Пошук

27.01.2022 07:08   Тэкст: Кс. Анджэй Юхневіч ОМІ / Catholic.by
Фота Уладзiслава Зарэцкага ASC

Перад агульнабеларускім Днём кансэкравана жыцця, які ў панядзелак 31 студзеня пройдзе ў Мінску, ксёндз Анджэй Юхневіч з супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі прапануе разважанне над сутнасцю кансэкраванага жыцця ў Касцёле і ў сучасным свеце.

Кансэкраванае жыццё — асабовы дар Богу і людзям

2 лютага Сусветны Касцёл святкуе Ахвяраванне Пана. Такім чынам увесь Божы Народ зноў перажывае тое, што адбылося ў Ерузалемскай святыні: Марыя і Юзаф ахвяруюць Дзіцятка Езуса Богу Айцу, а Сімяон абвяшчае, што Нованароджаны Езус — гэта чаканае Святло свету і Збаўленне народаў.

У 1997 годзе святы Ян Павел ІІ выбірае менавіта гэты дзень, каб устанавіць Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Такім чынам Святы Айцец хацеў стварыць для ўсяго Касцёла магчымасць для больш глыбокага роздуму над дарам жыцця кансэкраванага — прысвечанага Богу.

Багародзіца Марыя ахвяруе найвялікшы Дар, якім была адорана: свайго Сына, Езуса Хрыста, і праз гэта Яна ахвяруе саму сябе. Падобную ахвяру жыцця з любові да Хрыста прыносяць кансэкраваныя асобы. Святы Ян Павел ІІ патлумачыў гэта, калі сказаў, што ахвяраванне Езуса становіцца вымоўнай іконай цэласнага прысвячэння свайго жыцця для тых, хто пакліканы адлюстраваць ў Касцёле і ў свеце, праз евангельскія парады, характарыстычныяя адметнасці Езуса: дзявоцтва, беднасць і паслухмянасць (пар. Vita consecrata, п. 1).

Чым кансэкраваная асоба адрозніваецца ад астатніх станаў жыцця Касцёла?

Гледзячы на гісторыыю хрысціянсва, мы можам заўважыць, што ва ўсе часы былі і ёсць людзі, якія жадаюць — па прыкладзе евангельскай Марыі — «выбраць лепшую частку» (пар. Лк 10, 38–42): прымаюць жыццё ў чыстасці, убостве і паслухмянасці, каб чыстым і непадзеленым сэрцам служыць Хрысту і бліжнім. Кансэкраваныя асобы жывуць на зямлі, але позірк маюць скіраваны ў неба. Гледзячы сёння на законных сясцёр, айцоў і братоў, кансэкраваных паннаў, кансэкраваных удоваў і пустэльнікаў, можна смела сказаць: «гэта людзі Бога».

Манаскія ордэны і супольнасці выраслі ў гісторыі Касцёла, узнікалі ў ім і служылі яму. Вернікі, якія жадалі жыць у поўнай згодзе з ідэаламі сваёй веры, сілкавалі крыніцу Касцёла, прадухіляючы ў ім духоўнае астыванне і псаванне.

Манаскія супольнасці — гэта жыватворчая частка Касцёла. Попыт на іх дзейнасць не змяншаецца, а, наадварот, расце.

Праз сваё няспыннае навяртанне моцаю Духа Святога і жыццё манаскімі абяцаннямі (шлюбамі), кансэкраваныя асобы дапамагаюць Касцёлу перажываць пастаянную духоўную вясну, адраджэнне. Такім чынам ажыўляецца глыбокая еднасць, прысвячэнне і гарачае адданне Касцёла Богу. Пра гэта Папа Францішэк казаў да кансэкраваных асоб 2 лютага 2021 года ў свята Ахвяравання Пана: «Бог нястомна чакае нас. Калі мы аддаляемся, Ён выходзіць шукаць нас; калі мы падаем на зямлю, ён падымае нас; калі мы вяртаемся да Яго, згубленыя, Ён чакае нас з распасцёртымі абдымкамі. Яго любоў не вымяраецца маштабамі нашых чалавечых разлікаў, але заўсёды надае нам мужнасці пачаць усё спачатку».

Практыка евангельскіх парад — сэрца манаскага жыцця.

Манаскія шлюбы чыстасці, убоства і паслухмянасці закранаюць тры асноўныя сферы жыцця.

Шлюб чыстасці — гэта свядомы выбар Асобы Езуса Хрыста ў якасці адзінай мэты любові і сяброўства. Менавіта таму гэты шлюб звязаны з добраахвотнай адмовай ад сужэнскага жыцця. Гэтая любоў пашыраецца і абдымае таксама манаскую супольнасць, да якой прыналежым, і распаўсюжваецца на тых, да каго нас пасылае Бог. Гэты шлюб мае глыбокую лучнасць з цнотай веры: толькі чалавек веруючы можа прысвяціць сябе цэласна (духоўна і фізычна) Асобе і справе Езуса, ахвяруючы Яму свае жыццёвыя сілы.

Шлюб убоства — гэта адказ і «пратэст» кансэкраванага жыцця супраць матэрыялістычнага жадання валодаць, якое сёння ўсё захапіла, якое ігнаруе патрэбы і клопаты слабейшых і не дбае пра захаванне балансу прыродных рэсурсаў (пар. Vita Consecrata , п. 89). Гэты шлюб мае глыбокую лучнасць з цнотай надзеі, таму што толькі ў хрысціянскай надзеі можна спадзявацца на Бога і ўдзячна чакаць ад Яго ўсяго, што неабходна для жыцця і служэння.

Шлюб паслухмянасці, у сваю чаргу, звязаны з культурай свабоды, цесна злучанай з павагай да чалавечай асобы, а таксама становіцца лекам ад раны несправядлівасці і гвалту ў сучасным свеце. Паслухмянасць, уласцівая кансэкраванаму жыццю, паказвае асабліва выразна паслухмянасць Хрыста Богу Айцу і, абапіраючыся на гэтай таямніцы, сведчыць, што паміж паслухмянасцю і свабодай няма супярэчнасці (пар. Vita Consecrata, п. 91). Гэты шлюб мае глыбокую лучнасць з цнотай любові: толькі той, хто любіць, становіцца сапраўды паслухмяным сэрцам і ідзе за голасам таго, каго любіць. Кансэкраваная асаба, якая любіць Бога непадзеленым сэрцам, становіцца здольнай быць паслухмянай людзям, сваім настаяцелям, у якіх чуе голас Бога.

Дзень кансэкрванага жыцця адзначаецца штогод у Каталіцкім Касцёле, пачынаючы з 1997 года.

Яго ўстанавіў Святы Папа Ян павел ІІ. Кожны год гэты дзень прыпадае на 2 лютага — Свята Ахвяравання Пана і праходзіць пад нейкім дэвізвам (тэмай), які дапамагае разважаць і глыбей усведамляць таямніцу кансэкраванага жыцця. У 2022 годзе XXVI Сусветны дзень кансэкраванага Жыцця асветлены падзеяй Сіноду Біскупаў у паўсюдным Касцёле і будзе праходзіць пад дэвізам «Камунія, удзел і місія ў жыцці кансэкраваных асоб».

Агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця пройдзе 31 студзеня ў Мінску.

Увага! Рэгістрацыя для кансэкраваных асоб, якія жадаюць узяць у ім удзел, завяршаецца 27 студзеня.

Усіх, хто мае намер быць на святочных цэлебрацыях і мерапрыемствах, арганізатары просяць зарэгістравацца ТУТ>>>

Абноўлена 29.01.2022 10:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа