Пошук

26.02.2019 17:22   кс. Францішак Рудзь / Catholic.by
У аснове фэнтэзі-цыклу Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі» таксама ляжыць біблійны сюжэт

Біблія па праве лічыцца кнігай усіх часоў і народаў. Яе ўрокі дабра, справядлівасці, мудрасці і любові накіроўваюць жыццё мільёнаў людзей ва ўсім свеце.

Тэксты і вобразы Святога Пісання настолькі ўніверсальныя і папулярныя, што яны даўно і трывала прыжыліся на глебе самых розных культур і нават знайшлі адлюстраванне ў фальклоры розных народаў. У выніку іх можна сустрэць нават у... казках, складзеных і запісаных у розных кутках свету.

З 6 па 10 лютага праходзіла XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Маляўнічасць кніг і сучасны падыход да друку ўжо некалькі тыдняў абмяркоўваюць СМІ і аматары літаратуры.

Сярод наведвальнікаў выставы апынуўся і адзін мой знаёмы, аматар казак народаў свету. Ён прыйшоў падзяліцца ўражаннямі і навінкамі, набытымі на выставе. Падчас размовы ён задаў, здавалася б, простае пытанне, якое не раз прыходзіла на розум многім з нас: «У казках сустракаюцца сюжэты, падобныя да біблейскіх. Як можна гэта растлумачыць? Ці не памыліўся я?»

Фота з XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Аўтар Віктар Ведзень

Назіранне суразмоўцы прымусіла мяне задумацца: ці толькі чытачы звярнулі на гэта ўвагу? Ці ёсць навуковыя даследаванні гэтага пытання?

Хрысціянства прынесла ў свет не толькі духоўны пераварот. Яно здзейсніла культурную рэвалюцыю, даўшы многім народам пісьменнасць. У дапісьменны перыяд людзі складалі і перадавалі казкі з вуснаў у вусны. Пісьменнасць дазволіла запісаць казкі. Філасофія хрысціянства аказала ўплыў на фармаванне народнай казкі. Сюжэты Бібліі леглі ў аснову народнай мудрасці, складзенай у аповедзе пра ўсеагульную любоў і перамогу дабра над злом.

Вывучэннем сюжэтаў Бібліі ў казках займаюцца біблістыка, этнаграфія і фалькларыстыка. Першыя даследаванні ў свеце ў гэтай галіне з’явіліся яшчэ ў XVIII ст. Беларускія даследчыкі В. Дабравольскі, А. Кіркор, П. Шпілеўскі, А. Сержпутоўскі, Н. Нікіфароўскі, П. Шэйн, В. Невяровіч звярнуліся да казак у XIX ст.

Даследчыкі навукова пацвердзілі назіранні многіх чытачоў, што ў казках народаў свету сапраўды выкарыстоўваюцца апавяданні з Бібліі. Ёсць і ўпадабаныя сюжэты.

Ілюстрацыйнае фота cbn.com

Самым папулярным стаў аповед пра героя з простага народа, які не быў знакамітым, вядомым і багатым, але выратаваў людзей (народ, дзяржаву) у складаны час. Дастаткова ўзгадаць у казках малодшага сына ў сям'і — Яна, чый вобраз і ўчынкі пераклікаюцца з біблейскім прататыпам — пастухом Давідам з I Кнігі Самуэля.

Асаблівай любоўю ў народа карыстаюцца казкі, дзе героі ў імя выратавання павінны ведаць чароўнае слова. Гэтая ідэя прыйшла ў казкі розных народаў свету пад уплывам біблейскага слова «шыбалет». У 12-м раздзеле Кнігі Суддзяў ёсць апавяданне пра варожасць паміж двума плямёнамі. Стоячы каля пераправы праз Ярдан, члены аднаго племені павінны былі вымаўляць слова «шыбалет», каб адрозніць супляменнікаў ад ворагаў.

У многіх казках чытачы могуць распазнаць біблейскі сюжэт пра гібель цывілізацыі гарадоў Садома і Гаморы. Хлусня, распуста, весялосць, лянота прыводзяць да гібелі цывілізацыі ў Бібліі, а ў казках — асобных дзяржаў і княстваў.

Клаўдзій Лебедзеў. «Знішчэнне Садома і Гаморы і ўратаванне Лота». ros-vos.net

У Бібліі і казках падобныя эпізоды не паказваюць гібель усяго чалавецтва на зямлі, але папярэджваюць аб наступствах грэшнага жыцця.

Пасля прыняцця хрысціянства ў X ст. і распаўсюджвання кірыліцы многія беларускія легенды і казкі таксама ўвабралі ў сябе біблейскія сюжэты. Мабыць, самым папулярным у беларускіх казках можна назваць сюжэт пра выратавальніка народа, які перамагае мацнейшага праціўніка і дорыць людзям мір, незалежнасць і шчасце. Менавіта такім паўстае вобраз князя Усяслава Чарадзея, вядомага ў гісторыі кіраўніка, які ваяваў за сімвал незалежнасці беларускіх земляў — Полацкае княства.

Язэп Драздовіч. «Князь Усяслаў Чарадзей пад Гародняй». wikipedia.org

Сучасная беларуская навука працягвае вывучаць казкі, а мы як чытачы будзем чакаць новых і цікавых адкрыццяў. Мы адзначаем тыдзень беларускай мовы, заквітнець якой дапамаглі ў тым ліку і казкі. Сёння казкі з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай культуры. Сюжэты Бібліі па-ранейшаму дапаўняюць казкі маляўнічасцю і мудрасцю, аб’ядноўваючы народы ўсяго свету.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця