Пошук

31.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Юда атрымлівае плату за здраду. Фрагмент фрэскі. Мастак Джота дзі Бандонэ

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 26, 14–25

«Адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт», займае асаблівае месца ў чатырох Евангеллях з прычыны здрады: ён персанаж, які выдае Езуса Хрыста за трыццаць срэбранікаў (пар. Мк 14, 10–11; Лк 22, 4–5; Ян 12, 4).

Аб пакліканні Юды Іскарыёта ў Евангеллях нам не паведамляецца: яго імя толькі згадваецца ў пераліку апосталаў (пар. Мц 10, 4; Мк 3, 19; Лк 6, 16). Аднак можна меркаваць, што ён быў досыць яркай асобай, якая карысталася пэўнай павагай, бо яму была даручана адказная справа — захоўваць грошы супольнасці (пар. Ян 12, 6; 13, 29). У той жа час гэта можна разглядаць як знак асаблівай ўвагі да Юды самога Хрыста, які імкнецца ахінуць свайго вучня асаблівым даверам і праявамі любові.

Тым не менш, Юда выдае свайго Настаўніка. Гэты ўчынак не быў спантанным, яму папярэднічаў доўгі працэс — зло завалодвала апосталам.

Юда рэалізуе задуманае, якое нарастала ў ім на працягу доўгага часу своеасаблівай «пухлінай», што наўпрост было звязана з яго сумневамі і недаверам Настаўніку. У параўнанні з вучэннем Хрыста — недасяжным і абстрактным, далёкім і сумнеўным — каліта на яго шыі была цалкам рэальнай. Будучы адказным за матэрыяльнае дабро ў выглядзе канкрэтных манет, Юда мог іх прыўласціць, займець, мог узбагаціцца імі ўжо тут і цяпер, бо іх наяўнасць была відавочнай і канкрэтнай.

Калі Езус — Кароль, то дзе Яго моц і магутнасць? У чым заключаецца Яго Валадарства і ўлада, супрацьпастаўленая ў яго думках і планах рэальнай уладзе тых жа першасвятароў і іх мяшочкам са срэбранікамі, адзін з якіх, нават ў дробнай і нязначнай колькасці трыццаці, можа ўжо зараз, у гэты час і хвіліну стацца ягоным?

Зерне Хрыстовага Валадарства любові, праўды і еднасці ў Духу Святым не знайшло ўрадлівай глебы ў сэрцы Юды.

Ён не мог і не хацеў спасцігнуць логіку існавання ў Айцу і для Айца, логіку Евангелля Сына Божага Езуса Хрыста. Ён пагарджаў тым, каго не разумеў; ігнараваў таго, каму не паверыў; грэбаваў тым, каго не палюбіў, бо толькі любоў дазваляе сэрцу зразумець тое, чаго розум — пазбаўлены святла веры — не можа патлумачыць.

Юда, хоць і прабываў блізка да таямніцы Бога, утоенай у Хрысце, аднак не адчуў велізарнага багацця Божай ласкі. Патрабуючы эквівалентнай платы за свайго Настаўніка, ён сутыкаецца з неадпаведнасцю паміж чалавечай пажадлівасцю і карысцю і рэчаіснасцю дару Божай ласкі. Карысць і выгада асляпляюць у ім імкненне да пазнання праўды, ахінаюць яго ўнутраны свет змрокам. Ідучы за цемрай, трапляючы пад уладу зла, якое спрыяе ўкараненню ў яго сэрцы нізкіх пачуццяў і памкненняў, Юда робіць выбар: яго шлях — здрада Хрыста.

У Евангеллі ўчынак Юды апісваецца грэчаскім дзеясловам παραδιδόναι, літаральнае значэнне якога — «перадаваць каму-небудзь». Для маральнай ацэнкі ўчынку Юды гэты нюанс не мае вялікага значэння, аднак у больш шырокім кантэксце гэтае слова набывае цалкам тэалагічны змест і можа ўказваць на жаданне Езуса прыняць волю Бога Айца, на гатоўнасць да мукі і смерці на крыжы.

Езус «быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання» (Рым 4, 25), «той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з ім таксама ўсяго?» (Рым 8, 32); «і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20; пар. Эф 5, 2. 25).

Евангельскія згадкі, якія даюць маральную ацэнку ўчынку Юды, здзейсненаму свядома і дабравольна, адначасова ўказваюць на аб’ектыўны сэнс падзей, звязаных са збаўленнем чалавецтва ў перспектыве спрадвечнай Божай задумы і Божага плану.

Чарговым вобразам з сённяшняга Евангелля з’яўляецца пасхальная вячэра Хрыста з вучнямі. Менавіта ў гэты момант павінна адбыцца цудоўная перамена Любові, якая ў хуткім часе будзе прыбіта да дрэва крыжа. Сярод бясконцай велічы дару вучні нечакана чуюць словы: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. Вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: Ці не я, Пане?» У іх пытанні, скіраваным для выкрыцця іх саміх, праяўляецца незвычайная пакора, усведамленне сваёй слабасці і грэшнасці.

Між тым Юда не здольны прыняць праўду пра сябе самога. Ён упарта трымаецца цемры сваіх меркантыльных планаў і аблудных уяўленняў пра Настаўніка, не ўспрымаючы слова праўды, што папярэднічае рэалізацыі яго задумы, з’яўляецца своеасаблівым і, магчыма, апошнім заклікам Хрыста да навяртання: «Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне».

Пытанне Юды — ці не я, Раббі? — становіцца сігналам аб згубленай ім сувязі з аб'ектыўнай рэальнасцю: просты факт выкрыцця праўды ім не прыняты, праігнараваны, пазбаўлены зместу і ўсведамлення ў параўнанні з пытаннямі іншых апосталаў, адкрытых на Хрыста ў святле Яго праўды.

Адказ Хрыста лаканічны і дакладны: «Ты сказаў». Гэтыя словы Настаўніка ўказваюць на закаснеласць сэрца Юды, на яго духоўную слепату да праўды. Безумоўна, можна разглядаць розныя матывы і прычыны здрады Юды Іскарыёта, аднаго з апосталаў Хрыста, у тым ліку словы Настаўніка «не можаце служыць Богу і мамоне» (Лк 16, 13). Аднак праўда застаецца нязменнай. Ускосна яна сведчыць пра ўнутранае раздзяленне апостала-здрадніка: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць» (Мц 12, 25).

Падобны трагічны лёс ганебнага падзення і пагібелі чакае і апостала-здрадніка...

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.