Пошук

29.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Марыя Магдалена каля ног Хрыста. Мастак Якаб Андрэс Бешэй

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 12, 1–11

Слухаючы сённяшні евангельскі ўрывак, мы становімся сведкамі вячэры, якая была прыгатавана для Езуса ў доме пракажонага Сымона ў Бэтаніі, пра што ўзгадваецца ў іншым Евангеллі паводле святога Мацвея (пар. Мц 26, 6). Па ўсёй верагоднасці, Хрыстус прыходзіць з Ерыхона, дзе Ён наведаў дом Закхея (Лк 19, 5). Ад Ерыхона да Бэтаніі было хады каля шасці гадзін.

З евангельскага тэксту мы даведваемся, што на вячэру быў запрошаны Лазар, якога Езус уваскрасіў, і сястра яго Марта: «Прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале». Евангеліст зноў выразна супрацьпастаўляе Марыю Марце. Пакуль Марта клапоціцца пра тое, каб на стале было ўсяго даволі, Марыя «ўзяла фунт каштоўнага пахучага алею з сапраўднага нарду і намасціла Яму ногі, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя».

Паводле габрэйскіх нормаў прыстойнасці, жанчыне забаранялася з’яўляцца з непакрытай галавой у таварыстве мужчын.

Марыя ж нават распускае свае валасы, каб абцерці імі ногі Хрыста, паўтараючы жэст жанчыны-грэшніцы, зроблены некалі ў адносінах да Хрыста (пар. Лк 7, 38).

Не менш уражвае і тое, чым яна намашчае ногі Хрыста: фунт (337,5 гр.) нарду быў сапраўдным скарбам. Невялікі сасуд нарду каштаваў больш за 300 дынараў. Гэтая сума складала гадавы заробак звычайнага чалавека. Зразумела, што жэст памазання ім Езуса Хрыста прыцягнуў увагу прысутных і нават выклікаў крытычныя заўвагі Юды Іскарыёта (пар. Мк 14, 3–5).

«Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім? А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў тое, што туды кідалі». Юда, які сярод апосталаў быў адказным за каліту — скрыню з ахвяраваннямі для ўбогіх, — клапоціцца перш за ўсё пра сябе. Выкарыстаны ў гэтым тэксце грэчаскі дзеяслоў ἐβάσταζεν выразна ўказвае на тое, што ён не столькі «забіраў тое, што туды кідалі» для бедных, але літаральна «выносіў» ці прыўлашчваў.

Чаму Езус даверыў каліту Юду, калі евангельскія тэксты сведчаць пра несумленнае выкананне Юдам задання Хрыста, а таксама пра злоўжыванні гэтага вучня, які збіраўся выдаць свайго Настаўніка? Вельмі верагодна, што гэта была праява асаблівага даверу, праз які Хрыстус жадаў спраўдзіць сваю любоў да Юды. Але давер Настаўніка не стаў для Юды падставай для навяртання і змены жыцця і яго схільнасцяў: ён ужо занадта прывязаўся да грошаў і таму злоўжыў спрыяннем і прыхільнасцю Хрыста.

Пратэст Юды ў сённяшнім Евангеллі з’яўляецца праявай аблуднага стаўлення любога чалавека, які «прыўлашчвае» належнае іншым, не ўсведамляючы місіі служэння бліжнім ці ўбогім, даверанай Хрыстом. Ён прыўлашчвае сродкі, якія ніякім чынам яму не належаць, але з’яўляюцца выключна падставаю і магчымасцю выканання задання Хрыста.

Падобны пратэст — скарга тых, хто жадае прыўласціць сабе неналежнае, на тых, хто імкнецца зрабіць усё магчымае ўласнымі сіламі і сродкамі, кіруючыся натхненнем Святога Духа.

Марыя намасціла ногі Езусу і абцёрла сваімі валасамі, бо лічыла, што гэта менавіта тое, што яна павінна зрабіць. Гэты ўчынак, натхнёны вялікай шчодрасцю, з’яўляецца не чым іншым як актам любові да Хрыста, і, як кожны акт любові, яго цяжка зразумець тым, хто блытае любоў з самалюбствам і ўласнай выгодай.

Ведаючы аб сваёй смерці на крыжы, Езус патрабуе паслугі Марыі, а сказаныя Ім калісьці словы — «што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі» (Мц 25, 40) — набываюць у гэты момант адваротнае прачытанне, дзе менавіта Ён мае патрэбу ў міласэрнасці і ў тым, каб чалавек паслужыў Яму.

Езус звяртаецца да Юды: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце». Такім чынам Езус стрымлівае яго прэтэнзіі, указваючы на дзень свайго пахавання, калі Марыі трэба будзе, паводле звычаю, намасціць усё цела Хрыста.

Місія служэння ўбогім будзе трываць надалей, але ў гэты час Хрыстус сам меў патрэбу ў міласэрнасці.

Нягледзячы на тое, што «мноства народа з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых», павялічваецца азлобленасць першасвятароў і жаданне забіць не толькі Хрыста, але і Лазара, «бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса».

Служэнне Хрыста стала выразным знакам для многіх, хто Яго слухаў, хто бачыў на свае вочы Яго ўчынкі. Гэтае служэнне спрыяла навяртанню, пашыраючы жывое сведчанне пра Яго, асабліва праз жыццё, напоўненае ахвярнай любоўю і ўзрастаннем у веры. Але і выклікала ў многіх заўзяты супраціў і злосную крытыку, непрыхаванае жаданне Яго смерці.

Абноўлена 30.03.2021 07:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа