Пошук

07.04.2019 09:00   Паводле: Магдалена Урбаньска / Deon.pl / Catholic.by

Традыцыйна пад канец Вялікага посту павялічваецца колькасць тых, хто ў адпаведнасці з касцёльным наказам імкнецца прыступіць да споведзі. Як не ператварыць сакрамэнт пакаяння і паяднання ў звычайную перадсвяточную фармальнасць?

Заканчэнне. Пачатак ТУТ>>>

Як знайсці добрага спаведніка?

Фота: ncronline.org

Падагульняючы сказанае вышэй, можна раскласці гэта па пунктах.

1. Маліся аб добрым святары. Гэта — самае важнае.

2. Прыглядайся і слухай. Ці ёсць дзесьці побач такі святар, чые казанні глыбей цябе кранаюць? Такі, перад якім ты менш бянтэжышся? Такі, па якім відаць, што ён сапраўды шчыра моліцца, напрыклад, цэлебруючы св. Імшу?

3. Калі бачыш, што ёсць хтосьці, хто нейкім чынам можа цябе ўзрушыць, — ідзі да яго.

Як гэта зрабіць? Можна па-рознаму. Больш смелы чалавек можа проста падысці і папрасіць аб споведзі. Той, каму на гэта не хапае адвагі, можа даведацца ў сакрыстыі, калі той ці іншы святар будзе спавядаць, або спытацца пра гэта ў яго самога, і тады прыйсці да яго да споведзі. Гэта працуе: я правярала.

4. Пасля таго, як ужо пабыў у яго, ідзі яшчэ раз, калі толькі можаш гэта зрабіць. Схадзі да яго да споведзі некалькі разоў і паглядзі, які духоўны плён прыносіць табе споведзь, калі наогул ёсць хоць нейкі плён.

Калі ніякага плёну няма, паспрабуй адказаць сабе на пытанне, чаму так адбываецца і ці праблема сапраўды ў спаведніку або ў чымсьці іншым?

Чым адрозніваецца добры спаведнік і як яго знайсці?

Фота: catholicleader.com.au

Не тоячыся, скажу, што для мяне гэта няпростая і складаная тэма. Раней мне няраз здавалася, што, калі іншыя людзі хваляць нейкага святара, ён таксама будзе добры і для мяне. І я памылялася… Чаму?

Кожны з нас мае сваю індывідуальную ўспрымальнасць, сваю адметную духоўнасць.

Ёсць святары, якія глядзяць вельмі глыбока і даюць парады ў стылі: «Давер гэта Марыі так і так», а ёсць такія ксяндзы, якія скажуць, што мацярынскага інстынкту і добрых намераў не дастаткова, і параяць наведаць нейкія курсы. Ёсць розніца? Ёсць!

Шчыра адкажы сабе на пытанне, што табе сапраўды патрэбна. Больш суровы ці больш лагодны спаведнік? Той, які будзе казаць проста, ці больш далікатны? Патрабавальны ці такі, які будзе «гладзіць па галоўцы»?

Для мяне гэта мае вялізнае значэнне, таму не да кожнага святара я іду аднолькава свабодна. Месца, час, абставіны — усё гэта таксама мае значэнне для добрай споведзі, але гэта ўжо не так важна, як асоба спаведніка.

Калі лепш спавядацца?

Фота: pxhere.com

Сакрамэнт пакаяння і паяднання павінен быць ачышчэннем і аздараўленнем. Дазволь сабе такую духоўную раскошу, якой стане добрае перажыванне споведзі.

Таму вельмі моцна прашу — не стой у доўгіх чэргах да споведзі перад самымі святамі!

Знайдзі для гэтага адпаведны час і ідзі да споведзі загадзя, а калі не атрымалася — можна паспавядацца і пасля свята: гэта не забаронена.

Пастарайся прыйсці ў такі час, калі да споведзі менш людзей, і няма паспеху. І не лётай ад аднаго святара да другога, чакаючы, што ўсе твае праблемы вырашацца раптоўна, як быццам ад дотыку чароўнай палачкі.

Езус здзяйсняе цуды, у маім сэрцы таксама, але Ён вельмі рэдка робіць гэта прыкметным чынам і ў адзін момант.

Дазволіш Яму цябе весці?..

Абноўлена 08.04.2019 12:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця