Пошук

18.07.2018 14:07   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У Будславе людзей станавілася ўсё больш, нягледзячы на халодны вецер і даволі моцны дождж. У такое надвор’е не было жадання брацца за фотаапарат. Аднак позірк усё адно заўважаў пэўныя сюжэты, якія хацелася зафіксаваць, каб падзяліцца з іншымі. Нібы Дух Святы зноў дае новыя сілы, каб перадаць праз мяне настрой вернікаў.

Працяг.  Пачатак ТУТ>>>

Душа весяліцца

Сёння апошні дзень нашай пілігрымкі. Засталося некалькі гадзін да таго, як мы ўвойдзем у дом нашай духоўнай Маці. Для мяне гэта асаблівы момант. Гэта перш за ўсё час падзякі.

Кожны крок, зроблены ў гэтай сотні кіламетраў, узмацняў мяне. Я ўбачыў, што касцёл — гэта не толькі месца паяднання з Богам, а моцная супольнасць, нават сям’я, дзе можна духоўна ўзбагаціцца і ўдасканаліцца.

Раней у мяне было шмат стэрэатыпаў (яны яшчэ ёсць, але ўжо менш) наконт хрысціянскай веры. У пілігрымцы некаторыя з іх развеяліся.

Напрыклад, лічыў я, пілігрым павінен заўсёды сумаваць, няспынна маліцца, цярпець усе фізічныя пакуты, начаваць у намёце і нават не хадзіць у лазню, бо гэта дае фізічную палёгку. Такія думкі больш узнікалі падчас першых пілігрымак. Адкуль яны ўзяліся ў мяне?..

Цяпер я ўбачыў і адчуў гэта з іншага боку. Нельга па-сапраўднаму праслаўляць Бога, будучы ў такім прыгнечаным настроі. Узгадваецца радок з пілігрымковай песні «душа весяліцца, славіць свайго Пана…». Таму апошнія кіламетры да Будслава я прысвяціў радаснай падзяцы Пану Богу за ўсе даброты, якімі Ён мяне адорвае, за магчымасць зноў прайсці гэты шлях і ўключыцца ў разважанні. Канешне, за сям’ю, родных і блізкіх, здароўе і шмат, шмат, шмат за што…

Насамрэч, часцяком мы забываемся выказваць словы падзякі за кожны наш дзень зямнога жыцця, неяк атрымліваецца ўсё больш прасіць і скардзіцца. Аднак чалавек ніколі не ацэніць тое, што мае, пакуль не выкажа падзяку, пачынаючы з дробязяў. Бо я лічу, што з маленькіх пазлаў складаецца карціна нашага свету. Калі мы навучымся іх заўважаць, тады адчуем сапраўдную паўнату жыцця.

Дождж

Выйшаўшы з намётавага лагеру, я спяшаўся на Імшу для пілігрымаў. Нават узяў з сабою турыстычны дыванок, каб можна было прысесці ў касцёле і крыху адпачыць. Аднак у святыню тады я так і не трапіў. Людзей было столькі, што нават на на прыступках ужо зусім не засталося месца. На імгненне прамільгнула думка, што трэба было выходзіць раней. Але зноў усё невыпадкова.

Я застаўся стаяць звонку перад касцёлам. Тым часам людзей станавілася ўсё больш, нягледзячы на халодны вецер і даволі моцны дождж. У такое надвор’е не хацелася брацца за фотаапарат. Аднак позірк усё адно заўважаў пэўныя сюжэты, якія хацелася зафіксаваць і падзяліцца з іншымі. Нібы Дух Святы зноў дае новыя сілы, каб перадаць праз мяне настрой вернікаў. І я стаў назіраць.

Начная працэсія

Начная працэсія са свечкамі — кульмінацыя першага дня ўрачыстасці. Знешне яна выглядае, як быццам вогненная рака вакол будслаўскай святыні. Яшчэ больш прасякаешся людзьмі, ад якіх сыходзіць унутранае святло.

Ці пілігрымка скончылася? Пілігрымаваць па жыцці — гэта не проста вандраваць. Гэта азначае духоўна працаваць над сабой, калі ты хрысціянін. Рух скіраваны на ўстанаўленне сувязі з Творцам.

Узгадаць пілігрымкі мінулых гадоў, а таксама паглядзець сёлетнія фотаздымкі можна на фотавыставе «Дарогі, якімі мы Бога шукаем», якая цяпер праходзіць у касцёле св. Мікалая ў Свіры (Мядзельскі дэканат). Сачыце за аб’явамі на catholic.by

Абноўлена 19.07.2018 01:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця