Пошук

01.04.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Езус ў сінагозе ў Назарэце. Абраз невядомага аўтара (1350 г.)

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Сёння публікуем заключнае біблійнае разважанне ў гэтым Вялікім посце.

Лк 4, 16–21

У пачатку сённяшняга Евангелля мы атрымліваем важныя звесткі пра Езуса Хрыста: «Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць».

Мы добра ведаем пра выхаванне Езуса і яго дзяцінства, якое прайшло ў Назарэце. Таму ўдакладненне пра Яго звычай наведваць сінагогу ў шабат з’яўляецца чарговым сведчаннем аб выкананні Хрыстом Закону і Прарокаў. Літаратурныя крыніцы і ўскосныя сведчанні, уключна з археалагічнымі, дазваляюць меркаваць, што і да, і падчас сваёй публічнай дзейнасці Езус наведваў сінагогі.

Сучаснікі Хрыста адзначалі, што Яго плашч меў «краі», — пра іх гаворыцца ў апавяданні пра жанчыну, якая цярпела на крывацёк. Калі Езус знаходзіўся ў натоўпе, жанчына «падышла ззаду і дакранулася да краю Ягонага плашча» (Мц 9, 20, пар. Лк 8, 44). Пазней евангеліст Мацвей кажа, што многія хворыя хацелі хоць бы «дакрануцца да краю плашча Ягонага» (Мц 14, 36). Грэчаскае слова κράσπεδον, якое перакладаецца ў Евангеллях як «край», мае шмат значэнняў і можа перакладацца таксама як «кутасікі», якія кожны прававерны габрэй павінен быў насіць у выглядзе аблямоўкі на чатырох рагах свайго верхняга адзення, што сведчыла пра асаблівую пабожнасць і вернасць закону Майсея (пар. Ліч 15, 38-39, Дрг 22, 12).

Езус прыйшоў у гэты свет, каб, абапіраючыся на Закон і Прарокаў, зберагчы чалавеку жыццё — не толькі фізічнае, але перш за ўсё духоўнае.

«Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (Мц 7, 12), — навучае Хрыстус.

Калі мы наследуем Хрыста ў сваім жыцці, Закон і Прарокі і для нас з’яўляюцца праводнымі і непарушнымі ўмовамі, бясспрэчным і безумоўным наказам, праяўленнем Божай волі на шляху нашага збаўлення. Гэтаму навучае нас Езус: «Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не знікне з закону, пакуль не збудзецца ўсё» (Мц 5, 18).

Сведчанне Хрыста выразнае і яснае, яно напоўнена міласэрнасцю і любоўю. Любоў — гэта дасканалае выкананне Закону, які скіроўвае чалавека да адкрыцця ў асобе Езуса Хрыста Месіі. Аб гэтай любові і аб сваёй місіі сведчыць і навучае Езус. Любоўю, у якой выконваюцца Закон і Прарокі, з’яўляецца Ён сам.

У назарэцкай сінагозе «Яму падалі кнігу прарока Ісаі». Езус стаў чытаць тое месца з кнігі, дзе прарок ад асобы Месіі вобразна кажа пра мэты і заданне Яго прыйсця ў гэты свет. Вуснамі прарока Езус кажа, што Ён пасланы Богам «абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім»: «Паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана». Габрэі не сумняваліся, што прароцтва гэтае датычыцца Месіі. Таму, калі Езус Хрыстус абвясціў, што «сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі», ім нічога не заставалася, як прызнаць Яго Месіяй.

І сапраўды, шмат хто быў гатовы прызнаць і прыняць Яго як Месію, слухаючы Яго вучэнне і ведаючы ды памятаючы пра ўчыненыя Ім цуды. Але сярод тых, хто знаходзіўся ў сінагозе, несумненна, былі і варожа настроеныя да Езуса кніжнікі і фарысеі, якія мелі скажонае ўяўленне пра асобу Месіі. Яны чакалі велічнага Валадара, правадыра нацыі, які перадасць яе пад уладу кніжнікаў ды фарысеяў і паставіць іх на чале кіравання не толькі свайго народу, але і ўсіх народаў свету.

Вучэнне Хрыста аб Валадарстве ўбогіх, вызваленні палонных, аб вяртанні зроку сляпым, свабодзе для спакутаваных ды скрушаных сэрцам было для іх непрымальным. Да таго ж і астатнія, хоць і захапляліся прамовамі Езуса, але, ведаючы Яго з дзіцячых гадоў як сына беднага рамесніка, ніяк не маглі прызнаць і ўбачыць у Ім Месію, а толькі дзівіліся Яго мудрасці і Яго словам.

Ніхто не мог паверыць, што ў гэты момант у маленькай сінагозе невялікага горада збываюцца словы вялікага Прарока.

Ніхто не мог паверыць Хрысту і адкрыць свае сэрцы для сапраўднай і збаўчай веры.

Прапаведуючы набліжэнне Божага Валадарства, Езус заклікае ўсіх да пакаяння і прызнання сваёй грэшнасці, заклікае аплакваць свае беззаконні і з пакорным сэрцам шукаць суцяшэння і збаўлення ў Богу.

Хрыстус прапаведуе вызваленне тым, хто, адчуваючы сябе ў палоне залежнасці ад зла, усведамляючы сваю духоўную слепату, будзе ўсклікаць аб вызваленні сваёй душы з цемры граху і няведання, каб праз дар веры ўбачыць Бога і Яго аздараўляльную ласку. Урэшце, Ён прапаведуе ўсім без выключэння «год ласкі Пана»: момант, які збываецца ў Ім самім, час суцяшэння (пар. Дз 3, 20; 2 Кар 6, 2), дні выратавання, калі «кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены» (Дз 2, 21).

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас ад імя рэдакцыі шчыра дзякуе ксяндзу Сяргею Сурыновічу за ахвярнасць і падрыхтоўку біблійных разважанняў на кожны дзень Вялікага посту і жадае радасных Велікодных святаў сярод вернікаў даручанай яго пастырскай апецы парафіяльнай сям'і.

Абноўлена 01.04.2021 08:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця