Пошук

14.08.2021 13:20   Алесь Белы / Catholic.by
«Зельная нядзеля». Мастак Вітольд Прушкоўскі

15 жніўня Каталіцкі касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ў народзе традыцыйна называюць «Маці Божай Зельнай».

Пра звязаныя з гэтым святам народныя традыцыі апавядае гісторык Алесь Белы ў сваім посце на платформе Patreon.

Адно з самых важных у гадавым цыкле, гэтае свята мае найвышэйшы літургічны ранг — урачыстасці. Яго традыцыя пачала складацца вельмі даўно: як мінімум, ужо ў V–VІ стагоддзях. Вера ў тое, што Беззаганная Панна не памерла, але з душой і целам была ўзятая ў неба, ўзнікла, хутчэй, сярод простых вернікаў, чым сярод тэолагаў. Паводле адной распаўсюджанай легенды, Марыя так моцна заснула, што апосталы, якія незадоўга да гэтага цудоўным Божым провідам сабраліся з усіх куткоў Рымскай імперыі, прынялі гэты сон за смерць і пахавалі яе ў садзе Гефсіманія. Адсюль, дарэчы, паходзіць усходня назва свята — Успенне. Сярод апосталаў тады не было толькі нявернага Тамаша. Ён прыйшоў праз тры дні пасля пахавання і папрасіў адкрыць магілу, каб развітацца з Божай Маці. Але ў магіле цела ўжо не было, затое знайшлося шмат прыгожых, прыемна і моцна пахнучых кветак.

Раней лічылі, што традыцыя свята Маці Божай Зельнай пайшла менавіта ад гэтага цуду.

Насамрэч зялярскія атрыбуты свята і сама гэтая легенда узніклі значна пазней, калі Касцёл у сваёй місіянерскай працы стараўся выцесніць колішні дахрысціянскі сімвалізм мясцовых летніх святаў заканчэння жніва, распаўсюджаных па ўсёй Еўропе, і надаць яму хрысціянскі сэнс. Таму сёння ў гэты дзень мы шануем не паганскую Маці-Зямлю і яе ўрадлівасць, а ласку Божую і заступніцтва Божай Маці, якія даюць нам магчымасць мець гэтыя разнастайныя плёны расліннасці, мець асалоду ад апошніх цёплых жнівеньскіх дзён, ад выніку летняй працы земляробаў, садаводаў і зялярак (бо зёлкі даўней збіралі амаль выключна жанчыны).

Як бы там ні было, але з даўніх часоў сярод людзей жыла вера ў тое, што Маці Божая ў момант смерці была з душой і целам узятая ў неба.

Гэтае старажытнае хрысціянскае перакананне было абвешчана ў якасці догмату Касцёла Папам Піем ХІІ у 1950 годзе.

У Літве і Беларусі класічны комплекс народных звычаяў гэтага свята склаўся ў эпоху барока, або контррэфармацыі. Па традыцыі, у многіх мясцовасцях даўняй Рэчы Паспалітай, асабліва ў парафіях пад тытулам Маці Божай, у гэты ж дзень адзначаюць і «дажынкі» — свята заканчэння жніва. Тады стараюцца спячы і асвяціць у касцёле хлеб са збожжа новага ўраджаю. І дагэтуль у традыцыйных вясковых парафіях у літоўскай частцы Віленшчыны, як напрыклад у Тургелях, цалкам натуральным успрымаецца, калі галоўны бохан свята, які мы б назвалі «караваем», мясцовы пробашч, або і войт, урачыста дзеліць паміж сабранымі. Свята падводзіць вынікі не толькі жніва, але і сезону збору лекавых зёлак — бо ў даўнейшай традыцыі гэты сезон пачынаўся ад святога Яна (24 чэрвеня) і сканчаўся акурат на свята Маці Божай Зельнай.

У былыя часы нашы касцёлы ў гэты дзень былі літаральна «забітыя», быццам нейкія свірны, вялікай колькасцю кошыкаў з садавінай і гароднінай, снапамі збожжа, вянкамі і букетамі зёлак, прынесенымі для асвячэння, так што самім вернікам часам было нялёгка скрозь іх праціснуцца. Благаслаўленне ўраджаю павінна было гарантаваць добрыя плёны і ў наступным годзе. Казалі, што «ў жніўні кожная кветка просіць, каб яе занеслі ў Касцёл». Ці яшчэ:

«Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці».

Часам зёлкі, садавіну і гародніну пачыналі збіраць або адбіраць з сабранага ўраджаю за некалькі дзён да свята. Зёлкі часам нават загадзя засушвалі, пачынаючы збіраць вянкі і букеты яшчэ ад святога Яна. А часам жанчыны ўставалі вельмі рана ў сам гэты дзень, каб назбіраць зусім свежых кветак, ледзь толькі спадуць росы.

Пасля вяртання з касцёла вянкі, букеты, або прынамсі некалькі самых важных зёлак клалі дома за абразы Божай Маці. Яны павінны былі ахоўваць сем’і ад няшчасцяў і хваробаў. У выпадку вялікай навальніцы, пажару ці іншага надзвычайнага здарэння, пагрозы смерці хворага, такі букет вымалі і клалі на бачным месцы з малітвай аб збаўленні. А маглі рабіць і вывары з асвечаных кветак як лекі ад розных хваробаў.

Бадай, ці не самая папулярная зёлка для асвячэння ў гэты дзень — палын.

У хрысціянстве ён — сімвал суду Божага за адступніцтва і непаслухмянасць, неаднаразова сустракаецца ў Старым Запавеце і сімвалізуе горыч пакарання за чалавечыя грахі і заганы. Для многіх, хто ўспамінае святкаванне Зельнай з часоў дзяцінства, некалькі дзесяцігоддзяў таму, свята і асацыюецца найперш менавіта з пахам палыну. Гэта звязана з даўнім, яшчэ дахрысціянскіх часоў, звычаем карыстацца палыном як «абярэгам» не толькі ад розных хваробаў і пошасцяў (бо ён сапраўды мае ўласцівасці дэзінфекцыі), але і ад нячыстых духаў і ад нябачнай небяспекі, якая магла сыходзіць ад нябожчыка. Асабліва, калі цела да пахавання трымалі ў хаце, што было раней паўсюдным звычаем. Там, дзе паганскія традыцыі захоўваліся найдаўжэй, гаспадыня, «каб не хадзiў нябожчык», абмятала хату палыновым венiкам ці развешвала снапкі расліны па кутках хаты. Касцёл надаў гэтаму звычаю больш стрыманы і шляхетны, асэнсаваны характар. Але дагэтуль асвечаны на Зельную пучок палыну кладуць у труну пад галаву нябожчыка і акурваюць яго дымам дзетак у выпадку розных хваробаў, а асабліва ад пярэпалаху.

Сярод іншых найбольш частых — мята, рамонак, святаяннік, канюшына, любіста, дзьмухавец, cланечнік, лаванда і іншыя. Сярод гэтай вялікай разнастайнасці польская традыцыя выдзяляе набор з 5 зёлак, які прынята называць Zioła Matki Boskiej Zielnej. Лік 5, хутчэй за ўсё, адсылае да сімвалізму Ружанца. А самі 5 зёлак гэта рамонак — сродак супраць запаленняў, мята — супраць захворванняў страўніка, святаяннік — антыдэпрэсант, шалфей — антыперспірант, меліса — заспакаяльны сродак

У сучасных Польшчы і Літве Унебаўзяцце Найвяцейшай Марыі Панны — нацыянальнае свята, вольны ад працы дзень.

У Польшчы значэнне свята істотна ўзмацняецца яшчэ і тым, што гэта акурат угодкі славутага «Цуду над Вiслай».

У крытычны момант гісторыі, у 1920 годзе, польскае войска нанесла паражэнне Чырвонай Арміі пад Варшавай і тым выратавала краіну ад камуністычнай тыраніі акурат у дзень Маці Божай Зельнай. Гэта было ўспрынята вернікамі як несумненны цуд, як сапраўдная ласка Найсвяцейшай Панны. Таму у гэты дзень святкуюць таксама дзень Войска Польскага. І невыпадкова, напрыклад, што касцёл у Солах (Cмаргонскі раён), пасвячаны ў 1920-х гадах у гонар Маці Божай Ружанцовай, упрыгожаны ў тым ліку і фрэскай «Цуд над Вiслай». На ёй чырвонаармейцы ў паніцы бягуць прэч, на ўсход, ад пераможнага войска Рэчы Паспалітай, жаўнераў якога ачольвае ксёндз з высока ўзнятым над галавой Укрыжаваннем.

На Віленшчыне, асабліва ў літоўскай яе частцы, традыцыі «Зельнай» (па-літоўску Žolinė) дагэтуль трымаюцца даволі моцна. Фэсты збіраюць вялікія натоўпы людзей, пасля Імшы адбываюцца ўрачыстыя канцэрты, народныя гулянні, кірмашы зёлак і спадарожнай атрыбутыкі. У самой літоўскай сталіцы цэнтр свята — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якім апякуюцца мясцовыя францішкане.

У Беларусі звязаныя са святам звычаі яшчэ больш-менш жывыя ў Панямонні, у вясковых парафіях.

Але за дзесяцігоддзі атэістычнай прапаганды і адарванасці людзей ад хрысціянскіх і народных традыцый мала дзе святкаванне Зельнай мае характар і маштаб сапраўдных народных фэстаў. У гістарычнай аснове нядаўна адноўленай традыцыі «Фестывалю кветак» у Жалудку (Шчучынскі раён) ляжыць менавіта старажытнае каталіцкае свята. Тым больш, што і мясцовая парафія носіць гэты тытул — Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У нядзелю 15 жніўня парафія Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску робіць спробу адрадзіць, аднавіць гэтую традыцыю. Тут у 12.30 на палявым алтары побач з касцёлам адбудзецца ўрачыстая святая Імша, а пасля яе ўдзельнікаў чакае невялічкая лекцыя ад аўтара гэтага матэрыялу, міні-канцэрт гурта «Адзінства» і сюрпрыз ад пробашча.

Абноўлена 14.08.2021 13:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.