Пошук

30.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Апошняя вячэра. Мастак Валянтэн дэ Булонь

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 13, 21–33. 36–38

Сённяшняе Евангелле канцэнтруе нашую ўвагу на драме, якая пачынаецца са здрады аднаго з вучняў Хрыста, а завершыцца Яго ўкрыжаваннем. «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне», — кажа Хрыстус, ужо ведаючы наперад, што адбудзецца.

«Вучні глядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, пра каго Ён кажа». Апостал Пётр, відавочна, сам не мог спытаць наўпрост у Хрыста. Павярнуўшыся да Яна, Пётр ківае яму, падаючы адмысловы знак-просьбу, каб той удакладніў. «Той жа прыпаў да грудзей Езуса і спытаў у Яго: „Пане, хто гэта?“ Езус адказаў: „Той, каму Я, абмакнуўшы, падам кавалак хлеба“. І, абмакнуўшы кавалак, падаў яго Юдзе Сымонаваму Іскарыёту».

Езус дае зразумець, хто Яго выдасць, але вучні ўсё ж не разумеюць, што драма разгортваецца ўжо зараз на іх вачах.

Падаючы Юду кавалак хлеба, Ён указвае канкрэтна на свайго здрадніка.

Што гэта быў за кавалак хлеба, евангеліст Ян не тлумачыць. Некаторыя экзэгеты мяркуюць, што гэта быў прэсны хлеб, памачаны ў соусе з горкіх траваў. Такое меркаванне цалкам верагоднае: гэтае дзеянне Езуса не было чымсьці незвычайным. Падчас застолля на ўсходзе гаспадар — а такім ў гэтым выпадку з’яўляецца Хрыстус — звычайна раздзяляў кавалкі хлеба і мяса паміж сваімі гасцямі, што было праявай асаблівай павагі да іх. Адсюль можна зрабіць яшчэ і такую выснову: Езус, прапаноўваючы кавалак хлеба Юдзе, да апошняга спадзяецца на яго навяртанне, жадае абудзіць у ім лепшыя пачуцці.

Апосталы ўспрымаюць словы Езуса, скіраваныя да Юды, як звязаныя з яго штодзённымі абавязкамі, як наказ, які трэба выканаць дзеля дабра супольнасці: «Паколькі Юда меў скарбонку, то некаторыя думалі, што Езус сказаў яму: „Купі, што нам трэба на свята“ або каб даў што-небудзь убогім». Аднак, словы Хрыста і сам жэст, напоўнены Божай любоўю, выклікае ў Юды адваротную рэакцыю: «Тады, пасля спажыцця кавалка, увайшоў у яго д’ябал. І сказаў яму Езус: „Што маеш рабіць, рабі хутчэй“».

З адыходам здрадніка, Езус Хрыстус бачыць сваю місію скончанай.

Сын Чалавечы, Месія, «цяпер уславіўся», але гэта яшчэ не вечнае ўслаўленне, а ўслаўленне шляхам прыняцця пакут і мучаніцкай смерці за ўсё чалавецтва. Апошняе кульмінацыйнае ўслаўленне, прадказанае прарокамі, будзе мець месца толькі ў будучыні, калі «Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго».

Паводле святога Кірыла Александрыйскага, «паўната хвалы Хрыстовай аб’явілася ў Яго муках за грахі свету». Называючы сябе «Сынам Чалавечым», Езус сведчыць сваім вучням, што праз муку і смерць на крыжы Ён прадстаўляе ўсё чалавецтва з яго грахамі і слабасцямі перад Божым правасуддзем і, дзякуючы прыняццю Ім Божай волі, праз пакуты і ганебную смерць на крыжы таксама ўслаўляе ўсё чалавецтва.

Езус кажа: «Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Будзеце шукаць Мяне, але як сказаў юдэям, так і вам кажу цяпер: куды Я іду, вы пайсці не можаце». Называючы сваіх вучняў грэчаскім словам τεκνία, што літаральна перакладаецца як «дзеткі», як звычайна бацька звяртаецца да сваіх любімых дзяцей, Езус указвае, што шлях да ўслаўлення ідзе праз пакуты і нават смерць. Гэты выраз таксама ўказвае на любоў Бога да нас, Яго дзяцей, на шляху драмы развітання з Хрыстом, Яго адыходу з гэтага свету, што адбудзецца неўзабаве.

Размова Езуса з апосталам Пятром, які цяпер ужо разумее, што Настаўнік кажа пра свой адыход, і пытаецца наўпрост «Пане, куды Ты ідзеш?», нагадвае дыялог, змешчаны ў Евангеллі паводле Лукі (пар. Лк 22, 31–34). Апостал Пётр у абодвух выпадках пацвярджае сваю гатоўнасць аддаць жыццё за Хрыста: «Пане, чаму я не магу цяпер пайсці за Табою? Жыццё сваё аддам за Цябе». У іншым месцы ён запэўнівае, што ніколі не адрачэцца ад свайго Настаўніка (пар. Мк 14, 27–31); аднак Пётр яшчэ не разумее, што Хрыстус кажа пра сваю муку і смерць на крыжы.

У эмацыйным парыве Пётр нібы гатовы ўжо цяпер аддаць сваё жыццё за Езуса. Але Хрыстус ведае чалавека і ўсю праўду пра яго.

Ведае, як даспявае ў чалавечым сэрцы вера і гатоўнасць пайсці за Ім да канца, таму кажа: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не праспявае, як ты тройчы адрачэшся ад Мяне».

Вернасць Хрысту і Яго вучэнню — найбольшая каштоўнасць для хрысціяніна, якую можна разглядаць як своеасаблівую місію і заданне для кожнага з нас ад самога Бога. Быць «адважнымі і альтэрнатыўнымі свету, не становячыся пры гэтым палемічнымі і агрэсіўнымі», заклікае нас таксама Папа Францішак (Ватыкан, «Анёл Панскі» 23 кастрычніка 2016 г.), указваючы на значэнне задання быць «місійнымі вучнямі, каб несці пасланне збаўлення ўсёй чалавечай сям’і».

Абноўлена 30.03.2021 07:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця