Пошук

17.08.2018 15:30   Тэкст: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

Хто з нас, чытаючы Святое Пісанне, не сустракаў гэтыя словы: «Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якуба»? Сапраўды, яны так часта паўтараюцца, што мы ўжо прызвычайваемся да гэтых словаў, як да прымаўкі, і проста мінаем іх, не звяртаючы ўвагі.

Так, мова ідзе аб прыналежнасці да выбранага народа і вялікіх Божых абяцанняў, дадзеных патрыярхам, адзначаем мы ў думках, і адразу імкнемся чытаць далей.

Але Слова Божае настолькі глыбокае і шматпланавае, што нават у простых на першы погляд рэчах мы можам адшукаць вялікі сэнс і карысць для свайго духоўнага жыцця. Варта толькі суцішыць у малітве сваё сэрца і не шкадаваць часу на ўважлівае чытанне гэтай цудоўнай Кнігі кніг.

Дык кім жа яны былі: Абрагам, Ісаак і Якуб? «Вялікімі святымі патрыярхамі, вера якіх ніколі не хісталася; яны, напэўна, былі проста ідэальнымі людзьмі!» — адкажаце вы.

Але, гартаючы старонкі Бібліі, можна заўважыць, што гэтыя святыя таксама рабілі памылкі (гл. Быц 12, 10–20; 20, 1–12; 26, 6–11), а гісторыі іх жыцця можна назваць гісторыяй неймавернай Божай ласкі і Ягонага Провіду. Толькі Бог зрабіў з Абрама — Абрагама і з Якуба — Ізраэля… У жыцці кожнага з іх была Сустрэча з Панам, якая перамяніла ўсё.

Гісторыя Якуба

Давайце прачытаем гісторыю Якуба. Жыццё патрыярха было даволі цікавым. Пачалося яно з барацьбы за першынство з ягоным старэйшым братам яшчэ ва ўлонні маці: той выйшаў першым, але Якуб схапіў яго за пятку (гл. Быц 25, 22–26).

Потым апісваецца эпізод, калі старэйшы брат Эзаў усё ж такі прадаў Якубу сваё першародства за талерку пахлёбкі (гл. Быц 25, 28–34), пасля чаго Якуб падмануў свайго бацьку Ісаака і хітрасцю атрымаў ягонае благаслаўленне (гл. Быц 27,1–35). Цікава, што ў канцы свайго жыцця Якуб таксама спазнаў на сабе, што значыць быць падманутым сваімі дзецьмі (гл. Быц 37, 23–35)…

І вось, атрымаўшы першароднае благаслаўленне ад свайго бацькі, Якуб вымушаны ўцякаць ад свайго брата, бо той хоча забіць яго за такую дзёрзкасць. Па дарозе ў Месапатамію, аднак, ён стамляецца і кладзецца спаць, паклаўшы галаву на камень. І тут адбываецца Сустрэча. Бог прыходзіць да Якуба ў сне, і апісваецца вядомы эпізод з лесвіцай, па якой спускаюцца і падымаюцца анёлы.

І вось Пан стаяў над ёю і казаў:

Я — Пан, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім. І тваё патомства будзе як пыл зямны; і ты пашырышся на захад і на ўсход, на поўнач і поўдзень; і благаслаўлёныя будуць у табе і ў патомстве тваім ўсе плямёны зямлі. Вось Я з табою і буду захоўваць цябе, куды б ты ні пайшоў, і вярну цябе на гэтую зямлю. І не пакіну цябе, пакуль не выканаю ўсяго, што абяцаў табе.

Калі Якуб прачнуўся, сказаў: Сапраўды Пан ёсць на месцы гэтым, а я не ведаў. (пар. Быц 28, 13–16).

Цікава, што дагэтуль у жыцці Якуба Бог узгадваўся як «Бог Абрагама» і «Бог Ісаака» (пар. Быц 27, 20б; 28, 13), а пасля гэтай Сустрэчы Якуб назваў Бога менавіта сваім Богам: «Пан будзе для мяне Богам» (пар. Быц 28, 21). Якуб адкрывае ў сваім жыцці нешта, што ён “не ведаў”.

У Бібліі няма нічога выпадковага. Вось жа існуе нейкі момант, пасля якога Бог далёкі становіцца для біблійных персанажаў Богам блізкім: Бог бацькоў становіцца іх асабістым Богам. І з гэтага моманту ўсё змяняецца.

Напрыклад, калі Бог аб’яўляецца Майсею ў палаючым кусце, то называе сябе «Я — Бог Айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба” (пар. Зых 3, 6). Пазней Майсей называе Бога «мой Бог» (пар. Дрг 4, 5). Давід, сэрца якога вельмі падабалася Пану, таксама шмат разоў называў Бога менавіта «сваім Панам», прыклады чаго мы можам знайсці ў кнізе Псальмаў. Нарэшце, апостал Тамаш, убачыўшы ўваскрослага Езуса, усклікае «Пан мой і Бог мой!» (пар. Ян 20, 28).

А ці адбылася ў маім жыцці гэтая Сустрэча, пасля якой я магу назваць Бога сваім Панам?

Варта ўважліва прыгледзецца, суцішыць у малітве сваё сэрца… Які мой шчыры адказ? Я магу шмат ведаць пра Бога, але так і не мець з Ім асабістай сустрэчы. Хто Ён тады для мяне: Бог маіх бацькоў, маёй бабулі, маіх сяброў? І ці гэтага дастаткова?..

Святое Пісанне гаворыць, што не.

«Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць» (пар. Ер 31, 33–34а).

Падобныя месцы ёсць таксама ў Ер 24, 7, Эз 11, 20, Бар 2, 35 і Зах 8, 8.

Вось жа, сам Бог гаворыць, што хоча называцца нашым Панам і мець з намі асабістыя адносіны. Чаму гэта так важна?

Бо да сустрэчы з Ім Абрагам быў проста Абрамам, Ізраэль — Якубам… Без гэтай Сустрэчы мы будзем зусім іншымі і не зможам дасягнуць таго цудоўнага жыцця, здзейсніць той вялікай місіі, да якой паклікаў нас Бог. Толькі ў блізкай сувязі з Богам мы становімся сапраўднымі, адкрываем свае таленты, знаходзім свае мары і сілы да іх выканання.

Сустрэча, якая перамяняе жыццё

Малітва Якуба не была лёгкай: ён уцякаў ад аблічча свайго брата, які хацеў яго забіць. Цяжка ўявіць сабе, якія змяшаныя пачуцці былі ў ягоным сэрцы: радасць ад бацькоўскага благаслаўлення і цудоўных Божых абяцанняў і адначасова вялікі сум з пачуццём віны. Сітуацыя, напэўна, здавалася настолькі невырашальнай, што заставалася толькі ўцякаць ад рэальнасці… Ад аблічча свайго брата і бацькі, уцякаць са сваёй сям’і.

Калі ў нашым жыцці здараюцца такія горкія моманты, мы таксама ўцякаем. Нам здаецца, што з гэтым сорамам лепш уцячы таксама і ад Бога, ад Яго святога аблічча… Бо да Яго ж трэба прыходзіць толькі з дасягненнямі, нібы з добрымі адзнакамі за нашае хрысціянскае жыццё, думаем мы. Уцякаем таксама і ад сябе, бо сорамна нам і перад сабою.

Але менавіта тут можа адбыцца сапраўдная сустрэча з Богам, якая зменіць усё ў маім жыцці.

Калі мне ўжо не будзе чаго губляць, і я адкрыю Богу сваё сапраўднае аблічча, свой сорам і боль, і скажу Яму: «Вось я, Пане, і я маю патрэбу ў Табе…», тады ўбачу сапраўдны цуд перамянення.

Я адчую, які светлы супакой увойдзе ў маё сэрца, і буду здзіўлены тым, як неспадзявана знайшлося рашэнне маёй праблемы. Я зразумею, што Бог, з якім я сустрэўся падчас шчырай малітвы, мае моц перастаўляць горы ў маім жыцці і збаўляць мяне.

З гэтага моманту маё жыццё набудзе новыя колеры. І Бог, які калісьці здаваўся далёкім і абстрактным, цяпер стане для мяне менавіта маім Панам.

«Пан мой і Бог мой!» (пар. Ян 20, 28)

…Якуб маліўся ўсю ноч і сказаў Богу свае знакамітыя словы: «Не адпушчу, калі ты не благаславіш мяне» (пар. Быц 32, 24–31). І Бог даў Якубу новае імя, што азначае ў Бібліі новую сутнасць: цяпер Якуб стаў Ізраэлем.

А на раніцу адбылася сустрэча двух братоў, і яны прымірыліся ад усяго сэрца. Балючая гісторыя крыўды і сораму скончылася (гл. Быц 33, 1–10). Адбыўся сапраўдны цуд перамянення: Якуб, які раней уцякаў ад аблічча свайго брата, цяпер сказаў яму: «Я ўбачыў твар твой, як калі б хтосьці ўбачыў аблічча Божае» (пар Быц 33, 10).

Не варта баяцца прыходзіць да Бога ў цяжкія моманты свайго жыцця і размаўляць з Ім шчыра. Мая шчырасць — гэта месца вялікай Божай ласкі і Ягоных цудаў. Не варта баяцца называць Бога сваім Панам, бо Ён сапраўды мае моц мяне збавіць.

Абноўлена 18.08.2018 00:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.