Пошук

06.04.2019 13:00   Паводле: Магдалена Урбаньска / Deon.pl / Catholic.by
Фота: pxhere.com

Традыцыйна пад канец Вялікага посту павялічваецца колькасць тых, хто ў адпаведнасці з касцёльным наказам імкнецца прыступіць да споведзі. Як не ператварыць сакрамэнт пакаяння і паяднання ў звычайную перадсвяточную фармальнасць?

Паколькі ў гэты час у многіх парафіях адбываюцца велікапосныя рэкалекцыі, хтосьці карыстаецца гэтай нагодай, каб пайсці да споведзі да незнаёмага святара, бо па нейкіх прычынах «без энтузіязму» спавядаецца ў свайго пробашча ці вікарыя. Хоць у кожным сакрамэнце дзейнічае сам Езус Хрыстус, аднак Ён карыстаецца для ўдзялення сваёй ласкі паслугай людзей — святароў, і ад іх не ў малой ступені залежыць духоўны плён, які ў выніку атрымае пенітэнт — той, хто прыступае да споведзі.

Сваім вопытам у гэтай далікатнай справе, якая датычыцца сумлення, дзеліцца хрысціянскі блогер з Польшчы Магдалена Урбаньска.

Што лепш: пастаянны спаведнік ці незнаёмы святар і чаму?

Фота: saintscatholic.blogspot.com

Азіраючыся на мінулыя 16 гадоў майго жыцця, я аддаю перавагу першаму — пастаяннаму спаведніку. На працягу гадоў я карыстаюся дапамогаю пастаянных спаведнікаў (пастаянны — гэта той, у якога я спавядаюся прынамсі ўжо год).

Раней мне было цяжка звяртацца да чалавека, які мяне ведае. З часам, калі я ўбачыла плюсы споведзі ў аднаго святара, я ўжо не змагла інакш — гэта стала для мяне цяжэй. Чаму?

Па-першае, я не павінна кожны раз прадстаўляцца і казаць вядомыя рэчы (што я — жонка і маці, што не маю пастаяннай працы, і мне не трэба распавядаць пра маё штодзённае жыццё). Знаёмы святар ведае, на якім этапе духоўнага жыцця я знаходжуся, што я была на ігнацыянскіх рэкалекцыях, што люблю маліцца музыкай: на першы погляд — дробязі, а разам з тым вельмі шмат, бо кожны раз падчас споведзі не будзеш пра гэта расказваць.

Па-другое, ксёндз, да якога я ў чарговы раз прыходжу з тым самым грахом, зразумее, што гэта — праблема, якой неабходна заняцца, што гэта працягваецца ўжо пэўны час і што я з гэтым не спраўляюся.

Па-трэцяе, ведаючы мяне, спаведнік дасць мне лепшае настаўленне і пакуту: у апошні час я гэта вельмі моцна адчуваю!

Як навучыцца быць шчырай з чалавекам, які мяне ведае?

Фота: tapeciarnia.pl

Мне падабаецца спавядацца, сур’ёзна. Не таму, што гэта дае магчымасць «выгаварыцца»: на гэта няма месца ў канфесіянале.

Я люблю споведзь, бо, стоячы ў чарзе, адчуваю сябе як у чаканні прыёму. Раптам адчыняюцца дзверы, і там… Езус, які туліць мяне да сябе.

Так я перажываю споведзь!

Таму я не баюся нічога казаць, не саромеюся чалавека — такога самага грэшніка, як і я. Часам я саромеюся граху, нават вельмі. Але калі ў мяне атрымалася зграшыць, то атрымаецца і расказаць пра гэта. Я спрабавала: сапраўды атрымалася!

Насуперак таму, што можа здавацца, мне прасцей спавядацца, калі святар мяне ведае і калі я яму давяраю. Не да кожнага святара я б пайшла, таму спачатку варта падумаць, куды ісці да споведзі. Я іду да тых, хто мяне ведае, або, дакладней, каго я ведаю.

Як знайсці пастаяннага спаведніка, дзе яго шукаць, на што звярнуць увагу?

Фота: pxhere.com

Я доўгі час спавядалася ў адным месцы, аднак было цяжка пастаянна ездзіць для гэтага ў іншы горад. Я пачала маліцца аб святары, які быў бы бліжэй (найлепш — у маёй парафіі, а мне да касцёла ісці 10 хвілін).

Я пачала маліцца ў чэрвені. У мяне было адчуванне, што Езусу да спадобы мая просьба і што Ён яе выканае. Тады я пачала ў Яго пытацца: «Хто?» У мяне былі на прыкмеце два святары, і раптам іх абодвух скіравалі на вучобу — «Дык хто ж, Пане Езу?»

Я верыла ў сапраўднасць майго ўнутранага адчування, у душы быў спакой. Калі ў ліпені ў парафіі з’явіўся новы вікарый, я ўжо ведала, што гэта менавіта той святар, аб якім я малілася. Я яго не ведала раней, бачыла ўпершыню і ўжо ведала (!), што ён — той, каго я шукала. Я адчувала гэта сэрцам.

Маліся, задавай канкрэтныя пытанні і слухай адказ Езуса ў сваім сэрцы.

Я думала над тым, што для мяне важна, і ведала, што мне будзе прасцей спавядацца перад маладым святаром (мне ўжо за 30, таму нескладана знайсці кагосьці ў такім узросце); перад такім, які ў сваіх казаннях будзе казаць пра Бога і Яго любоў. Гэтага было дастаткова.

Фота: ncronline.org

Тады з’явілася практычная праблема: як падысці да незнаёмага святара? Чатыры гады таму я проста зайшла пасля Імшы ў сакрыстыю і сказала святару, што маю патрэбу ў спакойнай споведзі, спытаўшыся ў яго, ці знайшоў бы ён для мяне час. Але ж у мяне тады ледзь сэрца не стала, так цяжка мне было «проста падысці» пасля Імшы!

Паўгады таму я зрабіла інакш. Я спыталася ў святара, калі ён будзе спавядаць, ён мне адказаў, і тады я да яго прыйшла. Першы, другі, пяты раз: нарэшце, ксёндз ужо мяне пазнае і ведае, хто я, калі выпадкова сустракае на вуліцы. А споведзь у яго дае мне вялікі духоўны плён.

Але можа здарыцца і так, што пойдзеш да споведзі раз, другі, і раптам акажацца, што не можаш даверыцца: шукай далей і маліся аб адпаведнай асобе.

Насамрэч, хапае добрых, цудоўных спаведнікаў, якія часам працуюць у невялічкіх парафіях, і ад цябе залежыць, ці ты такога знойдзеш.

Споведзь у канфесіянале ці «тварам у твар»?

Фота: thoughtco.com

Раней я спавядалася, седзячы насупраць святара, а цяпер — у канфесіянале. Якая розніца? Калі цябе бянтэжыць чалавечы позірк, выбірай канфесіянал. Дарэчы, не кожны святар згодзіцца спавядаць па-за канфесіяналам: на гэта варта звярнуць увагу і спытацца наўпрост.

Мне добра спавядацца ў канфесіянале. Я ведаю, што ксёндз тады бачыць столькі, колькі трэба. Калі ён хоць крыху ўважлівы да іншага чалавека, яму нескладана адчуць эмацыйны і духоўны стан таго, хто спавядаецца. Для гэтага няма патрэбы зазіраць глыбока ў вочы. Калі прадбачыцца доўгая споведзь (напрыклад, пасля шматгадовага перапынку), я прапаную сесці, каб боль у каленях не прымусіў скончыць споведзь раней, чым гэта неабходна. Усе варыянты добрыя, калі яны шчырыя і ад сэрца. Галоўнае, каб гэта было тваё.

Што мне «дае» споведзь?

Прытульнасць (хоць мяне фізічна ніхто не туліць), спакой сэрца, радасць, указанні на бліжэйшы час, свабоду. Скажаце, што гэта толькі прыгожыя словы? Але не для таго, хто гэта перажыў.

Часам варта адправіцца ў невядомае, нягледзячы на боль, няўпэўненасць і страх.

Для кожнага з нас Бог падрыхтаваў штосьці большае.

Заканчэнне ТУТ>>>

Абноўлена 07.04.2019 09:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця