Пошук

31.08.2018 16:00   Тэкст: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

У сённяшнім разважанні над Святым Пісаннем мы бліжэй пазнаёмімся з асобаю самага малавядомага са старазапаветных патрыярхаў — Ісаака, а таксама даведаемся пра глыбокі сэнс біблейскіх сімвалаў крыніцы і студні.

Што мы ведаем пра Ісаака?

Тое, што ён быў доўгачаканым сынам Абрагама і што Абрагам павінен быў прынесці яго ў ахвяру Богу. Яшчэ, напэўна, цікавай дэталлю будзе тое, што імя «Ісаак» азначае «смех». Усе мы, напэўна, памятаем, як рассмяялася ў сваім сэрцы яго маці Сара ў адказ на прароцтва Анёла, што яна народзіць сына ў старым узросце (Быц 18,12).

Але ёсць яшчэ некалькі важных эпізодаў у жыцці Ісаака. Давайце спачатку прачытаем поўную гісторыю яго жыцця ў кнізе Быцця (гл. Быц 21–28,5). Цікава, што Ісаак жыў у пустыні і пастаянна шукаў крыніцы вады, выкопваючы студні, а ягоныя ворагі, філістымляне, знаходзілі гэтыя студні і закідвалі іх зямлёю (гл. Быц 26, 12–32).

На першы погляд, нічога незвычайнага: чалавек, які жыве ў пустыні, мае вострую патрэбу ў вадзе. Але давайце спынімся і паразважаем глыбей над гэтым вобразам, бо ў Бібліі няма нічога выпадковага.

Ёсць крыніца вады, без якой немагчыма пражыць, і ёсць ворагі, якія хочуць знішчыць гэтую крыніцу…

Што наталяе маё жыццё?

Давайце ўявім сабе вочы чалавека, які згубіў сэнс жыцця. Усе мы, напэўна, калісьці бачылі такіх людзей ці нават самі перажывалі штосьці падобнае. Гэты стан можна параўнаць са становішчам чалавека, адрэзанага ад сваёй крыніцы: ён не мае дзе зачэрпнуць сіл, каб ісці далей. Няма ў ягоным сэрцы ні радасці, ні адчування сэнсу, ані сілаў. Выйсці з такога стану і зноў адшукаць крыніцу жыцця часам бывае вельмі цяжка.

Бачылі мы і іншых людзей, вочы якіх ззяюць ад радасці і натхнення, ад таго, што сэрца іх напоўненае пачуццём шчасця. Гэта тыя людзі, якія знайшлі свой сэнс жыцця. Яны адшукалі свае мары і ідуць да іх, перамагаючы любыя перашкоды на гэтым шляху. Яны жывуць напоўніцу, адчуваючы ўсе колеры і смакі, неверагодную прыгажосць гэтага жыцця… Гэта людзі, якія знайшлі сваю крыніцу жывой вады.

Як жа нам хочацца таксама адшукаць сваё шчасце, свой сэнс жыцця, свае мары і быць шчаслівымі таксама, як яны! Не хочацца марнаваць свой час на расчараванне, але сапраўды хочацца дасягнуць абяцання Хрыста: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё, і мелі ў дастатку»(Ян 10, 10).

Задумаюся на хвіліну: а што робіць мяне шчаслівым і дзе знаходзіцца крыніца майго жыцця?

Бог дае мне так шмат людзей навокал, адносіны з якімі наталяюць маю смагу: ці я ўмею іх заўважыць і прысвяціць час па-за працаю на гэтыя такія патрэбныя мне сяброўскія адносіны? Бог даў мне так шмат талентаў, інакш кажучы, заняткаў, якія мне падабаюцца: ці я знаходжу на іх час, каб зноў аднавіць свае сілы?

Што яшчэ з’яўляецца маёй крыніцай? Без чаго я сасмагну, нібы ў пустыні, без вады ў свам жыцці? Ці, можа, я зрабіў крыніцай свайго жыцця тое, што на самай справе гэтай смагі не наталяе, бо не дае жыцця? У цішыні перад Богам знайду свой адказ на гэтыя пытанні.

Вобраз студні ў Бібліі

Ісаак шукаў крыніцы вады, каб не сасмагнуць у пустыні. Што азначае вобраз студні ў Святым Пісанні? Каб зразумець гэта, давайце ўзгадаем, дзе яшчэ ў Бібліі напісана пра «крыніцу вады» або «жывую ваду».

У Евангеллі ад Яна чытаем:

«У апошні, вялікі дзень свята, Езус устаў і, заклікаючы, сказаў: „Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой“. Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго» (Ян 7, 37–39а).

У рамове з самаранкай Езус таксама гаворыць:

«Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам Яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае» (Ян 4, 13-14).

Дарэчы, сустрэча з самаранкай таксама адбылася каля студні (гл. Ян 4, 6–26). Праз гэтую сімволіку аўтар Евангелля яшчэ раз падкрэслівае, што менавіта Езус з’яўляецца адзінай і сапраўднай крыніцай жывой вады.

У двух наступных урыўках са Старога Запавету таксама сімвалічна ідзе гаворка пра Езуса Хрыста: у кнізе прарока Ісаі (Іс 55, 1) і Эзэхіэля (Эз 47, 1–12).

Такім чынам, Святое Пісанне гаворыць нам, што сапраўдная жывая вада, якая наталяе смагу ў нашым жыцці — гэта Езус Хрыстус. А Ісаак, шукаючы крыніцы ў пустыні, сімвалічна шукаў у сваім жыцці Бога.

Цяпер зноў задумаюся на хвіліну: а ці Езус з’яўляецца і маёй крыніцай жыцця? Ці ўзгадаў я Яго, майго Бога, сярод усіх тых рэчаў, якія прыносяць мне радасць і натхненне і надаюць сапраўдны смак майму жыццю?

Калі я раптам не ўзгадаў Яго, то, можа, цяпер самы час уключыць Бога ў гэты спіс і паставіць Яго ў ім на першае месца? Знайшоўшы гэтую адзіную і сапраўдную Крыніцу, я больш ніколі не сасмагну.

А можа, я ўспрымаю Бога толькі як таго, хто абмяжоўвае маё шчасце і жыццёвыя асалоды? Тады варта пазнаць Яго бліжэй і ўсвядоміць, што Бог ніколі не забірае ў нас радасці жыцця, а наадварот, дорыць яе сапраўдную.

Гісторыя знаёмства Ісаака і Рэбэкі

Гісторыя знаёмства Ісаака і ягонай будучай жонкі Рэбэкі, напэўна, адна з самых прыгожых у Старым Запавеце. (гл. Быц 24). Ісаакаў бацька Абрагам паслаў свайго слугу, каб той выбраў для ягонага сына жонку, аб якой скажа сам Бог. Прыйшоўшы ў Месапатамію, слуга спыніўся «каля крыніцы вады» (Быц 24, 13) і менавіта тут ён убачыў прыгожую дзяўчыну, пра якую зразумеў, што гэта і ёсць будучая жонка Ісаака.

Праіўшыся з бацькамі, дзяўчына пагадзілася выйсці замуж за таго, каго не ведала. Ведала яна адно: так хоча Бог, а значыць гэта добрая прапанова. Гэтая гісторыя — прыклад неверагоднага даверу да Бога ў самых важных справах свайго жыцця. І адбылася гэтая сустрэча зноў жа каля студні!

Калі я знайду ў сваім жыцці сапраўдную крыніцу жывой вады — Бога — і буду прымаць жыццёва важныя рашэнні, схіліўшыся да гэтай студні, то ніколі не памылюся і не спазнаю паражэння. Ісаак паўсюль, дзе б ён ні быў, шукаў гэтыя крыніцы. Таксама буду і я кожны дзень шукаць Божай прысутнасці ў малітве, памятаючы, што толькі ў ёй пачынаецца маё сапраўднае жыццё.

Таксама, як філістымляне засыпалі крыніцы Ісаака, злы дух — вораг майго збаўлення — будзе кожны дзень старанна закідваць усялякім смеццем і крыніцу майго жыцця. Ён будзе падкідваць розныя справы, сумненні і клопаты, каб толькі я не маліўся і не змог зачэрпнуць жывой вады. Але, нягледзячы на гэта, варта кожны дзень нястомна знаходзіць сваю студню ў пустыні.

Варта шукаць чыстай, сапраўднай вады, якой з’яўляецца Езус Хрыстус. З Ім маё жыццё ніколі не будзе сумным ці шэрым: яно будзе напоўнена сапраўдным шчасцем і натхненнем, сапраўдным сэнсам і радасцю. Аб такім жыцці я ніколі не пашкадую.

Абноўлена 31.08.2018 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.