Пошук

11.07.2018 16:51   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Складана адначасова знаходзіцца ў розных пунктах і фатаграфаваць, асабліва калі хочаш запісаць інфармацыю пра сваіх фотагерояў. Але нават адзін выдатны кадр здольны кампенсаваць тваю стомленасць. Маральна ты на ўздыме.

Працяг. Пачатак ТУТ>>

Знаёмыя твары

Ідучы з мінскімі пілігрымамі, у чарговы раз праходзіш мясціны, якія ўжо сталі знаёмымі. У вёсках, праз якія ідзем, пазнаю мясцовых жыхароў, назіраю, як змяняюцца яны знешне.

Нязменнымі застаюцца іх усмешкі і радасны настрой. З асаблівай шчырасцю сустракаюць нас дзеці: для іх гэта найбольш незвычайна і цікава. Некаторыя на некалькі хвілін далучаюцца да нас.

Радасна было сустрэць адну бабулю з вёскі Стайкі. Яшчэ ў 2013 годзе, калі я ўпершыню суправаджаў пілігрымку, зрабіў яе здымак, які пасля ўвайшоў у маю фотавыставу «Дарогі, якімі мы Бога шукаем».

Пазней, ідучы ў пілігрымцы і сустракаючы гэтую бабулю, я зноў рабіў яе партрэт. Гэтым разам я хваляваўся, бо хацеў падарыць ёй фота з мінулага года.

Цяпер яна чакала нас з левага боку. Атрымаўшы фотаздымак, яна пазнала сябе на ім. Сафія Кузьмінічна, так завуць гэтую 92-гадовую бабулю. У Бога яна просіць толькі аднаго — моцнага здароўя, каб у наступным годзе зноў змагчы вітаць пілігрымаў!

Камень у кішэні

Трэці дзень пілігрымкі прыпаў на пакутную пятніцу. Пілігрымы шукалі па дарозе камень, які неабходна было несці цэлы дзень.

Падняў свой камень і я. Заўважыў, як спачатку прызвычаіўся да яго, калі ж рухаўся хутчэй — ён мяне непакоіў. Нібыта частка мяне, але зусім іншародная. Так і з грахом: спачатку здаецца, што нічога страшнага, звыкаешся з ім. Аднак надоўга схаваць яго не ўдаецца: ён запавольвае наш рух, не даючы магчымасці развівацца духоўна.

Паспець усюды

Тым часам пілігрымы амаль дайшлі да канца вёскі, дзе іх традыцыйна вітаюць пачастункам. Каб паспець сфатаграфаваць іх уваход, мне трэба было абагнаць пілігрымку і прыбегчы першым.

А яшчэ хацелася зафіксаваць і жыхароў вёскі, якія віталі пілігрымаў. Складана адначасова знаходзіцца ў розных пунктах і фатаграфаваць, асабліва калі хочаш запісаць інфармацыю пра сваіх фотагерояў. Але такая праца фотажурналіста: часам ты вымушаны ахвяраваць цікавым сюжэтам.

Але нават адзін выдатны кадр здольны кампенсаваць тваю стомленасць. Маральна ты на ўздыме.

Гасціннасць

У мяне быў план: я хацеў прачнуцца да ўзыходу сонца, выйсці ў поле са штатывам і паздымаць касцёл у ранішнім асвятленні.

Аднак, як потым высветлілася, Бог падрыхтаваў для мяне іншы сцэнарый.

Добры знаёмы Уладзімір звярнуўся з прапановай: «Паехалі з намі на начлег у суседнюю вёску Мацькаўцы. Адпачнеш, сходзіш у лазню». Пасля доўгіх ваганняў я вырашыў паехаць.

Андрэй Віктаравіч пад’ехаў на сваім старэнькім фольксвагене: каб завезці 12 чалавек, ён зрабіў некалькі рэйсаў. Ужо каля 10 гадоў ён прымае пілігрымаў на начлег. Да сустрэчы гасцей рыхтуецца з самай раніцы: пратаплівае лазню, збірае на стол. Нават увечары гатаваў для нас фірмовыя пельмені.

Такі цёплы прыём у пілігрымцы для мяне быў упершыню. Раней я проста ставіў палатку, начаваў у будынку школы... А тут я стаў сведкам сапраўдных хрысціянскіх адносін да бліжняга. Вельмі ўразіла, што чалавек проста так, бескарысліва, дзеліцца тым што мае.

Я ацаніў перавагі хатняй ежы і тое, як здольная яшчэ больш аб’яднаць малітва перад вячэрай. Прачуўшыся ранкам, я пабачыў зацягнутае цёмнымі хмарамі неба — надвор’е мянялася. Вось, падумаў я, калі б застаўся здымаць світанак, мяне чакала б расчараванне. Але Бог зрабіў усё найлепшым чынам.

І наперадзе — цудоўны настрой на ўвесь дзень. Яшчэ адна сустрэча, пра якую не магу не ўзгадаць. Абед ад жыхароў вёскі Камена. Амаль 30 гадоў, колькі пілігрымы ідуць гэтай дарогай, для іх тут гатуюць сапраўдны пір. Нізкі паклон і вялікая падзяка ўсім вам!

Працяг будзе.

Абноўлена 11.07.2018 19:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця