Пошук

26.03.2024 12:58   Catholic.by

Сваім досведам удзелу ў «Вечарах для закаханых» у фармаце анлайн з чытачамі Catholic.by дзеляцца Аня і Паша Барцэвічы, якія ў шлюбе паўтара гады і гадуюць маленькага сынка.

Паша: Два гады таму нам пашчасціла трапіць на «Вечары для закаханых». Тады мы былі ўжо заручаныя і рыхтаваліся да шлюбу.

Пра сустрэчы я даведаўся ад Ані. Я трошкі засумняваўся, ці мне гэта патрэбна, але згадзіўся дзеля каханай.

Аня: Даўно чула пра «Вечары для закаханых» з сацсетак і ад знаёмых, яшчэ калі яны адбываліся афлайн у Мінску.

Я была радая, што з’явілася магчымасць анлайн удзелу і мы з Пашам можам далучыцца, жывучы ў Гродне.

Паша: Да пачатку ўдзелу ў «Вечарах» намі былі ўжо абмеркаваныя некаторыя справы і моманты нашых адносін. Тэмы спатканняў былі знаёмыя, і таму я думаў, што будзе лёгка і хутка. Але вельмі быў здзіўлены тым, што такія простыя жыццёвыя тэмы, якія былі ў плане «Вечароў», могуць перарасці ў важныя пытанні, на рашэнне якіх патрэбны будзе вечар, а калі-нікалі і наступны дзень.

Дзякуючы сустрэчам у мяне з’явілася магчымасць глыбей зазірнуць і ўсвядоміць мае пачуцці да Ані, а таксама зразумець, чаго мы чакаем ад нашых адносін у будучыні.

Аня: Спачатку мне не вельмі спадабалася. Адчувала расчараванне, бунт і раздражненне. Здавался, што тэмы былі такімі звычайнымі, і мы з нарачоным гэта ўжо абмяркоўвалі не адзін раз. Але потом, нечакана для мяне, пачалі з’яўляцца справы, якія яшчэ не гучалі ў нашых з Пашам размовах. Калі мой каханы дзяліўся сваімі перажываннямі, я адчувала ўдзячнасць і захапленне яго смеласцю і ўпэўнівалася, што гэта сапраўды той мужчына, якому давяраю і за якога хачу выйсці замуж.

Такія шчырыя размовы ў бяспечнай хатняй абстаноўцы зрабілі нас больш блізкімі.

Паша: Тады, на сустрэчах для закаханых, я ўбачыў, як мала ведаю пра сябе, а тым больш пра маю будучую жонку.

Адной з нечаканасцяў было тое, што я даведаўся аб важнасці падарункаў для Ані. Часам я сапраўды не разумеў, чаму ў яе раптам змяняўся настрой з усмешкі і радасці на раздражненне і смутак: «Я ж прыйшоў на спатканне і нават не спазніўся», — здаралася, думаў я з абурэннем. А праблема была ў дробнай рэчы, як мне здавалася, і такой істотнай для Ані. Нават невялікі рамантычны падарунак рабіў так, што яна адчувала сябе важнай і каханай, а я адчуваў задавальненне і натхненне.

Здаецца, дробная рэч, але ж з такіх дробязей і складаецца нашае каханне. І калі іх разумееш, то адносіны выходзяць на наступны ўзровень.

Аня: Вельмі каштоўным для мяне было шчодрае дзяленне сужонкаў-вядучых сваім досведам. Я была ўражаная, што можна захаваць пяшчотнасць, далiкатнaсць, увагу да пачуццяў сужонка і рамантыку праз столькі гадоў сумеснага жыцця.

Сведчанні вядучых пра тое, як прынцыпы дыялогу дапамагаюць ім вырашаць канфлікты і непаразуменні, дадалі мне адвагі і ўмацавалі надзею на тое, што мы з Пашам справімся, што адкрыты дыялог — гэта той інструмент, які нам дапаможа будаваць сямейнае шчасце.

Паша: Нашаму сужэнству трохі больш за паўтара гады. У жніўні мінулага года ў нас нарадзіўся сынок. Гэта была доўгачаканая і шчаслівая падзея, але разам з тым яна зрабіла наш рытм жыцця больш інтэнсіўным.

Мы сталі стомленымі, часцей адчуваем злосць і раздражненне, а часу, каб пагаварыць пра гэта і пабыць толькі ўдваіх з Аняй, стала нашмат менш.

Аня: Я вельмі сумую па тым перыядзе, калі мы разам з Пашам выбіраліся на рамантычныя спатканні ў кафэ ці рэстаран, у кіно, ездзілі падарожнічаць і размаўлялі ўсю дарогу ў аўтамабілі. Цяпер, каб не згубіць нашую блізкасць, нам трэба планаваць размовы пра нашыя адносіны. І пакуль няма магчымасці выйсці ў новае месца толькі ўдваіх, мы сталі рабіць хатнія рамантычныя спатканні. Калі дзіця ўжо спіць, мы гатуем што-небудзь смачненькае, запарваем гарбату і пачынаем дыялог пра нас, нашыя пачуцці і патрэбы, спрабуем зразумець адно аднаго.

Мы толькі на пачатку нашага сумеснага жыцця, і той вопыт дыялогу, які адкрылі для нас сустрэчы, вельмі моцна дапамагае ў цяжкія і ў радасныя хвіліны нашага сужэнства.

Мы ўсвядомілі, як важна пастаянна клапаціцца пра нашыя адносіны і знаходзіць час на размову. Асабліва цяпер, пасля нараджэння дзіцяці, хоць гэта і стала больш складаным, але ж і больш неабходным.

Таму лічым, што «Вечары для закаханых» варта перажыць, каб глыбей пазнаць адно аднаго і ўмацаваць адносіны, прычым не толькі парам, якія ўжо збіраюцца стаць сужэнствам, але і тым, хто толькі прыглядаецца адно да аднаго.

«Вечары для закаханых» для пабудовы трывалых адносін стартуюць у фармаце анлай 9 красавіка ў 19.00. Аргнаізатары запрашаюць далучацца закаханых з усёй Беларусі.

Папярэдні запіс абавязковы.

Тэлефон для запісу: +375 (29) 652 11 44

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.