Пошук


Часам можа здавацца, што Біблія — гэта святая кніга, занадта далёкая ад штодзённага жыцця з яго клопатамі, радасцямі, болем і смуткам. На самай справе, Слова Божае як нішто іншае знаходзіцца найбліжэй да нашага жыцця і сэрца.

У ім можна знайсці ўвесь спектр жыццёвых сітуацый, якія толькі могуць напаткаць нас, і цудоўныя, поўныя любові адказы Бога на гэтыя сітуацыі.

Сёння мы паразважаем над гісторыяй жыцця Юзафа, якога прадалі ў няволю яго родныя браты. Гэта крыўдна, ці не так? І як жа блізка гэта часам да нашага жыцця! Здрада самых блізкіх людзей балюча раніць і пакідае след на доўгія гады.

Калі сёння я перажываю нешта падобнае, то варта не шкадаваць часу і прачытаць цалкам гісторыю Юзафа ў Святым Пісанні (гл. Быц 37–47). Гэта гісторыя балючай крыўды і вялікай Божай ласкі, якая здольная перамяніць усё ў маім жыцці.

Гісторыя Юзафа

Юзаф быў малодшым і ўлюбёным сынам свайго бацькі Якуба. Пра асаблівую любоў да сына сведчыў таксама незвычайны бацькоўскі падарунак: рознакаляровае адзенне. Гэта цікавая дэталь, бо адзенне з каляровай тканіны ў тыя часы насілі толькі прывілеяваныя людзі, якія мелі асаблівае становішча або ўладу.

Не дзіўна, што старэйшыя браты Юзафа, якіх было аж адзінаццаць, сталі яму зайзросціць (гл. Быц 37, 3–4). У рэшце рэшт яны вырашылі забіць свайго малодшага брата, і толькі па шчаслівым збегу акалічнасцяў Юзаф не загінуў, але быў прададзены ў няволю ў Егіпет (гл. Быц 37, 5–28).

Наступныя старонкі Бібліі раскрываюць перад намі характар Юзафа: трапіўшы ў вельмі складаную сітуацыю, ён застаўся верным Богу і настолькі сумленна выконваў свае абавязкі слугі, што неўзабаве ягоны гаспадар Патыфар прызначыў яго даглядчыкам за ўсім сваім домам.

На выяве: браты прадаюць Юзафа ў няволю

Аднак з-за несправядлівага абвінавачвання Юзаф на доўгі час трапіў у вязніцу. Нарэшце, Бог цудоўным чынам вызваляе яго адтуль і дапамагае стаць намеснікам фараона. Пасля дванаццаці гадоў няволі Юзаф раптоўна атрымлівае вольнасць, становішча, уладу і нават каханую жонку.

Здавалася б, цярпенні скончыліся і цяпер Юзаф мае ўсё для шчасця, але што сапраўды адбываецца ў ягоным сэрцы? Ці забыўся ён пра сваю крыўду?

Мінула амаль пятнаццаць гадоў пасля здрады братоў, а Юзаф усё яшчэ ўзгадваў пра свой боль, пра што ўскосна сведчаць тыя вымоўныя імёны, якія ён даў сваім дзецям (гл. Быц 41, 51–52).

Юзаф са сваёй жонкай. Кадр з фільма "Юзаф - намеснік фараона"

І вось, нарэшце, наступае кульмінацыйны момант, калі браты прыходзяць да Юзафа прасіць хлеба і тварам у твар сустракаюцца з ім, але не пазнаюць яго. Мы бачым, як складана перажывае гэтую сустрэчу Юзаф: ён дзіўна паводзіць сябе і некалькі разоў адыходзіць у бок, бо не можа стрымаць слёз (гл. Быц 42–44). Аднак у рэшце рэшт ён прабачае сваім братам, гаворачы такія словы:

«Не смуткуйце і не абвінавачвайце сябе, што вы прадалі мяне сюды. Бо дзеля вашага ратунку Бог паслаў мяне перад вамі. <…> Не вы скіравалі мяне сюды, а Бог» (пар. Быц 45, 5. 8а).

Погляд з іншай перспектывы

Калі мы прасочым усю гісторыю выбранага народа, то здзівімся, што менавіта такі лёс Юзафа меў вялікае значэнне: ён быў адзін з дванаццаці сыноў Якуба, якія пазней сталі дванаццаццю пакаленнямі Ізраэля. Менавіта дзякуючы таму, што Юзаф, іх родны брат, быў распарадчыкам у Егіпецкай зямлі і меў уладу, ён уратаваў ад голаду ўвесь свой род.

За час знаходжання ў Егіпецкай зямлі сям’я Якуба павялічылася настолькі, што ператварылася ў шматлікі габрэйскі народ, які пазней Майсей павёў у Абяцаную зямлю.

У кнізе Псальмаў мы таксама чытаем пра Юзафа: «Паслаў перад імі чалавека: Юзафа, якога прадалі ў няволю» (пар. Пс 105 (104), 17).

Найбольш цікава ў гэтым тое, што гісторыя, якая была балючай крыўдай і, здавалася б, зламала жыццё, ператвараецца ў вялікую місію.

Толькі пасля таго, як мы ў Божым святле ўбачым сэнс сваёй гісторыі, чым яна ў выніку стала для нас, нам будзе лёгка прабачыць, бо мы будзем... удзячныя.

Некалькі прыкладаў з жыцця

Падчас летняга адпачынку я пазнаёмілася з хлопцам, які распавёў мне сваю гісторыю:

«Я вырас у дзіцячым доме, бо мае бацькі пілі і рабілі шмат жудасных рэчаў. Сам я нарадзіўся на поўначы Расіі, але праз дзіцячы дом і інтэрнат мяне перавезлі у іншую краіну. Цяпер, азіраючыся назад, я бачу, наколькі Бог усё прадумаў у маёй гісторыі: у чужым асяроддзі я вырас зусім іншым чалавекам, бо ў нашай вёсцы ўсе толькі співаюцца. Я стаў веруючым і з часам зразумеў сваю місію: буду маліцца за маіх родных, бо за іх ніхто не моліцца. А таксама, калі дасць Бог, я хачу паехаць у сваю родную вёску і расказаць сваім бацькам, як моцна Бог іх любіць».

Словы гэтага маладога чалавека кранулі мяне да глыбіні душы, бо я ніколі не бачыла, каб хтосьці распавядаў пра свой суровы лёс і дзіцячы дом з такой радасцю ў вачах. Гэта была радасць вольнага чалавека, які праз балючую сітуацыю свайго жыцця адкрыў сваё пакліканне, сваё багацце і сваю місію. Якія ж неверагодныя шляхі Пана і Ягоная любоў! — падумала я тады.

Ілюстратыўнае фота

Другая гісторыя — пра вядомую спартсменку Бэтані Хэмілтан, якая марыла ўсё сваё жыццё займацца сёрфінгам, але яшчэ ў падлеткавым узросце засталася без рукі ў выніку нападу акулы. Пасля гэтага, здавалася, на ўсіх яе марах можна было паставіць крыж. Але сёння Бэтані з’яўляецца вядомай на ўвесь свет сёрфінгісткай… з адной рукой.

Аднойчы ёй задалі пытанне: ці не шкадуе яна аб тым выпадку з акулай і ці хацела б змяніць свой лёс? На гэта жанчына адказала з усмешкай: «Ведаеце, не, не шкадую. Бо цяпер, маючы толькі адну руку, я магу абняць куды больш людзей і несці ім надзею на тое, што калі я змагла пераадолець цяжкасці, то змогуць і яны». Пра яе гісторыю зняты прыгожы мастацкі фільм-біяграфія «Сёрфер душы».

Сёрфенгістка Бэтані Хэмілтан

Падсумоўваючы ўсё вышэйсказанае, успомнім яшчэ раз гісторыю Юзафа. Можна прачытаць яе на старонках Святога Пісання і адзначыць для сябе моманты, якія дапамаглі Юзафу прабачыць.

Шмат чаму мы можам навучыцца ў яго. Напрыклад, ніколі не губляць веру ў Бога падчас балючых выпрабаванняў, а таксама заставацца сумленнымі людзьмі. Праз стараннае выкананне абавязкаў слугі Юзаф стаў распарадчыкам у доме Патыфара, затым у вязніцы, потым — над усёй Егіпецкай зямлёй.

Таксама гісторыя Юзафа вучыць нас, што не варта ігнараваць свой боль пасля вялікай крыўды, які можа не праходзіць доўгія гады. Бог бачыць нашыя цярпенні (пар. Іс 57, 15) і заўсёды знаходзіцца побач (пар. Быц 39, 2. 21. 23).

Варта задаваць Богу свае шчырыя пытанні і шукаць на іх адказ. Калі мы знойдзем Божы адказ на свой боль, то абавязкова будзем суцешаныя і зможам прабачыць сваім крыўдзіцелям.

Мы будзем шчаслівыя, бо ўбачым поўную, прыгожую карціну, што гэта не мяне пакрыўдзілі, але што насамрэч Бог, узбагаціўшы мяне вопытам, паслаў мяне з асаблівай місіяй у гэты свет.

Абноўлена 05.10.2018 17:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця