Пошук

23.02.2010 00:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 61, 1–3а. 6а. 8b–9

Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім і даць ім алей радасці замест суму

Чытанне кнігі  прарока Ісаі.

Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,
прапаведаваць вызваленне палонным
і вязням — свабоду;
абвяшчаць год ласкі Пана
і дзень помсты нашага Бога;
каб суцяшаць усіх засмучаных,
каб развесяліць тых, хто плача на Сіёне,
каб даць ім вянок замест попелу,
алей радасці замест суму,
вопратку хвалы замест духа маркоты.
Вы ж будзеце названыя святарамі Пана,
скажуць пра вас: яны слугі Бога нашага.
Так кажа Пан: Аддам ім узнагароду паводле вернасці
і заключу з імі вечны запавет.
Іх патомства будзе вядомым сярод народаў,
і паміж плямёнамі — іх нашчадкі.
Кожны, хто іх убачыць,
пазнае, што яны — патомствам, якое Пан благаславіў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 89 (88), 21–22. 25 і 27 (Р.: пар. 2а)

Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.

21. Знайшоў Давіда, слугу Майго, *
Я намасціў яго Маім святым алеем,
22. Рука моцы Маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо Маё яго падтрымае.

Рэфрэн:

25. З ім Мая вернасць і ласка, *
у Маім імені ўзвялічана яго моц.
27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і збаўлення майго скала.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Ап 1, 5–8

Учыніў нас валадарствам, святарамі для Бога і Айца

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Ласка вам і спакой ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і першага сярод зямных валадароў.

Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў, і ўчыніў нас валадарствам, святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на векі вечныя. Амэн.

Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто Яго працяў. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.

Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, –— які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
Іс 61, 1 (цыт. у: Лк 4, 18)
Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 4, 16–21

Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшоў Езус у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:
Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.

І, закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. І вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа