Пошук

18.11.2018 20:01   Catholic.by

У другой частцы агляду мы тэсціруем мабільныя дадаткі, якія нам парэкамендавалі чытачы Catholic.by і сябры рэдакцыі. Паехалі!

1. Біблія для дзяцей

Гэты мабільны дадатак спадабаецца не толькі дзецям, але і дарослым. Па-першае, гульня анімацыйная: намаляваныя героі ў ёй пачынаюць рухацца або выдаваць гукі — варта толькі націснуць. Па-другое, гульня інтэрактыўная: час ад часу вам прапануюцца пытанні з варыянтамі адказу.

Па-трэцяе, у наладах можна выбраць любую мову (беларуская таксама ёсць), на якой будзе весціся аповед. Можна слухаць пра той ці іншы сюжэт і адначасова сачыць за развіццём падзей на экране.

Каб актывізаваць гульню, трэба ў меню злева запампаваць тэму, якую вы хочаце праслухаць. Тэмы пададзены як са Старога, так і з Новага Запавету (стварэнне свету, першы грэх, Ной і патоп, Абрагам і Ісаак, пераход праз Чырвонае мора і 10 запаведзяў, Нагорнае казанне і г.д.).

За правільныя адказы можна атрымаць балы, якія паказваюць, наколькі добра вы арыентуецеся ў той ці іншай тэме Бібліі.


2. A Catholic Confession (споведзь)

Дадатак Confession — гэта не споведзь праз мабільнік, а падрыхтоўка да споведзі. Яна сапраўды можа дапамагчы зрабіць рахунак сумлення перад сакрамэнтам пакаяння.

Ці не ўжываў я імені Бога дарэмна? Ці не быў у крыўдзе на Бога? Ці не прысвойваў таго, што мне не належыць? На гэтыя і іншыя пытанні прапаноўваецца адказаць у першым раздзеле дадатка.

Таксама тут змешчаны парадак споведзі, асноўныя малітвы, карысныя спасылкі на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і інш. Акрамя таго, мабільны дадатак дае магчымасць захаваць дату апошняй споведзі.

Сярод разнастайных дадаткаў у падрыхтоўцы да споведзі гэта адзін з найбольш простых у карыстанні. Адзіная яго нязручнасць: ён дасяжны толькі на англійскай мове.


3. «С Богом 365»

Гэты дадатак дае верніку магчымасць штодзённага разважання над Божым словам на працягу 365 дзён.

Каштоўнасць мабільнага дадатка ў тым, што, акрамя ўрыўкаў са Святога Пісання, тут пададзены і разважанні над імі. Гэта дапамагае сканцэнтравацца падчас чытання Бібліі, а таксама прааналізаваць той ці іншы фрагмент з пазіцыі сённяшняга часу.

Што хацелі сказаць у тым ці іншым фрагменце апосталы? Што яны мелі на ўвазе і як іх словы адгукаюцца ў нашым жыцці?

Дадатак распрацаваны толькі на рускай мове.


4. Bible Quiz (квіз па Бібліі)

Біблійных віктарынаў, якія можна запампаваць на смартфон, дастаткова шмат. Але нам не ўдалося знайсці віктарыну на беларускай ці рускай мовах. Усе яны па-англійску і, як правіла, утрымліваюць рэкламу.

Але нават англамоўны біблійны квіз дае магчымасць праверыць сябе ў веданні Кнігі кніг. Тэсты можна рабіць па дарозе на працу, едучы ў транспарце і ў любую вольную хвілінку.


5. Latin Mass Songs

Сапраўды падарунак для харыстаў і ўсіх аматараў касцёльнай музыкі і спеваў. У гэтым мабільным дадатку змешчаны асноўныя лацінскія спевы: часткі св. Імшы: Gloria, Sanctus, Agnus Dei, антыфоны, напр. Salve Regina і г.д.

Пры жаданні можна нават паставіць сабе на званок той ці іншы спеў. Мінус дадатка ў тым, што, на жаль, тут няма нотаў і час ад часу з’яўляецца рэклама.


6. «ККЦ RU»

Праз гэты дадатак можна знаёміцца з тэкстамі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на рускай мове.

Тут можна як абраць раздзел, так і задаць асобную тэму або артыкул з Катэхізіса. Інтэрфейс мабільнага дадатка не зусім зручны, але пры жаданні ім можна авалодаць.


7. «Словарь ЦС»

Слоўнік царкоўнаславянскай мовы можа быць карысны тым, хто жадае маліцца па-царкоўнаславянску, хто працуе з царкоўнаславянскімі тэкстамі прафесійна або проста хоча ведаць значэнне некаторых слоў.

Дадатак працуе як тлумачальны слоўнік з царкоўнаславянскай мовы на рускую. Асобна тут можна вывучаць царкоўнаславянскі алфавіт і літарны спосаб запісу лічбаў.

Абноўлена 18.11.2018 22:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця