Пошук


У апошнім нумары газеты «Слова жыцця», які выйшаў у свет 23 красавіка, змешчаны вялікі матэрыял, прысвечаны служэнню святароў і кансэкраваных асоб у Гродзенскай дыяцэзіі — самай шматлікай па колькасці духавенства і вернікаў у Беларусі.

Гэты агляд быў падрыхтаваны на аснове афіцыйных дадзеных Каталіцкага Касцёла ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Душпастырская статыстыка

Усяго на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ўтворана 161 парафія. Пад пастаяннай душпастырскай апекай знаходзяцца 127 парафіяльных супольнасцяў.

Па звестках на 1 студзеня 2023 года, у парафіяльным душпастырстве задзейнічаны 180 святароў (134 дыяцэзіяльных святара і 46 святароў з законніцкіх кангрэгацый і манаскіх ордэнаў).

Калі ўзяць у разлік прыкладную колькасць католікаў у Гродзенскай дыяцэзіі — каля 300 тысяч, — то атрымліваецца, што 1 святар даводзіцца ў сярэднім на 1,5–2 тысячы вернікаў.

На тэрыторыі дыяцэзіі таксама нясуць паслугу каля 120-і законніц і 3 браты (не задзейнічаны ў душпастырскай працы як святары).

Фота: grodnensis.by

11 святароў, інкардынаваных у Гродзенскай дыяцэзіі, знаходзяцца за межамі дыяцэзіі. Чацвёра з іх служаць у іншых дыяцэзіях Беларусі, пяцёра — за межамі краіны, а яшчэ двое атрымліваюць дадатковую адукацыю. Падобным чынам, у Гродзенскай дыяцэзіі з душпастырскай паслугай дапамагаюць святары, інкардынаваныя ў іншых дыяцэзіях.

З 2016 года каля паўсотні святароў атрымалі ганаровы тытул каноніка. Адпаведнае распараджэнне выдае сваім дэкрэтам біскуп Аляксандр Кашкевіч. Святары, надзеленыя кананічнай годнасцю, утвараюць у Гродзенскай дыяцэзіі асаблівы інстытут: катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра. Яго члены могуць служыць біскупу парадай ці выконваюць пэўныя яго даручэнні.

За заслугі перад Касцёлам тром святарам з дыяцэзіі нададзены тытул ганаровага прэлата Яго Святасці і яшчэ аднаму святару — тытул капэлана Яго Святасці. Адпаведнымі званнямі ў выключных выпадках надзяляе сам Рымскі Пантыфік.

Перспектыва святарства

Больш за 30 гадоў у Гродзенскай дыяцэзіі дзейнічае духоўная семінарыя, якая рыхтуе будучых святароў. У 2018 годзе па рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі яна набыла статус міждыяцэзіяльнай. Такім чынам, у Гродне цяпер знаходзіцца адзіная дзеючая вышэйшая духоўная навучальная ўстанова ў краіне, дзе рыхтуюць святарскія кадры. Яе выпускнікі нясуць паслугу не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: у Расіі, Украіне, Літве, Казахстане, Італіі, Ізраілі, краінах Паўднёвай Амерыкі.

У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі сёння навучаецца 29 кандыдатаў да святарства, 16 з якіх паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі. На жаль, гэта нават менш, чым вучылася на адным курсе семінарыі ў момант яе стварэння ў 1990 годзе: 37.

«Канечне, тэндэнцыя памяншэння колькасці пакліканняў выклікае пэўную занепакоенасць. Але трэба разумець: гэта вызначае зрэз таго, што адбываецца ў грамадстве, гэта адказ на запыт чалавечай супольнасці. У адзін час больш пакліканняў, у другі — менш. Нельга пераўтварыць уступную кампанію ў семінарыі ў агітацыю. Пакліканне — гэта дар Божы. Відавочна, Касцёл сёння перажывае нялёгкія часы. Але за любым крызісным перыядам назіраецца пэўны пад’ём, рост. Пытанне толькі ў тым, наколькі гэты перыяд зацягнецца», — кажа ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Фота: grodnensis.by

Семінарыйная фармацыя працягваецца 7 гадоў. Акрамя духоўнай, інтэлектуальнай, душпастырскай падрыхтоўкі, шмат увагі ўдзяляецца станаўленню маладых людзей як асоб, фармаванню ў іх сістэмы каштоўнасных арыенціраў.

У мінулым годзе на першы курс семінарыі было залічана 5 юнакоў. Чарговы набор распачнецца ўлетку.

«Вытворчасць» святароў

З часу ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі найбольш «урадлівым» на святарскія пасвячэнні быў перыяд 1999–2001 гг. Толькі за 2 гады дыяцэзія атрымала 31-о новага святара (у параўнанні да 1991–1998 гг., калі за 7 гадоў былі пасвячаны 33 прэзбітэры).

Найбольш прэзбітэрскіх пасвячэнняў адбылося ў 2003 годзе. Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамант пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 13-і кандыдатам. Усяго дыяцэзія ўзбагацілася на 17 новапрэзбітэраў.

Фота: grodnensis.by

«Вельмі прыгожая ўрачыстасць была 31 мая амаль 20 гадоў таму ў прыгожым неагатычным касцёле ў Ліпнішках. Я перажываў важны дзень у сваім жыцці. Побач былі браты з ордэна Меншых Братоў Капуцынаў і біскуп Антоній Дыдыч, які спадарожнічаў мне на дарозе паклікання. З яго рук я прыняў сакрамант і распачаў свой святарскі шлях… Сэрца радавался і ўзносілася ў вышыню, дзякуючы за гэты вялікі дар, які даў мне Нябесны Айцец», — апавядае брат Юрый Катовіч OFMCap, пробашч парафіі святога Андрэя апостала ў Слоніме.

«Пікавым» на святарскія пасвячэнні быў яшчэ 2007 год, калі сакрамант прынялі 13 кандыдатаў. Пасля назіраецца спад, і з таго часу становіцца больш на 2–7 новых святароў у год.

Адметна і тое, што не было такога перыяду, каб у дыяцэзіі не «нарадзіўся» святар.

Для ўмацавання Касцёла

«Святары патрабуюць малітоўнай падтрымкі. Гэта духоўна садзейнічае ім у выкананні сваіх абавязкаў, душпастырскай паслугі. Думаю, заступніцкая малітва дапамагла не аднаму святару супрацьстаяць у нейкай спакусе, перажыць цяжкую сітуацыю… Яна мае велізарную каштоўнасць! Святар часам можа не ведаць, што за яго моляцца, хто за яго моліцца, але гэта ніяк не памяншае значэння і моцы малітвы», — прызнаецца ксёндз Ян Раманоўскі, духоўны апякун апостальскага руху «Маргарытка»

Члены апостальскага руху «Маргарытка» даюць вечнае абяцанне малітвы, гэта значыць, да канца жыцця. Штодзённа яны ахінаюць сваёй апекай святароў і кансэкраваных асоб, а таксама моляцца аб пакліканнях і падтрымліваюць кандыдатаў, што рыхтуюцца да святарскага і манаскага жыцця.

Фота: gosc.pl

Сёння гэта сапраўды багаты кветнік, які ўпрыгожвае Касцёл.

У апостальскім руху «Маргарытка» на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зарэгістравана больш за 2 тыс. удзельнікаў, і гэта не канчатковая лічба, бо ў некаторых парафіях малітоўныя групы могуць існаваць па прыватнай ініцыятыве і нідзе не значыцца.

Колькасць ахвотных уступіць у апостальскі рух пастаянна расце.

Перыядычна ўдзельнікі апостальства збіраюцца на супольную святую Імшу, ладзяць сустрэчы з нагоды розных святаў. Апошнім часам для іх арганізуецца дыяцэзіяльная сустрэча ў Тракелях. Сёлета яна запланавана на 24 чэрвеня.

Пане, дай нам пастыраў!

30 красавіка, у нядзелю Добрага пастыра, распачаўся Сусветны тыдзень малітвы аб пакліканнях да службы ў Касцёле. Усіх вернікаў асаблівым чынам заахвочваюць маліцца аб новых «работніках жніва». Менавіта з ласкі Бога і клопату самой паствы нараджаюцца духоўныя лідары, заданне якіх — весці людзей у Нябеснае Валадарства.

Часта ад моманту распазнання да прыняцця Божага паклікання вельмі доўгі шлях. І акурат у цяперашні перыяд выбраны для асаблівай місіі чалавек жадае падтрымкі, якая б яго ўзмацніла ў няпростым рашэнні, надала ўпэўненасці.

  • 41 святар мае ганаровы тытул каноніка
  • Найбольшы досвед у святарстве — 60 гадоў
  • 64 святары адышлі ў вечнасць (з 1991 г.)

Свет патрабуе верных сведкаў Евангелля, духоўных аўтарытэтаў, пастыраў, каб не заблукаць на раздарожжах сучаснасці. Яны дапамагаюць чалавеку распазнаць сапраўдныя каштоўнасці і не разменьвацца на дробязі, якія «з’ядаюць» жыццё. «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» ( 9, 37–38). Запрашэнне да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў не губляе сваёй актуальнасці і сёння.

Абноўлена 04.05.2023 13:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.