Пошук

23.02.2010 00:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 42, 1–7

Не будзе крычаць і на вуліцы не будзе чутна голасу Яго

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Гэта кажа Пан:

Вось слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і  не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючага кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Так гаворыць Пан Бог,
які стварыў нябёсы і прастору,
які ўмацаваў зямлю і тое, што выходзіць з яе,
даючы жыццё народу, які на ёй,
і дух тым, хто па ёй ходзіць.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 27 (26), 1. 2. 3. 13–14  (Р.: 1а)

Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.
1. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?

Рэфрэн:

2. Калі злачынцы пойдуць супраць мяне, *
каб знішчыць цела маё,
яны самі, мае ворагі і непрыяцелі, *
спатыкнуцца і ўпадуць.

Рэфрэн:

3. Калі выступіць супраць мяне войска, *
не спалохаецца маё сэрца;
калі ўздымецца супраць мяне бітва, *
і тады я буду спадзявацца.

Рэфрэн:

13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.

Рэфрэн:

a

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.

Вітай, наш Валадар і Збаўца,
Ты адзіны злітаваўся над нашымі грахамі.

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 12, 1–11

Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

За шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Езус уваскрасіў. Прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале. Марыя ж узяла фунт каштоўнага пахучага алею з сапраўднага нарду і намасціла Яму ногі, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. І ўвесь дом напоўніў пах алею. Сказаў тады Юда Іскарыёта, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго: Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім? А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, але таму, што быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў тое, што туды кідалі. Сказаў яму Езус: Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце.

І шмат хто з Юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшоў не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара, бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця