Пошук

27.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Рада першасвятароў. Мастак Джэймс Цісо

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 11, 45–57

Уваскрашэнне Лазара, пра якое мы можам даведацца з вершаў, што папярэднічаюць сённяшняму Евангеллю, паспрыяла нараджэнню веры ў Хрыста ў шматлікіх юдэяў. Натоўпы людзей, што прыйшлі ў Бэтанію і сталі сведкамі здзейсненага Езусам, надалей чакалі знакаў, бо знак боскай моцы Збавіцеля, здзейснены Хрыстом, быў надзвычай выразны і пераканаўчы.

Гэта занепакоіла першасвятароў і фарысеяў, якія «сабралі Высокую раду і сказалі: Што нам рабіць, бо гэты чалавек робіць шмат цудаў? Калі пакінем Яго так, то ўсе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ» (Ян 11, 47–48).

З размоваў удзельнікаў Сінэдрыёну вынікае, што кіруючая роля належала першасвятарам, інакш кажучы, кіраўнікам святарскай супольнасці. Справа Хрыста абмяркоўвалася Вышэйшай радай выключна з палітычных прычын і ў рэчышчы ўласнай карысці.

Прыкрываючыся клопатам пра народ, які могуць знішчыць рымляне, першасвятары выдаюць непрыхаваную боязь страціць сваю ўладу і ўплыў на грамадства.

Гэтая боязь мацнейшая за жаданне кіравацца прынцыпамі справядлівага суду, мацнейшая за здольнасць, слухаючы сведчанні людзей пра цуды Езуса, прызнаць доўгачаканага Месію ў Яго асобе.

«А адзін з іх, Каяфа, які быў у той год першасвятаром, сказаў ім: Вы нічога не разумееце і не думаеце, што карысней вам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў!».

Каяфа стаў адважным вырашальнікам лёсу (пар. Мц 26, 3; Лк 3, 2). Хаваючы асабістыя матывы свайго рашэння, ён прамаўляе, кіруючыся нібыта выключна агульнадзяржаўнымі інтарэсамі: дзеля ўсіх трэба хутчэй скончыць з Хрыстом — вось асноўная думка Kаяфы. Але паглядзім, на што звяртае ўвагу евангеліст: «Сказаў ён гэта не ад самога сябе, але, будучы ў той год першасвятаром, прарочыў, што Езус памрэ за народ, і не толькі за народ, але і за тое, каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно».

Пастанова аб смяротным пакаранні Хрыста, прынятая Сінэдрыёнам, была адзінагалоснай: «З гэтага дня вырашылі забіць Яго». Езус пакідае Бэтанію, «ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вучнямі».

Эфраім у гэтым кантэксце набывае значэнне як месца ўкрыцця Хрыста ад небяспекі пераследу і смерці, так і месца Яго ўнутранага разважання і падрыхтоўкі да кульмінацыйнай падзеі Ягонай місіі ў вызначаны час.

«Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: “Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?” А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго».

«Пошук Езуса», як вынікае з апошніх вершаў сённяшняга Евангелля, мае ў сабе розныя мэты і намеры. Падобнае адбываецца і сёння, калі пошук Хрыста звязаны не з жаданнем пазнаць праўду ў Божым святле, а дзеля рэалізацыі ўласных намераў, меркаванняў, прагненняў.

Мы шукаем Бога ў сваім жыцці не дзеля таго, каб жыць Ім, але дзеля таго, каб мець на ўсялякі выпадак своеасаблівы «талісман», што гарантаваў бы нам жыццёвы поспех, апраўдваў бы нязгодныя з Божай воляй і навукай учынкі, маральныя і этычныя злоўжыванні і ліхадзействы.

Мы хочам знайсці і мець памяркоўнага Хрыста, адкрытага для пастаянных кампрамісаў з нашым сумленнем у імя нашага ўласнага спакою і камфорту.

Мы імкнемся займець Хрыста з нагоды таго ці іншага свята ў выглядзе аплаткі, свечкі, благаслаўлёнай вады, хочам упрыгожыць Ім наш стол, нашую ялінку, нашае дзіця падчас хросту, Першай Камуніі, канфірмацыі... але не змяніць радыкальна сваё жыццё праз унутранае навяртанне і крочанне за Ім, праз вернасць Яму ажно да канца. Як сцвердзіў Папа Францішак на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 6 чэрвеня 2018 года, сэнс у тым, каб чэрпаць з Езуса і Яго сэрца духоўны пасілак і напой для жыцця, насычацца Хрыстом, станавіцца новымі людзьмі, да глыбіні душы перамененымі Божай любоўю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа