Пошук

04.07.2019 10:00   Тэкст: Гражына Рамейка / Фота: Вікторыя Кужко / Catholic.by

Сёлета юбілейны для парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях год, калі святкуецца 210-годдзе з часу пабудовы касцёла, 25-годдзе ўстанаўлення яго дыяцэзіяльным санктуарыем і 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай.

Кусташ санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. Юрый Бяганскі распавёў, як ідзе падрыхтоўка да галоўных урачыстасцяў, якія адбудуцца 12–13 ліпеня, і якіх зменаў удалося дасягнуць на тэрыторыі парафіі.

— Ксёндз Юрый, як доўга вы знаходзіцеся ў гэтай парафіі?

— Роўна год. У 2018 годзе 24 чэрвеня, у дзень святога Яна Хрысціцеля, я атрымаў ключы ад касцёла ў Тракелях, парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

— З чаго вы вырашылі пачаць сваю дзейнасць у санктуарыи? Што ў першую чаргу патрабавала рамонту?

— Як толькі я атрымаў ключы ад касцёла, то непасрэдна пачалася падрыхтоўка да ўрачыстасці Маці Божай Тракельскай, а пасля гэтых святаў цікавым момантам стала тое, што мы спачатку, атрымаўшы афіцыйны дазвол, спілавалі дрэва, якое ўяўляла бяспеку для касцёла і парафіянащ, бо было ў аварыйным стане.

Потым працы на тэрыторыі парафіі пачалі пашырацца: нейкія новыя ўпрыгожанні, рэканструкцыя помнікаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, а таксама рэстаўрацыя самога абраза, каб ён выглядаў яшчэ прыгажэй.

— Вядома, што рэлігійным арганізацыям бывае няпроста атрымаць дапамогу ад дзяржаўных структур. Ці пашанцавала вам з мясцовым кіраўніцтвам, ці ідзе яно вам насустрач?

— У першую чаргу я хачу падзякаваць усяму кіраўніцтву горада Ліды. Я жыў і працаваў у гэтым горадзе 10 гадоў, з многімі ў добрых, цёплых адносінах, і сёння яны дапамагаюць, але не з-за мяне, а таму, што вельмі любяць Маці Божую Тракельскую.

Яны самі неаднойчы распавядалі, як Яна ім дапамагала і выратоўвала ў складаныя, цяжкія моманты жыцця, і цяпер яны хочуць аддзячыць Ёй, аказваючы сваю дапамогу санктуарыю.

Мая асоба тут асаблівай ролі не адыгрывае.

Што датычыцца кіраўніцтва Воранаўскага раёна, то цяпер мы супрацоўнічаем, узгадняем і вырашаем даументальна-юрыдычныя пытанні, так бы мовіць, знаёмімся і наладжваем адносіны.

— Часта бывае так, што ў сваіх парафіях людзі не бачаць зменаў на працягу гадоў. Вам жа за такі кароткі час удалося зрабіць так шмат на карысць санктуарыя. Ці лёгка знаходзіць спонсараў і падтрымку грамадства?

— Ведаеце, я не магу сёння адказваць і казаць за ўсіх сваіх калег. Мае калегі, як і ўсе мы, розныя па сваім характары і тэмпераменце. Я такі чалавек, што для мяне рух — гэта жыццё, толькі так я на сваім месцы. Адсутнасць руху і дзеяння для мяне — гэта самае горшае, што можа быць. Што ж датычыцца спонсараў: стукаеш — табе адчыняць, аднак, на жаль, не ўсе выслухоўваюць і дапамагаюць. Ёсць такія, хто не разумее; хтосьці стараецца націснуць і выпісаць штраф пабольш, пакараць і зрабіць умовы больш жорсткімі.

Ведаеце, як бы ні ваявалі людзі з Богам ці з Маці Божай, хоць бы і з Тракельскай, але яны прайгралі, і вы самі можаце пераканацца ў гэтым, бачачы вынікі, якіх мы дасягнулі. А гэта азначае, што сам Бог паслаў спонсараў і людзей, гатовых дапамагчы. Свет не без добрых людзей, і многія радыя дапамагчы святыні і парафіі.

Нягледзячы на цяжкасці, з Божаю дапамогаю робяцца Божыя справы. Мы нават ажыццявілі больш праектаў, чым планавалі і спадзяваліся.

— Набліжаецца вялікі фэст, калі вернікі не толькі з Гродзенскай, але і з іншых дыяцэзій збяруцца да Маці Божай Тракельскай. Ці ўсё гатова да сустрэчы пілігрымаў? Што новага будзе ў гэтым годзе?

— У гэтым годзе 12–13 ліпеня адбудзецца вялікая ўрачыстасць, на якую я, канечне, усіх запрашаю і вельмі чакаю. Вельмі радуе, што многія цікавяцца і адсочваеце падзеі ў сацсетках, а таксама на сайце санктуарыя. Там вы можаце даведацца апошнія навіны і нават на адлегласці сачыць за жыццём парафіі.

Сёлета нам удалося змяніць план на галоўны фэст, зрабіць яго больш багатым у сферы малітвы і больш цікавым для кожнага чалавечага сэрца. Я вельмі спадзяюся, што новы план дапаможа адкрыць чалавечыя сэрцы, што Маці Божая ўчыніць новыя цуды і прывядзе да адзінай веры ў Бога. Мы не забыліся і пра пілігрымаў. У гэтым годзе хочацца здзівіць вас, дарагія пілігрымы, таму былі прынятыя пэўныя рашэнні і ўнесены змены.

Першае, што было вырашана, — здзівіць больш смачнай і разнастайнай ежай, а таксама памяняць «жыллё» для пілігрымаў: намётавы гарадок і кухня будуць размешчаны ў іншым месцы для большай іх зручнасці.

Гэта, так бы мовіць, пасілак фізічны, а духоўны, як было сказана раней, заключаецца ў малітве, а я пастараюся, каб гэты «пасілак» трапіў у сэрца кожнага. Ці гатовы мы цалкам да сустрэчы з вамі? Скажу шчыра і адкрыта: так, чакаем хоць сёння!

— А ці ёсць у вас якіясьці яшчэ задумы, якія вы самі хацелі б ажыццявіць для парафіі і камфорту пілігрымаў?

— Ёсць, канечне, і вы нават не ўяўляеце, якія велізарныя планы.

Я сам не магу вам дакладна сказаць, адкуль з’яўляюцца ў галаве такія розныя думкі: яны нараджаюцца раніцай, вечарам, на працягу дня, калі ты молішся і нават калі едзеш у машыне.

Мозг пастаянна працуе, задумы з’яўляюцца, і тады ўжо трэба прыступаць да рэалізацыі гэтых ідэй. Планаў вельмі шмат. І я спадзяюся, што маё здароўе не падвядзе, а спонсары, якія вельмі любяць Маці Божую Тракельскую і ўшаноўваюць Яе гадамі, акажуць падтрымку, і тады нам разам удасца рэалізаваць усе гэтыя планы, зрабіць Маці Божую вялікай на нашай гродзенскай зямлі.

— Што вы хочаце сказаць людзям, якія збіраюцца здзейсніць гэты шлях на фэст у санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях?

— Дарагія пілігрымы, хачу вам сказаць, што калі вы ідзяце пешкі, то не пакідайце гэтую добрую традыцыю. Я сам ішоў пешкі 300 км у Чэнстахову, гэты шлях заняў 9 дзён і даў мне велізарнае духоўнае багацце. Наша задача захаваць традыцыі нашых продкаў і ўзбагаціць людзей духоўна. «Марыя, атулі нашыя сем’і» — дэвіз фэсту ў Тракелях сёлета, таму, дарагія сем’і, мне хацелася б бачыць вас у поўным складзе, бо ў гэтыя цудоўныя ўрачыстыя дні ў вас будзе магчымасць нанава прынесці адно аднаму абяцанні. Біскуп Юзаф Станеўскі ў суботу 13 ліпеня правядзе рытуал абнаўлення вашых сужэнскіх абяцанняў.

Асабліва хацелася б убачыць сужэнскія пары, якія сёлета перажываюць юбілеі, каб яны зноў маглі паўтарыць адно аднаму словы кахання і вернасці, як у дзень шлюбу.

Таксама асмельваюся сказаць, што чым больш людзей у малітве знаходзіцца на гэтай тэрыторыі, тым багацейшая духоўна яна становіцца і Марыя здзяйсняе цуды ў нашым жыцці. За 2018–2019 гады мы сабралі вялікую колькасць сведчанняў цудаў, якія Маці Божая Тракельская стварыла для людзей, і калі ў вашым жыцці здарыўся нейкі цуд, калі ласка, апішыце гэты цуд і дашліце нам.

Усіх вас чакаю з нецярплівасцю 12–13 ліпеня ў Тракелях на нашую агульную ўрачыстасць у гонар Маці Божай. Вы, дарагія пілігрымы, з’яўляецеся тымі, хто будзе перадаваць з пакалення ў пакаленне значнасць гэтай урачыстасці, і таму я хачу, каб мы ўсе разам рэалізавалі нашую задачу зрабіць гэтую ўрачыстасць вялікай для нашай беларускай зямлі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.