавалі ў Браславе зрабіць «Тыдзень касцёльнага спеву», займаліся выключна толькі спевамі. Гэта была даволі добрая справа. Удалося з кожным персанальна займацца правільнай пастаноўкай голасу, а таксама мы змаглі разам з мясцовым хорам і хорам удзельнікаў, якія спецыяльна прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі, добра падрыхтаваць урачыстасць Маці Божай Валадаркі азёраў.

— Для гімна касцёла ў Параф’янаве Вы напісалі музыку. Значыць, да ўсяго Вы яшчэ і кампазітар?

— Так, напісаў, да Маці Божай. Тады адзначалася стагоддзе касцёла. Таксама і наш архікатэдральны касцёл мае той жа тытул. І калісьці да 300-годдзя нашага касцёла я напісаў спеў да Найсвяцейшага Імя Маці Божай. А ў адзін з адпачынкаў, без інструмента і нотнай паперы (прыйшлося маляваць усё ад рукі) я напісаў песню да Маці Божай Браслаўскай.

— А што Вас натхняе на напісанне музыкі?

— Натхняе чаканне гэтай урачыстасці, якую хацелася б нейкім чынам паспрабаваць упрыгожыць.

— Якое значэнне для Вас асабіста мае тое, чым Вы займаецеся?

— Я ўдзячны за тое, што атрымаў такую вялікую ўзнагароду падчас урачыстасцяў у Будславе. У агульным часе гэта невялікі перыяд. Мне здаецца, што таго, што я зрабіў, таксама няшмат. Трэба зрабіць яшчэ больш і яшчэ лепш.

Хочацца пажадаць усім тым, хто займаецца касцёльнай музыкай, каб яны працягвалі гэта рабіць, каб сапраўды паляпшалі і свае ўласныя якасці, і дапамагалі іншым людзям у гэтым паляпшэнні. І каб гэта прыносіла свой плён, таму што гэта, з аднаго боку, справа адказная, а з другога — любімая справа.

— Што, на Ваш погляд, трэба рабіць, каб творчасць не проста заставалася творчасцю, а служыла дабру?

— Важна, каб чалавек унутры быў добрым і веруючым, каб з ягонай творчасці таксама зыходзіла дабрыня, якая адпавядала б агульнаразлітай у паветры дабрыні. Калі будуць супадаць гэтыя імкненні, тады і будзе дасягнута гармонія.

Размаўляла Марына Валасар

Абноўлена 11.07.2017 15:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.