Пошук

25.05.2020 13:53   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

25 мая прайшло надзвычайнае анлайн-пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Па яго выніках Старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні Catholic.by.

— Ваша Эксцэленцыя, чаму Пленарнае пасяджэнне ККББ сёння прайшло ў такім незвычайным фармаце?

— Прычыны відавочныя: выкліканая пандэміяй каранавірусу сітуацыя не дазваляе нам сабрацца разам, але пры гэтым патрабуе хуткага прыняцця некаторых канкрэтных рашэнняў, важных для ўсяго Касцёла на Беларусі. Праз тыдзень завяршаецца Велікодны перыяд, але многія пакуль не змаглі прыступіць да Камуніі, як гэтага патрабуе касцёльны наказ.

Нам як пастырам трэба было неадкладна штосьці з гэтым зрабіць.

Неабходна было таксама абмеркаваць пытанні адносна працэсій Божага Цела і сёлетняга Будслаўскага фэсту. Каб хутка іх вырашыць, мы выкарысталі сучасныя сродкі масавай камунікацыі. Пасяджэнне ККББ у такім фармаце адбылося ўпершыню і, як мне здаецца, «першы блін» не быў «комам».

— Ці ўсе біскупы змаглі ўдзельнічаць? Як здароўе біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі?

— Так, у анлайн-пасяджэнні ККББ узялі ўдзел усе біскупы і айцец архімандрыт Сяргей Гаек.

Дзякуй Богу, біскуп Антоні Дзям’янка адчувае сябе нядрэнна. Ён актыўна ўключыўся ў супольнае абмеркаванне.

Вядома, што яму яшчэ патрэбны час на рэабілітацыю, але ўсё ідзе добра.

— На гэтым пазачарговым пасяджэнні былі прынятыя важныя рашэнні, у прыватнасці, пра перанос фэсту ў Будславе. Як у сувязі з гэтым плануецца арганізоўваць пілігрымкі?

— Усімі біскупамі калегіяльна было прынята няпростае рашэнне: перанесці сёлетні Будслаўскі фэст на пазнейшы час.

Канкрэтны тэрмін яго арганізацыі і магчымасць пілігрымак будуць вызначаны пазней, у залежнасці ад таго, як у Беларусі будзе развівацца эпідэміялагічная сітуацыя.

Пакуль складана казаць пра тое, калі і як гэта будзе адбывацца. Але мы не трацім надзею ўшанаваць сёлета Маці Божую ў нашым Нацыянальным санктуарыі.

— А ці змогуць вернікі ў прыватным парадку прыехаць у Нацыянальны санктуарый на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня?

— Так, хоць пажадана пазбегнуць вялікага наплыву людзей з розных мясцовасцяў.

Адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе адбудуцца 2 ліпеня. Праграму іх правядзення падрыхтуе пробашч, ксёндз Дзмітрый Дубовік, па ўзгадненні з курыяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Больш дакладная інфармацыя таксама з’явіцца пазней.

Фота Віталія Палінеўскага

— А як мы будзем сёлета святкаваць урачыстасць Божага Цела?

— У гэтым годзе вялікіх агульнагарадскіх працэсій Божага Цела не будзе не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. Працэсіі будуць арганізаваны ў парафіях паводле разважлівага меркавання пробашчаў і рэальных магчымасцяў на месцах.

— Многія вернікі пытаюцца, да якога часу будзе дзейнічаць дыспенса ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелю і абавязковыя ўрачыстасці: ці ёсць планы па яе адмене ў бліжэйшы час?

— Гэтае пытанне пакуль нават не абмяркоўвалася. Дыспенса актуальная да яе афіцыйнага адклікання, пра што ў адпаведны час будзе абавязкова паведамлена.

Пакуль тыя, хто адчуваюць страх заражэння, могуць заставацца дома і духоўна далучацца да святой Імшы з дапамогай анлайн-трансляцый.

— Вернікаў турбуе таксама і тое, як у такой складанай эпідэміялагічнай сітуацыі выканаць касцёльны наказ адносна абавязку святой Камуніі ў Велікодны перыяд, бо многія не змаглі ні прыступіць да споведзі, ані прыняць Камунію, а Велікодны перыяд праз тыдзень завяршаецца?

— Гэтае пытанне было разгледжана біскупамі.

Час, калі вернікі могуць выканаць абавязак, які накладаюць на іх касцёльныя наказы, працягнуты да 15 жніўня.

— Як бачым, жыццё Касцёла ў сувязі з пандэміяй моцна змянілася: практычна ўсе важныя мерапрыемствы пераносяцца на пазнейшы час. А ці плануюцца ў чэрвені наогул нейкія ўрачыстасці, па якіх ужо сумуюць вернікі?

— Нічога спецыяльнага на чэрвень не прадугледжана.

Парафіяльныя адпусты адбываюцца паводле разважлівага меркавання пробашчаў і толькі пасля ўзгаднення праграмы з дыяцэзіяльнымі курыямі. У сённяшняй сітуацыі, на жаль, няма магчымасці праводзіць нейкія вялікія ўрачыстасці. Таму нам разам з вернікамі давядзецца яшчэ крышачку пачакаць.

— Ваша Эксцэленцыя, ужо ў другі раз беларускі епіскапат яднаецца анлайн: тыдзень таму была супольная малітва ў 100-ю гадавіну з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ, сёння — надзвычайнае пасяджэнне ККББ. Ці не плануеце Вы і ў далейшым карыстацца такой формай дыстанцыйных нарад?

— Так, мы абавязкова будзем выкарыстоўваць гэты метад камунікацыі і прыняцця рашэнняў.

Таму я яшчэ раз хачу шчыра падзякаваць ксяндзу каноніку Юрыю Санько за прапанаваную ініцыятыву і парталу Сatholic.by за яе рэалізацыю.

Але спадзяюся, што ўжо хутка такі фармат будзе не вымушанай, а проста зручнай формай сувязі з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі.

Абноўлена 25.05.2020 17:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа