Пошук

24.01.2018 13:43   Кл. Артур Ляшнеўскі SDB / sdb.by / Catholic.by

За акном зіма, але заўсёды, калі надыходзіць 24 студзеня, успамін св. Францішака Сальскага, сваю прыгажосць, нібы каштоўны дыван, перад маімі вачыма раскрывае духмяная вясна.

Адразу пачынаю ўяўляць рознакаляровыя кветкі на палях і паласатых пчолак, якія сваёй ахвярнай працай збіраюць каштоўны скарб прыроды — мёд. Мёд заўсёды будзе для нас знакам цеплыні, дабрыні і слодычы. Часта любім пасмакаваць яго на свежай булцы або адчуць яго лекавую моц у гарбаце з малінамі.

Менавіта гэты «твор» пчалінага рою з’яўляецца найбольш адпаведным сімвалам постаці святога біскупа Жэневы, якога сёння ў літургіі ўзгадвае Каталіцкі Касцёл.

«Мядовы Доктар» — так называе яго каталіцкая традыцыя, падкрэсліваючы яго лагоднасць  і слодыч любові.

«Бог з’яўляецца Богам чалавечага сэрца» (Трактат аб Божай любові, I, XV) — у гэтых словах адлюстроўваецца духоўнасць св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла.

Гэты святы, па праўдзе кажучы, адкрыў новую эру ў хрысціянскай духоўнасці, актуальную і сёння. Святы біскуп прыўзняў перад вернікамі заслону Божай прысутнасці ў свеце, паказаў Бога ў штодзённасці, даў канкрэтныя простыя падказкі на шляху чалавека да святасці.

У чым рэцэпт хрысціянскай дасканаласці?

Божае сэрца дзякуючы яму праявілася ў тэрміне «чалавечае». Хрыстус, прыняўшы чалавечае цела, стаўся адным з нас. Хто, як не Ён, ведае пра нашыя праблемы, хваляванні, мары? Божае сэрца праз уцелаўленне Езуса стала бліжэй да чалавека, а св. Францішак дапамог душам простых вернікаў гэта зразумець і прыняць Бога.

Біскуп Сальскі жыў у вельмі складаны час. Гэта была эпоха «другога гуманізму», як яе любяць называць гісторыкі. Пратэстанты, якія апаноўвалі Еўропу, з амбонаў сваіх збораў абвяшчалі, што чалавек не мае ўплыву на сваю святасць, гуманізм узвышае чалавека як караля сусвету; казалі, што духоўная дасканаласць — гэта пародыя.

У каталіцкай думцы яшчэ панаваў сярэднявечны погляд на святасць, якая здавалася толькі і выключна ў межах вялікіх вырачэнняў і найлепей у якім-небудзь закрытым кляштары.

Супрацьстаянне трох бакоў на полі чалавечай духоўнасці разгортвала сапраўдную баталію. На жаль, удзел у гэтых дэбатах мелі толькі духоўныя і выбітныя людзі той эпохі. А просты люд? Просты люд араў поле, пёк хлеб і гадаваў дзяцей. Яго ўдзел — прыняць тое, што прымуць тыя, на гары…

Францішак Сальскі пераступае падзел, які трываў шмат гадоў. Будучы духоўнай асобай заможнага паходжання, ён спускаецца да самых нізоў — да простых людзей. Яго гаміліі не былі накіраваны, як было прынята, да магнатаў, сабраных у святыні, але да ўсіх без выключэння.

Біскуп для ўсіх — гэта была па-сапраўднаму навізна. Святы Францішак стварае свой рэцэпт хрысціянскай дасканаласці. Інгрэдыенты выглядалі наступным чынам:

  1. Любоў да Бога, якая з’яўляецца цэнтрам і крыніцай хрысціянскага жыцця;
  2. Унутраны супакой і шчырая радасць;
  3. Салодкая лагоднасць і непераможная цярплівасць;
  4. Некрывадушная пакора.

Францішак Сальскі паставіў гэтыя чатыры аспекты краевугольнымі камянямі ў фундамент святасці, якую практыкаваў сам і раіў іншым. Аднак большай рэвалюцыяй у сферы духоўнага жыцця стала тое, што жаданую святасць, паводле яго, можна было здабыць сярод місаў і апалонікаў — у звычайнай штодзённасці.

У цэнтры духоўнага змагання чалавека святы ставіць Божую любоў, а не асабістыя заслугі, пакуты і ахвяраваныя цярпенні. Святы казаў, што менавіта з любові выцякаюць усе вядомыя тыпы духоўнасці дзяцей Божых.

Чалавек, паводле навучання Францішка Сальскага, павінен не толькі палюбіць свайго Стварыцеля, але таксама шчыра любіць сваё асабістае месца ў жыцці. Адна з маіх любімых думак гэтага святога — парада, якую біскуп напісаў у лісце да мадам Блюлярт, якая моцна зайздросціла сваёй сястры, законніцы.

Навошта будаваць замкі ў Іспаніі, калі мы жывём у Францыі?

Святы напісаў наступныя словы: «Калі прагнем быць святымі паводле нашай волі, ніколі імі не будзем па-сапраўднаму; святымі трэба быць згодна з воляй Божай. А воля Божая ў тым, каб Вы з любові да Яго шчыра палюбілі практыкаванне свайго жыццёвага стану жыцця».

У іншым лісце да той самай асобы ён піша:

«Калі ласка, не сейце свае мары ў чужым садзе; дбайце пра свой сад. Няхай ваша душа не жадае быць кімсьці, кім не з’яўляецца, але моцна прагне быць тым, кім вы ёсць. Навошта будаваць замкі ў Іспаніі, калі мы жывём у Францыі?»

Францішак у сваім навучанні абапіраецца на духоўны рэалізм, каб не памнажаць мары і прагненні, якія з’яўляюцца толькі і выключна нашай воляй, а не Бога.

Сваім духоўным дзецям ён нястомна паўтараў: «Трэба расквітнець там, дзе пасадзіў нас Бог». Тым самым «мядовы доктар» падкрэсліваў, што кожны грамадскі і духоўны стан, кожная жыццёвая сітуацыя з’яўляюцца плённай глебай для духоўнага ўзрастання.

Не трэба шукаць надзвычайнасці ў жыцці, але сярод звычайнай, шэрай атмасферы дня шукаць Бога, які ўжо тут. Вялікі націск ставіць на вернасць штодзённым абавязкам — менавіта гэтую думку св. Ян Боско пазней прапануе сваім хлопцам у першым араторыі.

План духоўнага развіцця св. Францішка Сальскага не датычыць «надзвычайных спраў, а штодзённых дробных клопатаў».  Менавіта тут адбываецца асабістая сустрэча з Найвышэйшым.

«Ці прагнеш падабацца Богу? — пытаецца Францішак. — Калі яшчэ не выбраў свайго стану жыцця, зрабі гэта як мага хутчэй, калі ўжо выбраў яго — тут знойдзеш Бога; Бога, які будзе апекавацца табою!»

Кожны з нас атрымаў ад Бога ўнікальную магчымасць стаць святым па-свойму, гэта значыць там, куды пасылае мяне Бог, з тым багаццем талентаў і магчымасцяў, якімі адарыла нас Неба.

Не трэба шукаць невядома якіх духоўных практык і ўзнёслых пачуццяў у малітве. Патрэбны давер да Божага плану і любоў да яго, а ён у кожнага з нас свой асабісты. Кожны з нас з’яўляецца ўлюбёным Божым нашчадкам. Наша спадчына — лёс, які мы атрымалі з рук нашага Айца, — «зямля абяцаная».

На гэтай зямлі кожны па-свойму садзіць сад духоўнага жыцця. А калі нашыя дрэвы заквітнеюць, мы паклічам працавітых пчол, каб сабралі жаданы мёд — слодыч вечнага жыцця, якім мы павінны падзяліцца з кожным, каго сустрэнем на сваім жыццёвым шляху.

Абноўлена 24.01.2018 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа