Пошук

21.07.2021 11:10   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота Вольгі Сяліцкай / Grodnensis.by

Адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі свой чарговы допіс у блогу прысвяціў Сусветнаму дню дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які ўпершыню ў гісторыі будзе адзначацца ў бліжэйшую нядзелю, 25 ліпеня.

Будучыня свету залежыць ад еднасці паміж маладымі і пажылымі

Дарагая моладзь, унукі і праўнукі!

Наступіла летняя пара, канікулы і адпачынак. Найчасцей гэты час у дзіцячыя гады і маладосці мы праводзілі ў бабулі і дзядулі, на вёсцы, на свежым паветры. Кожны з нас памятае дабрыню бабулі і яе бліны, а таксама павучальнае слова дзядулі з дотыкам спрацаванай рукі на плячы.

Памятаем мы і «алтарык», што ў пакоі каля ложка бабулі. Мноства абразікаў і пах свежых кветак. Доўгія «пацеры» бабулі і ўздыхі дзядулі пры малітве за ўнукаў. Што было б з намі, і якімі б мы былі сёння, калі б не іх хата, гасцінна адчыненая для нас летняй парой?

Як выглядала б нашае жыццё, калі б не іх малітва і жыццёвы прыклад? А як выглядаюць сёння яны самі — бабулі дзядулі, — тыя, што не могуць ужо самі хадзіць і прыгатаваць сабе ежу?..

Памятаеце, мы разважалі пра сувязь пакаленняў, што ў ёй — сіла народа. Вось, прыйшоў час, каб мы не толькі разважалі, але каб і святкавалі. 31 студзеня Папа Францішак абвясціў сваё рашэнне аб устанаўленні ў Касцёле Сусветнага дня дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які, пачынаючы з гэтага года, будзе адзначацца ў чацвёртую нядзелю ліпеня — бліжэйшую да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса Хрыста.

Чаму ж дзень пажылых людзей важны таксама для маладых? Вось што кажа пра гэта Святы Айцец: «Бабулі і дзядулі з’яўляюцца сувязным звяном паміж рознымі пакаленнямі і перадаюць моладзі жыццёвы досвед і веру».

Чаму гэтае свята важна для бабуль і дзядуль? Папа Францішак тлумачыць:

«Голас бабулі і дзядулі каштоўны, таму што ён спявае хвалу Богу і абараняе карані народаў. Бабулі і дзядулі нагадваюць нам, што старасць — гэта дар. Яго нельга баяцца, а трэба да яго рыхтавацца. Усе мы састарымся».

Дарагія сябры, гэты дзень — асабліва важны для бабуль і дзядуляў сустрэчай з унукамі — сустрэчай пакаленяў. Бабулі і дзядулі, якія стаяць перад унукамі, піша Пантыфік, «будуць марыць, а маладыя, чэрпаючы ў іх сілы, будуць ісці наперад».

На жаль, сёлета многія нашыя планы і надзеі перакрыжаваў каранавірус. Людзі сталі больш асцярожнымі і падазронымі. Многія ўжо больш за год не наведвалі адзін аднаго. Пра гэта таксама ведае Папа Францішак, ведае пра COVID-19 і яго наступствы. Таму ён кажа, што «больш небяспечнай пандэміяй, якая нясе спусташэнне свету, з’яўляецца адсутнасць любові і салідарнасці паміж пакаленнямі».

За Пантыфікам і я звяртаюся да вас, дарагія юнакі і дзяўчаты: наведайце старэйшых людзей. Незалежна ад таго, веруючыя яны ці не, маюць унукаў, а, можа, ужо і праўнукаў.

Дарэчы, Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў Лісабоне ў 2023 годзе, пройдзе пад дэвізам: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39). Да каго ж так спяшалася маладая Марыя? Яна пайшла адведаць сваю старэйшую сваячку Альжбету. Адведаць, каб ёй дапамагчы, каб падзяліць з ёю радасць, каб прынесці ёй вестку, што Пан з намі, што Ён сярод нас.

Сёлетні першы ў гісторыі Дзень пажылых людзей пройдзе пад дэвізам з Евангелля паводле Мацвея: «Я з вамі ва ўсе дні» (пар. Мц 28, 20).

Дарагія браты і сёстры, я заахвочваю вас і веру ў тое, што вы можаце зрабіць падарунак нашым бабулям і дзядулям: проста наведайце іх (канечне, захоўваючы неабходныя санітарныя прадпісанні).

Можа, з-за маскі на твары яны вас адразу і не пазнаюць, але тым большая будзе ваша ўзнагарода ў небе. Прыйдзіце 25 ліпеня разам з імі на святую Імшу, або на працягу дня прывядзіце іх у касцёл на асабістую малітву; прапануйце ім магчымасць прыняць сакрамэнт хворых, прыступіць да споведзі. Проста пабудзьцце з імі, падараваўшы ім ваш каштоўны час.

На гэты час міласэрнасці ва ўчынку благаслаўляю вас у імя Айца і Сына і Святога Духа.

P.S. Маю да вас прапанову. Калі ласка, калі будзеце наведваць вашых дзядуляў і бабуль, зрабіце з імі фотаздымак на памяць. Яны наўрад ці карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і, напэўна, не ўбачаць яго ў інстаграме, таму вы зробіце ім вельмі прыемна, калі раздрукуеце гэты здымак і ў наступны раз прыйдзеце з ім да іх у госці. Маленькі ўчынак можа стаць вялікім падарункам, калі ў яго ўкладзена сэрца.

Абноўлена 21.07.2021 11:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця