Пошук

09.11.2018 15:40   Тэкст: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

Гісторыі са Старога Запавету — гэта не проста гісторыі. «Гэта адбылося як прыклад для нас» (1 Кар 10, 6), і ў кожным аповедзе мы можам знайсці сябе. Сёння мы паразважаем пра выбраны народ у пустыні. Якімі былі гэтыя людзі і чаму я магу навучыцца дзякуючы ім?

У мінулым артыкуле мы разважалі пра гісторыю Юзафа, якога прадалі ў няволю яго браты. У час голаду яны прыйшлі да Юзафа ў Егіпет, а пазней уся яго сям’я перасялілася ў гэтую краіну і за 400 год ператварылася там у шматлікі габрэйскі народ.

І вось, калі новы фараон пачынае жорстка абыходзіцца з нашчадкамі Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог кліча Майсея, каб той вывеў Ягоны выбраны народ у Абяцаную зямлю.

Аднак сэнс быў не столькі ў перасяленні, колькі ў тым, каб выбраны народ стаў зусім іншым народам: каб ён пазнаў і палюбіў свайго Бога і каб навучыўся жыць зусім па-іншаму: з Ім, а не без Яго. Таму па дарозе ў абяцаную зямлю габрэі спыняюцца ў пустыні каля гары Сінай, дзе ім аб’яўляецца Бог і дае свае Дзесяць запаведзяў. 

Вяршыня гары Сінай: сучасны выгляд

«Няхай не пачую голасу Пана Бога майго» (пар. Дрг 18, 16б)

Давайце прачытаем раздзелы 19 і 20 з кнігі Зыходу і пастраемся ўявіць сабе той момант, калі выбраны народ знаходзіўся каля гары Сінай:

«На трэці дзень, як занялася раніца, пачаліся грымоты і маланкі, і з’явілася густое воблака над гарою і пачуўся моцны гук трубы, і затрымцеў увесь народ, які быў у лагеры. І вывеў Майсей людзей з лагера насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.

Гара ж Сінай уся дымілася ад таго, што Пан сышоў на яе ў агні, і дым падымаўся з яе, як з печы. Уся гара моцна трэслася, а гук трубы рабіўся ўсё больш моцным. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму сярод грымотаў» (пар. Зых 19, 16–19).  

Хто б не спалохаўся, стаўшы сведкам такога аб’яўлення Бога?! Моцны гук, маланкі і іншыя «спецэфекты»… Далей Майсей тлумачыць выбранаму народу, чаму менавіта так аб’явіўся Бог:

«І сказаў Майсей народу: „Не бойцеся; Бог (да вас) прышоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Яго быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі» (пар. Зых 20, 20).  

Ведаючы далейшую гісторыю нявернасці ізраэльскага народа, напэўна, можна пагадзіцца з педагогікай Бога, што менавіта такое Яго аб’яўленне ў моцы і святасці было патрэбна габрэям. Страх жа перад Богам азначае ў гэтым вершы глыбокую пашану да Яго велічы, і аб такім «страху Божым» шмат сказана ў Святым Пісанні (гл. Прып 9, 10; 2 Кр 19, 7; Ёў 28, 28; Пс 19 (18), 10 і інш.).

Але ёсць і іншы страх, адносна якога Майсей гаворыць: «Не бойцеся…» Гэта страх блізкасці Бога.

Бо вось што адказаў выбраны народ, калі пачуў дзесяць Божых запаведзяў і ўбачыў такое аб’яўленне Божай велічы: «Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубы, і гару ў дыме; і ўбачыўшы гэта, (увесь) народ адступіў і стаў здалёк. І сказалі Майсею: „Прамаўляй ты да нас, і мы будзем слухаць, але каб не прамаўляў да нас Бог, каб нам не памерці» (пар. Зых 20, 18–19).

Гэтая самая падзея ўспамінаецца ў кнізе Другазаконня: «<...> прасіў ты Пана Бога свайго на Гарэбе ў дзень сходу, кажучы: Няхай не пачую голасу Пана Бога майго і няхай не ўбачу больш гэтага вялікага агню, каб мне не памерці» (пар. Дрг 18, 16).

Варта заўважыць, што сапраўды ў Старым Запавеце ўбачыць Бога азначала памерці (гл. Зых 33, 20; Суд 13, 22), бо Божая святасць несумяшчальная з грэшнасцю чалавека. Але выбраны народ не хоча нават чуць Яго голас!

Давайце спынімся ў думках і паразважаем над рэакцыяй выбранага народа: ізраэльцянам было лягчэй выконваць загады, перададзеныя праз Майсея, чым самім чуць Божы голас і мець асабістыя адносіны з Ім. Так, заўсёды прасцей проста выканаць нешта, чым уступіць у адносіны…

Адносіны — гэта заўсёды рызыка.

Часам нам прасцей даць нешта чалавеку, грошы ці падарунак, чым удзяліць яму час і паслухаць яго ад сэрца. Гэта вымагае высілку і шчырасці, а яшчэ ніколі не вядома, чаго чакаць. Ты ўступаеш у адносіны даверу, якія ўжо не так проста скончыць, і, адкрываючы сваё сэрца, заўсёды рызыкуеш.

Сустракаючы на вуліцы знаёмага, які хоча пагаварыць, мы часам стараемся як мага хутчэй пазбавіцца ад яго, проста перакінуцца павярхоўнымі слоўцамі, каб толькі не пачаць шчырай размовы: бо ж гэта забярэ ў нас столькі часу!

Тое самае бывае і ў адносінах з Богам. Нам прасцей фармальна выканаць для Яго нешта, нават усе свае хрысціянскія абавязкі па пункціках, чым проста шчыра паразмаўляць з Ім і ўдзяліць Яму час. Шчырасць з Богам здаецца небяспечнай: «А што, калі Бог захоча ад мяне таго, што мне не спадабаецца, напрыклад, паслаць мяне на місіі ў Афрыку? Ці скажа мне перамяніць сваё жыццё там, дзе я гэтага не хачу?»

Лепш я проста не буду чуць Яго голасу і мае адносіны з Ім застануцца на ўзроўні выканання закону, перададзенага праз кагосьці, а не на ўзроўні любові.

Схаваўшыся, аднак, за такой сцяной, я не ўбачу Божай велічы ў сваім жыцці. Не так даўно Касцёл адзначаў урачыстасць Усіх Святых, і калі мы паглядзім на жыццё кожнага з іх, то знойдзем нешта, што ўсіх іх аб’ядноўвае: жывыя асабістыя адносіны з Богам.

Менавіта ў шчырай размове з Ім і развіваўся лёс кожнага з іх: такі непаўторны, аднак напоўнены Божай моцай, неверагоднымі падзеямі і Ягонай хвалой.

«Дзённік» святой Фаўстыны, «Гісторыя адной душы» святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, «Споведзь» святога Аўгустына — усё гэта не што іншае, як занатаваная гісторыя асабістых адносінаў з Богам кожнага з гэтых святых. Маці Тэрэза з Калькуты пачула заклік Бога ахвяраваць сваё жыццё дзеля самых бедных людзей і, адказаўшы на гэты заклік, стала знакамітай на ўвесь свет святой.

Мы таксама пакліканыя быць святымі! І як жа шмат мы згубім, калі не будзем мець гэтай асабістай Сустрэчы… Як шмат згубіў бы гэты свет, калі б кожны з гэтых святых пабаяўся шчырай размовы з Панам і не адказаў бы на Ягоны заклік.

«Я ж назваў сябрамі вас» (пар. Ян 15, 15)

У адрозненне ад выбранага народа, Майсей быў чалавекам малітвы: «А Пан гаварыў з Майсеем тварам у твар, як чалавек звычайна размаўляе з сябрам сваім» (пар. Зых 33, 11). Усе мы ведаем, што рэакцыя выбранага народа не была дасканалай і што Бог на працягу доўгага часу выхоўваў у сваім народзе зусім іншыя адносіны сэрца.

А ў Новым Запавеце Езус называе нас сябрамі (гл. Ян 15, 15), гэтым самым запрашаючы кожнага без выключэння да шчырых блізкіх адносінаў.

Задумаюся сёння пра выбраны народ каля гары Сінай… і пра сябе. Паразважаю ў цішыці і пашукаю ў сваім сэрцы адказу на пытанне: ці не раблю я таксама, ці не імкнуся фармальна, хоць бы нават вельмі сумленна, выканаць усе хрысціянскія абавязкі, пазбягаючы асабістай сустрэчы?

А можа, я проста не ведаю іншага шляху? Можа, для мяне таксама лягчэй выконваць Словы Пана, перададзеныя праз кагосьці, чым самому шукаць Сустрэчы з Ім?

Ці хачу я ў сваім жыцці дасягнуць чагосьці большага і стаць святым са сваім непаўторным лёсам, да чаго і запрашае мяне Бог? Калі мой адказ «так», то не буду баяцца і пачну кожны дзень планаваць канкрэтны час для шчырай размовы з Богам. Няхай ён будзе нават вельмі кароткім, але галоўнае — трывалы.

Напрыканцы гэтага артыкула паразважаю над словамі Езуса: «Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой, і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (пар. Мц 6, 6). 

Абноўлена 09.11.2018 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.