Аб місіянерскай працы ў адной з самых вялікіх дыяцэзій у свеце — дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку (Сібір) — апавядае ў інтэрв’ю з кс. Віктарам Місевічам с. Іна Бальцэвіч з Кангрэгацыі Сясцёр Адараторак Крыві Хрыста. Доўгі час с. Іна працавала ў Докшыцах (Віцебская вобласць) і ўжо паўгода працуе ў сібірскім горадзе Ачынск.
— Сястра Іна, Вы прыехалі да нас з Сібіры, дзе на дадзеным этапе нясеце сваё служэнне. Скажыце, калі ласка, дзе знаходзіцца Ваша парафія?
— Я працую ў г. Ачынску. Гэта прыкладна 170 км на захад ад Краснаярска. А наогул сталіцай нашай дыяцэзіі з’яўляецца горад Іркуцк, да якога ад нашай парафіі 1400 км.
— Сцвярджаецца, што дыяцэзія Святога Юзафа ў Іркуцку самая вялікая ў свеце. Ці саўпраўды гэта так?
— Гэта сапраўды так. Наша дыяцэзія, названая ў гонар святога Юзафа, прасціраецца ад Краснаярска да Камчаткі, ад Якуціі да Рэспублікі Хакасія, што на поўдні Расіі. Тэрытарыяльна ўся дыяцэзія знаходзіцца ў Азіі.
— Ардынарыем Вашай дыяцэзіі з’яўляецца біскуп Кірыл Клімовіч, былы пробашч глыбоцкай парафіі і пазнейшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хто сёння дапамагае яму ў абвяшчэнні Евангелля ў Сібіры?
— У дыяцэзіі працуе каля 60 святароў. Зразумела, што большасць з іх не мясцовыя, не расіяне, таму што Касцёл у Расіі спазнаў на сабе знішчальны пераслед атэістычных уладаў. Ён усцяж яшчэ адраджаецца. У дыяцэзіі вельмі шмат святароў з Польшчы і Славакіі, ёсць таксама святары з ЗША і Індыі. Менавіта яны нясуць увесь цяжар місіянерскай працы.
— Іх праца, напэўна, ускладняецца яшчэ і няпростымі кліматычнымі ўмовамі?
— Безумоўна, гэта ж Сібір. У Ачынску, дзе я працую, зімой тэмпература дасягае -43˚С. Сам жа зімовы перыяд доўжыцца ад кастрычніка да мая.
— Думаю, Вам не прыходзіцца сутыкацца з натоўпамі вернікаў. У чым заключаецца Ваша дзейнасць у парафіі?
— Мы выконваем усю неабходную працу пры касцёле: падрыхтоўваем усё для набажэнстваў, прыбіраем святыню. Вельмі развіта ў нас дабрачынная дзейнасць — мы працуем з дзецьмі з бедных сем’яў. У нашым парафіяльным доме створаны ўсе ўмовы для таго, каб на нейкі час прыняць групу дзяцей. Ездзім па навакольных вёсках, шукаем католікаў, дапамагаем бедным сем’ям па лініі фонду «Карытас».
— Скажыце, калі ласка, якіх нацыянальнасцяў католікі сібірскай дыяцэзіі? Ці ёсць сярод іх беларусы?
— Гэта ў асноўным нашчадкі ссыльных палякаў, літоўцаў. Ёсць адносна вялікая група латгалаў. Дарэчы, яны выразна падкрэсліваюць, што Яны менавіта латгалы, і не пагаджаюцца, калі іх называеш латышамі. Іх продкі яшчэ ў царскія часы самі пераехалі ў Сібір у пошуках зямлі і лепшай долі. Што адметна, многія з іх памятаюць сваю мову. Адносна беларусаў католікаў нашыя святары кажуць, што іх вельмі шмат на Камчатцы. Аднойчы я сустрэла беларуса і ў нашай парафіі. Ён родам з Задарожжа, што каля Глыбокага.
— Місіянерская праца нялёгкая. Асабліва пасля спусташальнай атэістычнай палітыкі савецкіх уладаў. Ці даводзіцца Вам бачыць плады сваёй працы? Ці назіраецца навяртанне людзей да Бога?
— Сапраўды, у Сібіры праца не з лёгкіх. Пра рэлігійнае спусташэнне там сведчыць ужо хаця б тое, што на ўвесь 120-тысячны Ачынск прыходзіцца толькі адна царква. Пануе рэлігійная абыякавасць. Аднак ёсць і навяртанні. Некаторыя дзеткі, з якімі мы працуем, з дазволу бацькоў прымаюць хрост, прыступаюць да першай споведзі і Першай святой Камуніі. І сярод дарослых ёсць тыя, якія пасля працяглых пошукаў знаходзяць Бога.
— Увесь час даводзіцца чуць абвінавачванні з боку Рускай Праваслаўнай Царквы ў адрас католікаў у Расіі, што яны займаюцца празелітызмам — пераманьваюць у Касцёл праваслаўных. Ці маюць такія абвінавачванні нейкую падставу?
— Гэта няпраўда. З працы ў сваёй парафіі я ведаю, што тыя, хто пераходзіць у супольнасць Каталіцкага Касцёла, праходзяць поўную падрыхтоўку да хросту. Гэта значыць, першапачаткова яны не належаць да ні да якой канфесіі. У Сібіры дастаткова працы для ўсіх — і для нас, і для праваслаўных. Шмат дзе пануе язычніцтва і вера ў забабоны.
— Ці ёсць у Вашай дыяцэзіі рэгіёны, дзе місіянерская праца сустракаецца з адкрытай прыязнасцю з боку насельніцтва?
— Славацкія святары, якія працуюць сярод паўночных народаў, распавядалі, што мясцовае насельніцтва вельмі прыхільна ставіцца да каталіцызму. Яны цэняць тое, што ў Касцёле кожны можа захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і нават паглыбляць яе. Аб чым не заўсёды можна сказаць пра рускае праваслаўе.
— Сястра Іна, жадаю Вам моцы Духа Святога ў нялёгкай працы ў Сібіры, заўсёды прыязных людзей на Вашым місіянерскім шляху і моцнага здароўя. Памятайце, што Вы заўсёды чаканы госць на Радзіме. Дзякуй за размову!
— Дзякуй вялікі. Давяраюся Вашым малітвам.
Размаўляў кс. Віктар Місевіч