Пошук

13.07.2018 08:16   а. Віктар Жук SI / Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

У мінулы раз мы спыніліся на тэме пакінутасці: стану душэўнага спаду, падчас якога губляецца адчуванне блізкасці Бога, знікае радасць і імкненне да духоўных рэчаў — стану, супрацьлеглага суцяшэнню.

У гэтым артыкуле мы працягнем размову пра дынаміку пакінутасці, а таксама разгледзім правілы супраціву «прыёмам» нашага ворага.

У правілах, якія святы Ігнацый Лаёла прыводзіць у «Духоўных практыкаваннях» (далей — ДП), больш увагі надаецца менавіта пакінутасці, бо такія перыяды ў жыцці чалавека — далікатны час; трэба ўмець яго перажыць цярпліва і мудра, тады ён можа стаць выдатнай магчымасцю для духоўнага росту.

Нагадаем, што змяняць прынятыя раней рашэнні ў перыяд пакінутасці — кепская ідэя, а галоўны прынцып заключаецца ў тым, каб цярпліва супрацьстаяць панурым думкам і спакусам, з пакорай і даверам разлічваючы на Божую дапамогу, нават тады, калі мы яе не адчуваем выразна.

Толькі такая грунтоўная пастава з’яўляецца ўмовай пошуку адказу на пытанне аб прычынах пакінутасці, якую асабліва востра мы перажываем на фоне папярэдняга духоўнага ўздыму.

Прычыны пакінутасці

Пакінутасць — гэта не Божае пакаранне, частка Божай «педагогікі» адносна нас. Першая прычына пачуцця аддаленасці ад Бога — млявасць, абыякавасць і нядбайнасць у нашых адносінах з Ім, у духоўным высілку, у нашай дзейснай паслухмянасці скіраванаму да нас Слову жыцця, «і таму духоўнае суцяшэнне аддаляецца ад нас па нашай віне» (ДП 322).

«Ты цёплы, а не гарачы і не халодны», — звяртаецца Уваскрослы Хрыстус да Касцёла ў Лаадыкеі (пар. Ап 3, 16) і працягвае: «Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся. Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною. Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне ( пар. Ап 3, 19–21)».

Крыніцай таго становішча, якое мы схільныя ўспрымаць як пакаранне, з’яўляецца любоў і рэўнасць нашага Пана і Настаўніка адносна нас і нашага сапраўднага дабра.

Не Бог пакідае нас, а мы аддаляемся ад Яго, шукаючы лягчэйшай дарогі. Наш Айцец — не заўсёды і не цалкам, дзякуй Богу! — дазваляе, каб наступствы, закладзеныя ў самім зле, прынеслі шкоду чалавеку, які чыніць зло, і ў перспектыве Божай міласэрнасці гэта павінна служыць заклікам да роздуму і навяртання.

Таму будзе няправільна заглыбляцца ў пачуццё віны. Найлепш у такія моманты з пакорай прызнаць сваю памылку, перагледзець прыярытэты і, разлічваючы на Божую дапамогу, падняцца і ісці далей.

Нават калі мы «не робім нічога дрэннага», а проста бяздзейнічаем, мы насамрэч рухаемся назад, таму што духоўны шлях, як вучыць святы Грыгорый Нізскі, — гэта няспынны рух наперад.

Вобраз «патрабавальнага Бога», які часта сустракаецца нам у Пісанні, трэба ўспрымаць у такім сэнсе: з павагай ставячыся да нашай свабоды, Бог ведае нашыя рэальныя здольнасці (і давярае ім!) і не гатовы пагадзіцца «на меншае», хоць дасягненне высокай мэты зойме ў нас не дзень і не два. Адначасова наш Нябесны Айцец знаходзіцца побач з намі і дае сілы выконваць тое, чаго Ён ад нас чакае.

Другая прычына, па якой мы можам страціць адчуванне Божай падтрымкі, — мае на мэце «выпрабаваць нас, чаго мы вартыя і наколькі прасунуліся наперад у служэнні Яму і праслаўленні Яго, не атрымліваючы такой шчодрай узнагароды, якую прыносяць багатыя суцяшэнні і вялікія ласкі».

Калі параўнаць наш шлях з экскурсіяй у горы, суцяшэнне адпавядае кавалку дарогі па раўніне, поўнай сонца і цяпла, з прыгожай панарамай, якая цешыць вока, а пакінутасць — гэта пад’ём угару, што патрабуе сур’ёзнага намагання і часам суправаджаецца халодным ветрам.

Першапачаткова складаныя ўчасткі шляху выклікаюць супраціў, бянтэжаць нас, але трэба прайсці праз іх, каб адолець новыя вышыні. Спачатку можа здавацца, што вяршыня недасягальная, але з цягам часу новыя нечаканыя гарызонты адкрыюцца перад вачыма вандроўніка.

Возьмем прыклад з біблійнай гісторыі збаўлення і ўспомнім, што падарожжа Ізраэля праз Сінайскую пустыню пераважна і было такім выпрабаваннем у неспрыяльным асяроддзі, пазбаўленым выгодаў, а часам — нават самага неабходнага. Мардэхай Лайнер інтэрпрэтуе эпізод у пустыні Сур і Мэрэ (гл. Зых 17, 22–27), калі Ізраэль тры дні не мог знайсці вады, як досвед «бяздоннай духоўнай сухасці», падчас якой неабходна задзейнічаць увесь духоўны рэсурс.

Выпрабаванне не з’яўляецца самамэтай, але спрыяе ўмацацаванню духоўных якасцяў, і перш за ўсё, веры, сувязі з Богам.

Вандраванне праз пустыню ў сваім глыбінным, сімвалічным вымярэнні датычыцца гісторыі кожнага верніка: гэта шанц паказаць, што мы «штосьці» можам, нават калі не атрымліваем знешняга ўзнагароджання або ўнутранага задавальнення. Гэта шлях ачышчэння ад нашай прыхільнасці да пахвальных узнагародаў, якія, хоць бы і вельмі каштоўныя, ніколі не зраўняюцца па велічы і глыбіні з самім Богам, з нашай еднасцю з Ім.

Як піша а. Сільвано Фаўсці, Пан паказвае нам сваю пустую руку для таго, каб мы ўзнялі свае вочы на Яго аблічча.

Іншы вобраз, узяты ў евангеліста Яна (гл. Ян 15), — вобраз ачышчэння-падразання галінак вінаграднай лазы.

Лішнія галінкі і лісце трэба прыбраць, каб энергія росту была накіравана на выбраныя галіны, якія прынясуць плод. Сам па сабе працэс такога ачышчэння бязрадасны; тым не менш, ён патрэбны дзеля правільнага росту.

У справе трэцяй прычыны пакінутасці святы Ігнацый дае настаўленне, каб мы не прыпісвалі сабе ўласцівасцяў духоўнага суцяшэння, такіх як паглыбленую павагу, гарачую любоў і г.д., але памяталі, што ўсё гэта — Божы дар і што мы няздольныя спарадзіць гэтыя плады ў сабе самі.

Сапраўды, падчас перыяду суцяшэння можа ўзнікнуць спакуса заганарыцца і пачаць любавацца сабой з-за таго, як выдатна ў нас усё атрымліваецца, «звіўшы гняздо ў чужым месцы», як кажа святы Ігнацый.

«Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты. Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены» (пар. Як 1, 16–17). Усведамленне, што духоўныя даброты насамрэч не з’яўляюцца нашай уласнасцю і заслугай, раніць нашую пыху і прымушае пачаць зноў пакорліва ўспрымаць усё нашае існаванне праз прызму Божага дара, дзяліцца якім з іншымі задарма мы пакліканыя.

Гэтая апошняя магчымая прычына стану пакінутасці мае ў сабе іншы аспект. Часам Божы заклік, які гучыць праз словы Евангелля, спрычыняецца да журбы і суму, таму што мы ўсведамляем, як нам далёка да ідэалу вучня, пра якога гаворыць Езус.

Зусім як малады чалавек, што прыйшоў з жаданнем атрымаць у спадчыну жыццё вечнае, але ж не быў гатовы адмовіцца ад сваёй маёмасці, мы адыходзім маркотныя (гл. Мк 10, 22), успрымаючы Евангелле ў якасці «закона», а не Добрай Навіны, якая нясе ў сабе моц для нашага навяртання, таму што ў сваім імкненні наперад мы прызвычаіліся разлічваць на свае сілы і прыпісваць сабе ўсе дасягненні.

Каб ісці за Хрыстом, давядзецца адкінуць амбіцыйны падыход і глыбей усвядоміць, што мы застанемся вернымі Яму толькі дзякуючы дару Яго Духа.

[Працяг будзе]

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа