Фатограф Віктар Ведзень, які супрацоўнічае з Catholic.by пазаштатна, схадзіў у пілігрымку Мінск – Будслаў і занатаваў свае адчуванні. Віктар упершыню прайшоў дарогу ў Будслаў ад пачатку і да канца.
Унутраны дыялог
З першым крокам хацелася адразу ж акунуцца ў духоўныя разважанні над сваім жыццём, успомніць пражыты год і ўзгадаць свае недахопы. Аднак амаль палову шляху ў першы дзень займае выхад з горада.
Нават адышоўшы за межы МКАДа, адчуваеш на сабе энергетыку мегаполіса. Прайграеш у галаве ўчарашні дзень, зборы заплечніка — ці ўсё патрэбнае ўзяў, ці ўсе справы вырашыў перад адыходам.
Некаторыя з маіх знаёмых пыталіся: «Чаго ты зноў ідзеш? Ты ўжо хадзіў пехатою ў Будслаў» і г.д. Разважанні над гэтым таксама краналі мяне. Як растлумачыць ім, даказаць сваё меркаванне?
Усё гэта доўгі час не давала супакою. Так і ў штодзённым жыцці: шмат пытанняў, але не заўсёды знаходзіш час для пошуку адказу. Таму пілігрымка — адна з магчымасцяў зрабіць гэта.
Дзень нараджэння ў пілігрымцы
...Уздым запланаваны на 6.00, але калі не хочаш стаяць у доўгай чарзе, каб памыцца і пачысціць зубы, лепш прачнуцца на паўгадзіны раней.
Ужо трэці год запар дзень майго нараджэння прыпадае на пілігрымку. Спачатку здавалася дзіўным адзначаць яго такім чынам, удалечыні ад сям’і, родных і сяброў.
Перажываў, што многія не змогуць датэлефанавацца, каб павіншаваць. Але пасля я зразумеў: не важна, што мала хто ведае пра мой дзень, галоўнае, што ведае Бог.
Але калі паглядзець па-іншаму, то на маім дні нараджэння было амаль две сотні гасцей.
Неверагодна! Мяне павіншавалі маім любімым спевам «Божа мой, гэта Ты, гэта Ты» хрысціянскага гурта «Кадаш».
На жаль, песня не ўключана ў спеўнік, аднак некаторыя ведалі, што спеў мне падабаецца, і павіншавалі мяне ім. Гэта быў адзін з самых лепшых момантаў.
Пакаянне
Падчас пілігрымкі ёсць магчымасць зазірнуць у глыбіню душы, узгадаць грахі і даверыць іх Богу праз паслугу святара.
Як часта мы забываемся пра Божае прабачэнне і не можам прабачыць самі сабе. Працягваем жыць з пачуццём віны, адцягваем споведзь. Апускаемся на самае дно і замыкаемся ў сценах граху. Параўноўваем сябе з іншымі, дзесьці ўзвышаем сябе, апраўдваючыся, што так жывуць усе.
Неяк музыкант і паэт Пётр Мамонаў казаў: «Калі ты на самым дне, то ў цябе насамрэч добрае становішча: табе далей няма куды, акрамя як наверх». Цяпер я з ім згодны.
Усвядоміў, што толькі праз споведзь можна падняць позірк да неба, убачыць сонца — і там будзе надзея, вера ў новую магчымасць стаць лепшым.
Заўсёды я неяк адцягваў момант споведзі на апошнія дні пілігрымкі, гаварыў сабе, што яшчэ паспею і падрыхтуюся лепш. Споведзь павінна быць шчырай, з цвёрдым намерам выправіцца. Толькі не заўсёды гэты час наступае, калі мы яго запланавалі. Самы лепшы дзень для споведзі — сёння.
Працяг будзе.