Пошук


Руплівы пробашч, таленавіты лекар, мовазнаўца, музыка — такім быў ксёндз Адам Вайцяхоўскі. Сёлета спаўняецца 50-я гадавіна з часу смерці выбітнага святара, які адышоў у вечнасць 16 ліпеня 1973 года, у свята Маці Божай Шкаплернай. З гэтай нагоды Catholic.by сабраў успаміны сучаснікаў ксяндза Адама, якія калісьці былі часткай яго паствы.

І. Святар і пакутнік

Ксёндз Адам нарадзіўся ў 1902 годзе ў Вільні, непадалёк ад Кальварыі. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Потым служыў у Начы, Мэйшаголе, Адуцішках, шмат гадоў у Клюшчанах і напрыканцы жыцця — у Гудагаі.

Сучаснікі святара кажуць, што ён ведаў шмат моваў і дапамагаў людзям з перакладамі лістоў.

Па успамінах людзей, ксёндз Адам быў лекарам па адукацыі, але ніхто не ведае дакладна, ці атрымаў ён дыплом.

Аднак вернікі паважалі яго за медыцынскую дапамогу ў хваробах цела і за духоўны клопат у хваробах душы. Ён быў старанным душпастырам, дапамагаў у духоўным развіцці, падтрымліваў культурны ўзровень жыцця моладзі, перадаваў людзям свае веды і навыкі.

Ракавым для яго стаў 1947 год, калі ў Савецкім Саюзе пачалі зачыняць касцёлы. Ксёндз Адам быў адным са святароў, якія напісалі ліст да ўладаў. У ім, між іншым, змяшчалася крамольная для ўлады рэч: Каталіцкі Касцёл падпарадкоўваецца не Савецкаму Саюзу, а Папу Рымскаму.

Пазней за кратамі апынуліся каля дзясятка святароў, над іншымі навісла небяспека арышту. Акрамя таго, што ксёндз быў «‎Божы служка», яму ў віну інкрымінавалі і тое, што ягоны брат Леанід нібы кіраваў арганізацыяй POW (таемнай польскай вайсковай арганізацыяй, якая дзейнічала ў 1914–1921 гг. — А.Ш.).

З 1947 па 1956 ксёндз хаваўся ў Ружаполлі ў адданага веры і касцёлу чалавека Пілімона. Ведаючы, што робіць з ксяндзамі савецкая машына, да канца жыцця ксёндз Адам баяўся арышту.

На жаль, акрамя праблем з уладамі, хапала і чужых сярод сваіх. Аднойчы ўзімку яго падманам завезлі ў лес, прывязалі бервяно на плечы і сказалі: «Насі, калі ты наступнік Хрыста!» — а самі сядзелі ў санях, пілі гарэлку і пацяшаліся. Толькі раніцай, ледзь жывога, конь прывёз святара дадому.

У 1956 годзе былі знятыя абвінавачванні, ксёндз Адам выйшаў з падполля і перайшоў на сваё апошняе месца служэння — у Гудагай.

Тут ён апынуўся пад пільным наглядам і ўжо не мог адкрыта дапамагаць людзям.

У 1968 годзе да ксяндза Адама завіталі невядомыя. Адзін з іх быў пераапрануты ў жанчыну і трымаў на руках ляльку. Ксёндз думаў, што гэта маці са слабым немаўлём прыйшла прасіць аб хросце. Трапіўшы ў дом, невядомыя моцна збілі святара. Пасля гэтага стан яго здароўя рэзка пагоршыўся, але да апошніх дзён руплівы душпастыр працягваў прапаведваць Божае слова.

ІІ. Праца з дзецьмі і моладдзю

Вернік клюшчанскай парафіі Іосіф Шымковіч з вёскі Пятрашышкі расказваў, як хлопчыкам хадзіў на катэхезы. У адным з пакояў плябаніі, дзе праходзілі заняткі, стаяў раяль. Ксёндз іграў на ім і развучваў з дзецьмі песні. Не адпускаў дадому пакуль не пачастуе гарбаткай са свойскім печывам.

Вера Аляшкевіч з Вялікай вёскі спявала ў хоры. Яна ўспамінала, што рэпеціравалі часамі доўга. Святар, калі заўважаў, што спевакі стамляліся, рэзка меняў рытм і пачынаў іграць што-небудзь вясёлае, заліхвацкае. Спевакі ўмомант станавіліся танцорамі.

Злева — Ірына Урбановіч, справа — Станіслава Козіч. Фота аўтара

Ірына Урбановіч з гудагайскай парафіі прыгадала, як збіралася на танцы, але чакала, калі ксёндз прыедзе па калядзе. «Ён прыехаў а 12-й гадзіне ўночы і так нас хваліў за тое, што моладзь засталася чакаць яго і не пайшла на гэтыя „скокі“, як ён казаў».

Яе сяброўка, Станіслава Козіч, дадае: «Як па Калядзе ездзіў, мы дзецьмі былі, ён заўсёды прыязджаў з цукеркамі. Яшчэ ў той час, у пяцідзясятыя гады, гэта быў цуд, бо цукерак не было, а ён заўсёды дзецям даваў цукеркі.

Ён такі тактоўны быў, не раніў словам ніводнага чалавека».

Яшчэ адна верніца з гудагайскайскай парафіі Данута Палонская ўспамінае: «Дзяцей да Першай Камуніі не пускалі. Мы праз лес шлі, каб сюда прыйсці. Экзаменаваў ксёндз Адам нас не ў касцёле, а па дарозе, на могілках, або ў сябе ў пярэднім пакоі, бо ўсярэдзіну зайсці таксама нельга было. Пацеркі даваў. Сакрэтна. Гэтыя ружанчыкі аднекуль прывозіў, сам не рабіў, толькі дарыў першакамунійным дзецям. Экзамен перад Камуніяй у нас быў няцяжкі. Не трэба было здаваць на пяць балаў, а можна прыкладна на чатыры з паловай. Ксёндз лаяльны быў, надта добры».

Данута Палонская. Фота аўтара

ІІІ. Як сястра Апалонія пасаг збірала, альбо Праца з пакліканнямі

Аднойчы ксяндза Адама Вайцяхоўскага адправілі ў парафію ў Адуцішках. Яна была вялікая — каля дзевяці тысяч чалавек. Сястра Апалонія Сінкевіч з супольнасці Дачок Марыі Беззаганнай успамінала, што святар, ходзячы па калядзе, запрасіў дзяўчат з кожнага дома на сустрэчу ў дзень святой Агнешкі. Паколькі моладзі было шмат, то ксёндз хацеў зрабіць няспынную адарацыю, каб кожны змог што-небудзь ахвяраваць як узнагароду Пану за Яго міласэрнасць. Але, як ён зазначыў, гэта павінна быць таямніцай: толькі ты і Езус. Не абавязкова кленчыць у касцёле і маліцца напаказ, каб усе бачылі і хвалілі. Можна дома, можна нават перед зачыненымі дзвярыма касцёла, у бабінцы: Езус кожнага пачуе і выслухае.

Як толькі шаснаццацігадовая Апалонія пачула, што гэта таямніца, адразу ж ёкнула сэрца дзяўчыны і прыйшло рашэнне:

«Я ахвярую ў падарунак Пану Езусу сваё жыццё як уміласціўленне за грахі людзей — я стану сястрой законнай».

Дзяўчына адважылася праз пэўны час звярнуцца да ксяндза Адама. Ксёндз уважліва і ласкава яе выслухаў і спытаўся: «А пасаг ужо сабрала?» Дзяўчына разгубілася: «Не, я нічога не ведала пра пасаг». — «Ну як жа, калі ты збіраешся стаць нявестай Хрыста, то і пасаг патрэбны!» Расхваляваная і разгубленая, дзяўчына з той роспачы нават не заўважыла вясёлай усмешкі ў вачах святара і дадала: «Я яшчэ нават бацькам нічога не казала». Ксёндз адказаў: «Ну то давядзецца пачакаць, збірай пасаг!» Юная Апалонія шчыра малілася і прасіла ў Бога дапамогі — ад сваёй мары яна адступаць не хацела.

Тым часам ксяндза Вайцяхоўскага перавялі ў Клюшчаны. Новаму святару ён «даручыў» найбольш адданых касцёлу юнакоў і дзяўчат, у тым ліку і Апалонію. Калі новы пробашч спытаў у дзяўчат, ці хоча хто пайсці служыць Богу, Апалонія сказала, што яна моцна жадае, толькі пасагу не мае і невядома, калі зможа сабраць. Святар пасмяяўся і сказаў: «Які пасаг? Пакліканне патрэбна!» І патлумачыў збянтэжанай Апалоніі, чаму яго папярэднік так ёй сказаў.

Рэч у тым, што ксёндз Адам адправіў 20 дзяўчат у розныя законніцкія супольнасці. Аднак вялікая колькасць з іх у хуткім часе вярнулася: не вытрымалі аскетычнага, суровага манаскага жыцця. Некаторыя з кандыдатак ужо праз тры дні былі дома. Гледзячы на такую юную асобу, ён трохі засумняваўся ў сур’ёзнасці яе намеру. Няёмка яму было рызыкаваць у чарговы раз.

Сястра Апалонія Сінкевіч. Фота з архіву

На пачатку 1937 года Апалонія Сінкевіч склала першыя законныя шлюбы, а ў 1941 — вечныя. У 2004 годзе, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, кардынал Казімір Свёнтэк уручыў сястры Апалоніі папскую адзнаку Benemerenti — «За заслугі». Адышла ў вечнасць сястра ва ўзросце 97-і гадоў.

IV. Ксёндз і лекар

Бог падараваў яму шмат талентаў, і ўсе іх святар выкарыстоўваў на карысць людзям.

Вернік клюшчанскай парафіі Іосіф Шымковіч распавядаў, што ў першыя гады савецкай улады ў Клюшчанах працавала фельчар Кулісянка, якая неаднойчы скардзілася ўладам, што хворыя ідуць па дапамогу не да яе, а да ксяндза: маўляў, ён жа не мае права лячыць людзей, бо не доктар! На самай справе аказалася, што доктар.

Святар таленавіта спалучаў медыцынскія веды з малітвай.

З аповедаў старэйшых, Іосіф Шымковіч казаў, што будучы ксёндз не мог адважыцца рэзаць людзей, таму вырашыў навучыцца лячыць людскія душы.

Баляслаў Валуевіч з клюшчанскай парафіі расказваў, што ў ксяндза была тоўстая кніга «Фітатэрапія» на лаціне. Святар сам збіраў розныя зёлкі, а таксама прыцягнуў да гэтай справы парафіянаў. Кожная вёска збірала нейкія асобныя зёлкі, ён вучыў правілам збору, сушкі і захоўвання. «Памятаю, як мая мама расказвала, што ёй было даручана збіраць цыкорый. Яна назубок памятала калі збіраць, дзе лепш сушыць і чым карысна гэта расліна. У плябаніі быў адведзены спецыяльны пакой для захоўвання лекаў. Прывозіў насенне раслін, якія раней былі невядомыя нашым людзям, як, напрыклад, агурочнік лекавы (borago). І ксёндз добра разумеў, што лечаць не толькі зёлкі, але найперш вера і слова. Людзі яму верылі без сумневаў… і вылечваліся», — падсумоўвае Баляслаў Валуевіч.

Сабрана шмат успамінаў пра тое, як ксёндз Адам шчырай малітвай і медыцынскімі ведамі ўратоўваў здароўе людзей, нават калі лекары казалі, што патрэбна ампутацыя, або калі блізкія ўжо не верылі, што іх родны ачуняе. Вось адзін з такіх успамінаў пра ксяндза-дабрадзея.

Г. Семашкевіч з Ляндварова распавядала: «Памятаю як захварэлі мае цёці, Лёня і Геня. Быў звычайны вірусны грып з ускладненнямі, і цёця Геня, 18-гадовая прыгажуня, памерла, а мясцовая фельчар Кулісянка аб’явіла: „Тыфус!“ Даведалася ўся акруга і, калі хто і прыходзіў наведаць хворую, то ў хату не заходзілі, пакідалі пад ганкам ці пад плотам: хто цукру, хто крупцаў ці мукі.

І толькі ксёндз Адам нічога не баяўся, прыязджаў наведаць, прывозіў лекі, зёлкі, не баяўся выпіць кубачак гарбаты і з’есці кавалак хлеба, пасядзець каля ложка хворай, непрытомнай, памаліцца.

Мне тады было ўсяго некалькі гадкоў, але памятаю, як цешыліся мае бацькі і хворая цёця яго прыездам. Лекі, добрыя, спачувальныя адносіны і малітвы ксяндза здзейснілі цуд: цёця Лёня хутка ўстала на ногі».

Настолькі вялікай была ўдзячнасць гэтай жанчыны, што яна ўсё сваё астатняе жыццё прысвяціла Богу. Жыла у Вільні, часта наведвала ксяндза Адама ў Гудагаі.

V. «Да нас святы ксёндз едзе!»

«А людцы! Ну чаму, чаму ніхто не зоймецца яго беатыфікацыяй? Ды ксяндза Вайцяхоўскага яшчэ пры жыцці святым называлі!» — так моцна абуралася сястра Апалонія Сінкевіч, калі да яе звярнуліся з пытаннямі пра яго. Яна памятала, як людзі казалі, чакаючы тады яшчэ маладога святара: «Да нас святы ксёндз едзе!»

Ягоныя сучаснікі з клюшчанскай парафіі памятаюць, што служэнне ксяндза Адама пачалося з таго, што ён вырашыў павесіць на сцяну каля алтара цікавы гадзіннік, які адбіваў кожную чвэрць:

Zegar bije, czas ucieka,
Śmierć nadchodzi,
Wieczność czeka…

Гадзіннік б’е, час уцякае,
Смерць надыходзіць,
Вечнасць чакае...

І кожную нядзелю, кожная свята, з апошнім ударам гадзінніка, пунктуальна, святар выходзіў на Імшу.

Пілімон Альфонсавіч, жыхар вёскі Клюшчаны, з’яўляецца ўнучатым пляменнікам Пілімона, які рызыкаваў сваім жыццём ды і жыццём сям’і, але хаваў ксяндза Вайцяхоўскага на хутары Ружаполле. Пілімон Альфонсавіч распавёў, як аднойчы маці адправіла яго, сямігадовага хлапчука, занесці на хутар малака. Ксёндз сядзеў пад хатай дзядзькі на лаўцы і чытаў невялікую кніжку, магчыма, малітоўнік, які, казалі, рэдка калі выпускаў з рук. Хлапчук, стараючыся быць ветлівым, бойка сказаў «Добры дзень!» Ксёндз ласкава паправіў: «Хлопчык, не так трэба вітацца, трэба казаць „Хвала Хрысту!“ Запомні гэта».

Марыя Герман, мама айца Паўла Германа OCD. Фота аўтара

Марыя Герман з гудагайскай парафіі ўзгадала, што пасля таго, як ксяндза моцна збілі, ён стаў зусім змрочным і панурым. Ад былой усмешкі нічога не засталося. Ён шмат пакутваў, здароўе было зусім слабое. Прыходзіў у касцёл цяжка хворым. Людзі яго вельмі шкадавалі.

«Як было пахаванне, я працавала ў Вільні, адпрасілася, каб прыехаць. Надта людзі плакалі. Ой, плакалі. Мы ў працэсіі былі ў белых сукенках, стаялі пры яго труне.

Побач ішоў ксёндз з Солаў і казаў: „Па мне, калі я памру, так плакаць не будуць, як па ім“»…

Аўтар і рэдакцыя парталу Catholic.by выказваюць шчырую падзяку за дапамогу ў зборы матэрыялаў айцу Аркадзю Куляху OCD, сучаснікам ксяндза Адама Вайцяхоўскага, а таксама людзям, якія гэтыя ўспаміны збіралі і рэдагавалі.

 

 

Абноўлена 24.07.2023 18:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа