Пошук

23.02.2010 00:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 50, 4–9а

Твару свайго не адвярнуў я ад зняваг і аплявання

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан Бог даў мне мову мудрых,
каб я ведаў, як словам
падтрымаць знясіленага.
Кожную раніцу Пан будзіць мяне,
абуджае слых мой,
каб я слухаў Яго, як вучань.
Пан Бог адкрыў вуха маё,
і я не запярэчыў, не адступіў назад.
Плечы свае я падставіў тым, хто б’е,
і шчокі свае тым, хто выдзірае бараду маю.
Аблічча свайго я не адвярнуў
ад зняваг і аплявання.
Пан Бог дапамагае мне,
таму я не саромеюся,
таму зрабіў я твар свой, як цвёрды камень,
і ведаю, што не зазнаю сораму.
Блізка той, хто мяне апраўдвае.
Хто ж захоча спрачацца са мною?
Станем разам! Хто мой абвінаваўца?
Няхай падыдзе да мяне!
Вось Пан Бог дапамагае мне!
Хто ж той, хто асудзіць мяне?

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 69 (68), 8–10. 21bcd–22. 31 і 33–34  (Р.: 14сb)

Рэфрэн: Пачуй мяне, Пане, у сваёй міласэрнасці.

8. Дзеля Цябе я цярплю знявагу, †
ганьба твар мой пакрыла. *
9. Я стаў чужым для братоў маіх,
чужынцам для сыноў маёй маці.
10. Бо руплівасць аб доме Тваім мяне з’ядае, *
і знявагі тых, хто Цябе зневажае, упалі на мяне.

Рэфрэн:

21. Чакаў я спагады, але не было яе, *
і суцяшальнікаў, але не знайшоў.
22. Яны клалі жоўць у маю ежу, *
а калі прагнуў, паілі мяне воцатам.

Рэфрэн:

31. Я буду славіць імя Божае, †
удзячным спевам буду ўзвялічваць Яго. *
33. Убачаць убогія і ўсцешацца,
і ажыве сэрца тых, хто Бога шукае.
34. Бо Пан слухае бедных *
і не пагарджае вязнямі сваімі.

Рэфрэн:
а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
 
Вітай, наш Валадар і Збаўца,
Ты адзіны злітаваўся над нашымі грахамі.

Або:

Вітай, Валадару наш, паслухмяны волі Айца,
як ціхае ягня, Ты пакорна згаджаешся на смерць.

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
аЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 26, 14–25

Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў і сказаў: Што хочаце мне даць, і я выдам вам Яго? Яны вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. І з таго часу ён шукаў нагоды выдаць Яго.
У першы дзень Праснакоў прыйшлі вучні да Езуса і сказалі Яму: Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе з’есці Пасху? Ён адказаў: Ідзіце ў горад да пэўнага чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе зраблю Пасху з вучнямі Маімі. Вучні ўчынілі так, як загадаў ім Езус, і прыгатавалі Пасху.

Калі ж настаў вечар, Ён узлёг за сталом з Дванаццаццю. І калі яны елі, сказаў: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне. І вельмі засмуціўшыся, яны пачалі казаць Яму адзін за адным: Але ж не я, Пане? А Ён сказаў у адказ:  Хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне. Сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага. Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца. Юда, які збіраўся Яго выдаць, сказаў у адказ: Але ж не я, Раббі? Езус кажа Яму: Ты сказаў.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця