У месяцы маі ў касцёлах, капліцах і каля прыдарожных крыжоў гучаць спяваныя і рэцытаваныя заклікі Ларэтанскай літаніі да Панны Марыі. Разам з айцом Адамам Шустакам, дамініканінам, паразважаем над пяццю не зусім зразумелымі, на першы погляд, заклікамі, каб словы нашай малітвы напаўняліся сэнсам.
Маці добрай рады, маліся за нас!
Культ Маці добрай рады пачаўся яшчэ ў XV стагоддзі ў Джэнаццана (Італія).
На абразе Маці добрай рады мы бачым Марыю з Дзіцяткам Езусам, якія прытуляюцца шчокамі адно да аднаго. Хрыстус мае рысы твару дарослага чалавека, а Яго позірк поўны мудрасці. Марыя, апусціўшы вочы, злёгку схіляецца да Сына, які вучыць Яе і настаўляе.
Усё сваё жыццё Марыя ўслухоўвалася ў словы Хрыста і разважала над імі, асэнсоўвала іх у сваім сэрцы.
Чытаючы Евангелле, мы заўважаем, што Марыя не заўсёды разумела Хрыста і Яго дзеянні. Яна не валодала звышведамі: была звычайнай жанчынай, але заўсёды ўважліва прыслухоўваўся да голасу Бога. Не Марыя з’яўляецца крыніцай добрых радаў, а Езус. Багародзіца, да канца здзейсніўшы Яго волю ў сваім жыцці, можа падказаць нам шлях, па якім Бог хоча весці кожнага з нас. Менавіта таму добрым каментаром да гэтага закліку могуць быць словы, з якімі Марыя звяртаецца да слугаў у Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5).
Сталіца мудрасці, маліся за нас!
На іконе Марыі сталіцы мудрасці мы бачым Багародзіцу з Хрыстом-падлеткам, які трымае Святое Пісанне.
Першае, што нам трэба зразумець, — што Марыя чэрпала мудрасць ад свайго Сына, калі прабывала з Ім, насіла Яго ва ўлонні, а потым захоўвала Яго словы ў сваім сэрцы.
Але што гэта за мудрасць? Гэта геніяльная мудрасць Евангелля, тлумачыць святы Павел. Апостал кажа, што мудрасць Евангелля — гэта мудрасць крыжа, мудрасць, дзякуючы якой можна пераадолець цяжкасці, вытрываць тое, што чалавеку вытрываць проста немагчыма.
Калі мы кажам пра Марыю як пра Сталіцу мудрасці, то ўшаноўваем Яе як тую, якая прайшла ў сваім жыцці праз усе выпрабаванні, не адводзячы вачэй ад Бога, крыніцы мудрасці, і дзякуючы гэтаму не страціла надзею там, дзе, здавалася б, надзеі ўжо няма.
У гэтым закліку Марыю называюць Сталіцаю, вялікім, магутным горадам. Чаму? Таму што Яна настолькі глыбока прыняла мудрасць Хрыста, што гэта ўчыніла Яе вялікаю і збудавала ўсё Яе жыццё.
Вежа Давідава, маліся за нас!
Кароль Давід на адным з пагоркаў Ерузалема, там, дзе стаяў яго палац, пабудаваў вежу, якая павінна была абараняць горад і ўмацоўваць яго межы.
Марыя, дзякуючы таму, што ў Ёй здзейснілася, таксама можа стаць крэпасцю, умацаванаю вежаю, якая здольная абараніць Новы Ерузалем. Яе муры пабудаваныя на адносінах з Богам. Усё, што мае Марыя, Яна мае ад Пана Езуса. Усё, што Яна можа раздаць, чым можа паблагаславіць, Марыя мае ад Бога.
Касцёл бачыць у Багародзіцы сваю вежу, якая непахісна стаіць на Божым падмурку: прыняўшы ва ўсёй паўнаце дар чысціні сэрца, Марыя можа ўсцерагчы ад зла і нас.
У Песні песняў чытаем: «Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных» (пар. Пп 4, 4). Гэтыя сімвалы ўжываюцца ў кантэксце любові паміж дзвюма душамі.
Звяртаючыся да Багародзіцы словамі «Вежа Давідава», мы як быццам кажам: «Марыя, Ты дазволіла Богу палюбіць Цябе, дазволіла Яго любові напоўніць Цябе». Хрыстус гэтаксама з любоўю глядзіць і на нас, параўноўваючы кожнага з вежаю Давідавай, якую Ён сам умацоўвае і падтрымлівае. Згадзіцца на Божую любоў і дапусціць яе да сябе — гэта вялікае майстэрства, якому мы вучымся ў Марыі.
Ружа містычная, маліся за нас!
Як ільва называюць каралём звяроў, так і ружу прынята лічыць каралеваю кветак. Параўноўваючы Марыю з ружаю, мы гаворым пра Яе асаблівую прыгажосць, Яе незвычайнасць, што вылучае Багародзіцу сярод іншых кветак, асабліва ў сферы духу.
Цікава, што ў гэтым закліку мы можам таксама ўбачыць вобраз гэтага свету, які ў вачах Духа Святога выглядае як сад цудоўных кветак. Кожны з нас — непаўторная кветка.
У Божым садзе сапраўды ёсць гэтая асаблівая ружа — Панна Марыя, якая здолела рэалізаваць у сваім жыцці ўсю прызначаную для Яе Божую волю.
Менавіта тады, калі чалавек напоўніцу рэалізуе Божы план, у ім праяўляецца ўся прыгажосць яго істоты, у тым ліку і знешняя. Марыя была найпрыгажэйшаю жанчынаю ў свеце, таму што ў Яе вачах, рысах твару, усмешцы, позірку, валасах, маршчынках не было ценю зла.
Прычына нашай радасці, маліся за нас!
«Узрадуюся ў Пану, узвесяліцца душа мая ў Богу маім; бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення, плашчом справядлівасці ахінуў мяне, як жаніха, увянчаў каронай, як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі» (Іс 61, 10). З самага пачатку Касцёл укладаў гэтыя словы ў вусны Марыі, якія, зрэшты, нагадваюць пра Яе гімн Magnificat — «Велічае душа мая Пана».
Ва ўрыўку з прароцтва Ісаі мы чытаем, што душа ўзвесялілася, бо атрымала ад Пана дзве шаты: збаўлення і справядлівасці. Шаты збаўлення азначаюць, што я атрымаў штосьці дарма; штосьці, што пераўзыходзіць усялякае маё разуменне, да чаго я не падрыхтаваны, дзеля чаго я не працаваў.
Збаўленне — гэта дар. І першае, што мы бачым у Марыі, — гэта радасць ад атрыманага збаўлення. Анёл прыходзіць да Марыі і кажа: «Вітай, Марыя!», а даслоўна: «Радуйся!»; «поўная ласкі» — гэта значыць, што «Бог Цябе ўсім адарыў, Ты ўсё атрымала»; «Пан з Табою» — «Пан хоча быць побач з Табой», а шаты справядлівасці можна разумець як жыццё, згоднае з праўдаю.
Марыя, усвядоміўшы велічыню атрыманага дару збаўлення, адчувае радасць, калі адказвае на яго Богу сваім годным, праведным жыццём.
Урывак з прароцтва Ісаі заканчваецца словамі пра жаніха і нявесту. Марыя стала не проста тою, якая выконвала закон і спаўняла запаведзі: Яна стала ўмілаванаю душою Бога і ўвайшла з Ім у нязвыкла блізкія адносіны, што і прывяло Яе да паўнаты радасці ў Пану.
Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак паводле цыклу відэалекцый а. Адама Шустака Miriam.